Гісторыя Антыгуа і Барбуды

Антыгуа і Барбуда — астраўная дзяржава ў Вест-Індыі. Яе гісторыю, як і гісторыю яе суседзяў, можна падзяліць на тры этапы: вельмі доўгі дакалумбавы (да 1493), працяглы еўрапейскай каланізацыі (да 1981) і кароценькі этап незалежнацсі

Дакалумбавы этап

правіць

Самае старое знойдзенае паселішча археолагі датуюць 3100 да н.э. Гэта былі першыя жыхары Антыльскіх астравоў сібанеі. Яны насялялі астравы доўгі час, пакуль не былі выцесненыя аравакамі, што прыйшлі ланцужком астравоў з ніжняй Арынока. Паўднёваамерыканскія індзейцы прынеслі з сабою земляробчыя веды і вырошчвалі кукурузу, салодкую бульбу, гуаву, тытунь а таксама знакаміты антыгуанскі чорны ананас. Яны былі выдатнымі маракамі і іх лёгкія чоўны перадольвалі сотні кіламетраў Карыбскага мора і Атлантыкі. Каля 1100 н.э. большасць аравакаў пакінула астравы. Тыя, хто застаўся, былі зваяваны карыбамі, ператвораны ў рабоў і нават з'едзены. Магчыма, плямёнаў, што насялялі астравы напярэдадні каланізацыі, было і болей, аднак еўрапейцы таго часу не вельмі цікавіліся этнаграфіяй.

Еўрапейская каланізацыя

правіць
 
Рабы саджаюць цукровы трыснёг, в.Антыгуа. У.Кларк, 1823.

І Антыгуа і Барбуда былі адкрыты Х. Калумбам у 1493 годзе падчас трэцяга падарожжа. Іспанскія пасяленні праіснавалі тут нядоўга, не затрымаліся на астравах і французы. У 1632 Антыгуа, а праз 34 гады — Барбуда, былі каланізаваны Вялікабрытаніяй. Найбуйнейшымі землеўладальнікамі былі Кадрынгтаны (у свой гонар яны назвалі галоўны горад Барбуды), якія валодалі Барбудаю, а на Антыгуа мелі цукровныя плантацыі, для якіх з 1685 года пачалі завозіцца афрыканскія рабы. Рабства праіснавала на астравах да 1834 г. Еўрапейскія і афрыканскія хваробы (самым вялікім забойцам, верагодна, была воспа), недаяданне і рабства ў канчатковым выніку забілі большую частку карэннага насельніцтва Карыбскага мора, таму большасць жыхароў краіны сёння цемнаскурая.

Незалежная дзяржава

правіць

У 1958 Антыгуа і Барбуда ўвайшлі ў Вест-Індскую федэрацыю, з 1962 – асобнае валоданне Вялікабрытаніі, з 1967 – «асацыяваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». У 1977 г. Антыгуа і Барбуда падпісалі з ЗША дамову, згодна з якой ЗША захоўваюць вайсковыя базы на тэрыторыі краіны. 1 лістапада 1981 абвешчаная незалежнасць. Сучасная гісторыя Антыгуа і Барбуды спакойная і павольная, калі не лічыць трапічных ураганаў, такіх як Ірма, што ў 2017 знішчыла 95 % пабудоў на востраве Барбуда, а большая частка насельніцтва загадзя была эвакуявана на Антыгуа.