Дактрына Гальштэйна

Дактрына Гальштэйна (ням.: Hallstein-Doktrin) — знешнепалітычная дактрына, якая праводзілася урадам ФРГ з 1955 па 1970 год, накіраваная на ізаляцыю ГДР на міжнароднай арэне.

Дактрына Гальштэйна была прынятая па прапанове дзяржаўнага сакратара Міністэрства замежных спраў ФРГ Вальтэра Гальштэйна на нарадзе паслоў Заходняй Германіі 8-9 снежня 1955 года, якая адбылася ў Боне. Яе асноўныя палажэнні былі сфармуляваны Вільгельмам Грэвэ[1], які з’яўляўся кіраўніком палітычнага аддзялення пры Міністэрстве замежных спраў ФРГ, у верасні 1955 года. Сутнасць гэтай дактрыны заключалася ў тым, што з гэтага часу ФРГ падтрымлівала і ўсталёўвала дыпламатычныя адносіны толькі з тымі краінамі, якія не мелі дыпламатычных адносін з ГДР. Устанаўленне дыпламатычных адносін з ГДР з гэтага часу разглядалася Бонам як недружалюбны крок і вяло да разрыву адносін з гэтай краінай. Адзіным выключэннем, якое дапускалася дактрынай Гальштэйна, быў СССР — у сувязі з важнасцю падтрымкі адносін для ФРГ з гэтай дзяржавай.

Дактрына Гальштэйна не раз падвяргалася крытыцы ўнутры палітычнага кіраўніцтва Заходняй Германіі, у прыватнасці ў канцы 1950-х гадоў, калі вызначаўся пэўны станоўчы зрух у адносінах ФРГ з сацыялістычнымі Польшчай і Венгрыяй. Канкрэтна ж гэтая палітыка знайшла прымяненне двойчы: ФРГ разарвала дыпламатычныя адносіны з Югаславіяй у кастрычніку 1957 года пасля ўсталявання апошняй дыпадносін з ГДР, і ў студзені 1963 года пайшла на аналагічны крок у дачыненні да Кубы.

У 1967 годзе Заходняя Германія вымушана была звузіць дзеянне дактрыны Гальштэйна, выключыўшы з яе дзеяння сацыялістычныя краіны, усталяваўшы дыпадносіны з Румыніяй і аднавіўшы адносіны з Югаславіяй. Пасля араба-ізраільскай вайны 1967 года, калі ўрад ГДР заняў бескампрамісную антыізраільскую пазіцыю, на Блізкім Усходзе паднялася хваля прызнання Усходняй Германіі (прыклад падаў Ірак, які ўсталяваў дыпадносіны з ГДР у 1968 годзе). У гэтых умовах Міністэрства замежных спраў ФРГ у лютым 1970 года абвясціла аб спыненні дзеяння дактрыны Гальштэйна. У 1972 годзе было падпісана пагадненне аб урэгуляванні адносін паміж ФРГ і ГДР. У верасні 1973 года абедзве дзяржавы былі прыняты ў ААН. Да красавіка 1974 года ГДР была прызнана больш чым 100 дзяржавамі.

Заўвагі правіць

  1. Wilhelm Grewe Jede Anerkennung der «DDR» ein unfreundlicher Akt Архіўная копія на Wayback Machine. // Bulletin des Presse- und Informationsamtes der Bundesregierung, 13.12.1955, No 233, pp. 1993-1994

Літаратура правіць