Даніла Віктаравіч Бандарук

Даніла Віктаравіч Бандарук (нар. 6 мая 2000) — палітычны зняволены, абвінавачаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Даніла Віктаравіч Бандарук
Род дзейнасці палітычны вязень
Дата нараджэння 6 мая 2000(2000-05-06) (23 гады)
Месца нараджэння

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 6 мая 2000 у Брэсце. Старэйшы з васьмярых дзяцей у шматдзетнай сям’і. Пасля школы вучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы прыборабудавання, далей каб дапамагчы бацькам з’ехаў у Мінск, дзе працаваў на кладцы тратуарнай пліткі.

Хрысціянскі вернік. Грае на піаніна. З СІЗА і калоніі дасылае малюнкі і вершы, у якіх спрабуе выказаць свой боль, асэнсаваць тое, што з ім адбылося[1].

Палітычны пераслед правіць

Даніла Бандарук быў затрыманы 22 жніўня 2020 года па абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых беспарадках») і ч. 1 арт. 339 КК («Хуліганства», па версіі пракуратуры, 9 жніўня ён ударыў рукой па грузавым аўтамабілі МАЗ і разбіў бакавое люстэрка) за падзеі 10 жніўня 2020 года ў Брэсце, быў змешчаны ў СІЗА-7 у Брэсце.

29 сакавіка 2021 года сумеснаю заяваю беларускіх праваабарончых арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінскі камітэт і Беларускі ПЭН-цэнтр, Бандарук разам з іншымі быў прызнаны палітычным зняволеным. У заяве адзначаецца, што «дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам»[2].

7 красавіка 2021 у судзе Маскоўскага раёна Брэста пачаўся разгляд судовай справы супраць ужо другой «партыі» берасцейцаў (агулам тым разам судзілі 13 чалавек). Даніла Бандарук, яго стрыечны брат Марк Салонікаў, Віталія Бандарэнка (адзіная дзяўчына сярод больш, чым 80 чалавек, якіх абвінавацілі па пратэстах у Брэсце пасля выбараў у жніўні 2020) віну не прызналі. Пацярпелымі па справе было прызнана 19 чалавек, усе яны адмовіліся ад пазоваў аб кампенсацыі маральнай або маёмаснай шкоды да абвінавачаных[3].

На судовым допыце 16 красавіка Даніла засведчыў, што яго збівалі для атрымання неабходных сведчанняў: «калі супрацоўнікі затрымалі мяне разам з Маркам на працы, яны везлі нас у маршуртцы і збівалі. У мяне нават ёсць фатаграфія з апухлай шчакой і пашкоджаннямі рукі. У той момант яны прымусілі нас даць тыя паказанні»[4]. Таксама былі агучаны вынікі экспертызы відэа, на якім быў момант, дзе нібыта Даніла збівае люстэрка на аўтазаку: эксперты паказалі, што няма доказаў таго, што на відэа менавіта Даніла[1]. Але гэтыя і іншыя сведчанні не былі прыняты судом да ўвагі.

У выніку 21 мая суддзя Андрэй Грушко асудзіў 11 палітвязняў на тэрміны ад 3,5 да 5 гадоў калоніі, дваіх непаўнагадовых — да 3 гадоў выхаваўчай калоніі. З гэтай партыі асуджаных Даніла Бандарук атрымаў найвялікшы тэрмін — 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама абвінавачаныя павінны сплаціць у роўных долях кампенсацыю ў памеры каля 24 тысячы рубёў (на карысць УУС Брэстаблвыканкама; Дэпартамента аховы МУС; КУП Брэсцкае ДЭП; КУП «Камунальнік»; КУП «Брэсцкі грамадскі транспарт»; пацярпеламу Лычко)[4].

Бандарук утрымліваўся ў СІЗА № 7 у Брэсце, пасля прысуду пераведзены ў папраўчую калонію № 2 у горадзе Бабруйск.

Зноскі

Спасылкі правіць