Гістарычны слоўнік беларускай мовы

«Гістарычны слоўнік беларускай мовы» — шматтомнае акадэмічнае выданне, збор размешчаных у алфавітным парадку слоў, дзе раскрываецца значэнне, уласцівае ім у пэўны храналагічны перыяд. Крыніцай лексічнага матэрыялу для слоўніка паслужыла пісьменнасць, створаная беларускім народам на працягу яго гісторыі. Слоўнік максімальна поўна адлюстроўвае склад, стан, якасць беларускай лексікі ХІV — ХVІІІ стагоддзяў. Уключае 37 выпускаў. Выданне завершана ў 2017 годзе.

Гістарычны слоўнік беларускай мовы
Гістарычны слоўнік беларускай мовы
Жанр акадэмічнае выданне

Перадгісторыя

правіць

Першая спроба выдання гістарычнага слоўніка беларускай мовы адносіцца да 1860-х гг. — мовазнавец Іван Насовіч падрыхтаваў такі слоўнік («Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў…»), але той не быў выдадзены.

Аб патрэбе выдання спецыяльнага слоўніка старабеларускай мовы шмат казаў мовазнавец Яўхім Карскі. Ён прапаноўваў прааналізаваць найважнейшыя дакументы і літаратуру XIII—XVIII стагоддзяў і параўнаць з лексікай украінскай і польскай мовы адпаведнага перыяду. Аднак праз вялізны аб’ём працу ўсё адкладалі.

Ізноў гэта пытанне ўзняла слоўнікавая камісія Інстытута беларускай культуры. Распачаць працу вырашылі ў 1927 годзе. На руках у навукоўцаў тады было 20 старажытных пісьмовых крыніц, але яны разлічвалі падчас падрыхтоўкі слоўніка адшукаць новыя дакументы. Але пачаліся 1930-я, рэпрэсіі, і справу ў чарговы раз давялося адкласці.

Падрыхтоўка і выданне

правіць

Праца над слоўнікам была пачатая ў створаным у пач. 1950-х гг. у аддзеле гісторыі беларускай мовы Інстытуту мовазнаўства АН БССР. Першы этап працы над слоўнікам працягваўся 12 гадоў. Вынікам стала вызначэнне крыніц, храналагічных межаў, выпрацоўка прынцыпаў напісання слоўніка і стварэння картатэкі.

У 1960 былі абмеркаваны агульныя прынцыпы стварэння слоўніка і пачатая падрыхтоўка спецыяльнай картатэкі пад назвай «Слоўнік помнікаў старабеларускай пісьменнасці XIV—XVIII стагоддзя». Праца адбывалася пад кіраўніцтвам А. І. Жураўскага, тады загадчыка аддзела, і была скончана ў 1972; картатэка на 1994 налічвала 1 млн. 60 тыс. картак. Непасрэдная работа па падрыхтоўцы слоўніка была пачатая ў 1973.

У выніку ў слоўнік увайшла старабеларуская лексіка XIV—XVIII стагоддзяў, якая сустракалася ў свецка-мастацкіх, рэлігійных і дзелавых пісьмовых крыніцах. Большасць вывучаных дакументаў адносяцца да канца XV — сярэдзіны XVII стагоддзя.

На працягу 1982—2010 пад рэдакцыяй акадэміка А. М. Булыкі выйшлі 30 выпускаў-тамоў з запланаваных 40 (30-ы на словы Ралецъ — Рушать); з іх 13 (аб’ёмам па 20 аркушаў) — да 1994, 25 — да 2006. Тыраж 30-га тому 400 экз. У 2017 годзе выйшаў заключны, 37 выпуск, і ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася прэзентацыя «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы»[1].

Навуковая супольнасць

правіць

Над напісаннем слоўнікавых артыкулаў працавалі Іван Крамко, Аляксандр Булыка, Зофія Турцэвіч, Валянціна Мяснікова, Рэгіна Гамзовіч і многія іншыя мовазнаўцы. Рэдактарамі слоўніка былі дактары філалагічных навук, прафесары, члены-карэспандэнты НАН Беларусі Аркадзь Жураўскі (выпускі 1 — 14) і Аляксандр Булыка (выпуск 1 — 37).

У «Гістарычным слоўніку беларускай мовы» змешчана больш за 75 тысяч слоў, зафіксаваных у летапісах, статутах, хроніках, рыцарскіх раманах, мемуарных, публіцыстычных творах ХІV — ХVІІІ стагоддзяў. Прадстаўлена лексіка Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Фёдара Еўлашоўскага, Мацея Стрыйкоўскага, Іпація Пацея, Пятра Скаргі і інш.

Кожны слоўнікавы артыкул змяшчае загаловачнае слова, яго граматычную характарыстыку, азначэнне, прыклады з помнікаў пісьменнасці. Прыклады выбраны з такім разлікам, каб паказаць ужывальнасць лексемы ў тэкстах рознай жанравай прыналежнасці, рознага храналагічнага перыяду (сярод крыніц пераважаюць помнікі ХVІ — ХVІІ стагоддзяў). Прадстаўлены ў слоўніку мнагазначныя словы, словыамонімы, устойлівыя выразы.

Ацэнкі

правіць

Загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Наталля Паляшчук заўважыла:[1]

 

Праз гэту лексіку мы адкрываем асаблівасці менталітэту і веравызнання нашых продкаў, іх этычныя арыенціры і прыярытэты.

 

Навуковая супрацоўніца аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства Ганна Федарэнка адзначае, што некаторыя словы можна вярнуць у мову — выкарыстоўваць, напрыклад, у найменні кампаній, тавараў, паслуг, прадуктаў харчавання[2].

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Булыка А. М. Шляхі слова — шляхі народаў // Наша слова, № 6, 1994.
  • Шамякіна М. У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі // Полымя № 10, 2005. С.138—151