Дзяржынскі гісторыка-краязнаўчы музей
Дзяржынскі гісторыка-краязнаўчы музей — музей, заснаваны ў г. Дзяржынск у 1985 годзе. У аснову музея леглі дакументы і матэрыялы, якія збіралі з 1963 г. вучні сярэдняй школы № 3 пад кіраўніцтвам дырэктара школы, у далейшым першага дырэктара музея І.І.Лысака. Адкрыты для наведвальнікаў 6 лістапада 1987 г. Да 2005 г. музей з'яўляўся структурным падраздзяленнем аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама, 16.11.2005 г. рэфармаваны ў дзяржаўную ўстанову з сучаснай назвай. З 1988 г. дырэктар В.Ф.Чарненка.
Дзяржынскі гісторыка-краязнаўчы музей | |
---|---|
Заснаваны | 1985 |
Месцазнаходжанне | |
dzikm.museum.by |
Асноўны фонд музея (2008) налічвае 5985 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 3499 адзінак Агульная плошча музея 530 м², плошча экспазіцыі 276 м². Асноўная экспазіцыя размешчана ў 6 залах: З гісторыка-краязнаўчых, зале прыроды, выставачнай і лекцыйнай.
У фондах музея больш за 20 калекцый: нумізматыка, жывапіс і графіка, дакументы, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, друкаваныя выданні, рукапісы, археалогія, баністыка, фалерыстыка, зброя, адзенне, музычныя інструменты, прадметы этнаграфіі і побыту, фотадакументы, іканапіс, кераміка, сцягазнаўства, народнае мастацтва, плакаты, матэрыяльныя помнікі, філакартыя, прадметы рэлігійнага ўжытку. Найбольш цікавымі музейнымі прадметамі з'яўляюцца: кіепадобная шпілька 2 — 3 чвэрці 1-га тыс. н.э., знойдзеная пры раскопках ва ўрочышчы Кальвіншчына ў 1995 г., манетны скарб 16 — 17 ст., «Земледельческий журнал» 1840 г., «Гісторыя лейб-гвардыі сапёрнага батальёна 1812 — 1852 гг. з планамі і малюнкамі» 1852 г., звон 1802 г., знойдзены пры будаўніцтве дарогі, грамафон канца 19 ст., малыя скульптуры «Пустэльнік» і «Летапісец» В.Чарнабрысава, калекцыя рускіх абразоў 19 ст. і інш.