Другая канферэнцыя Абласнога саюза РСДРП Літвы і Беларусі

Другая канферэнцыя Абласнога саюза РСДРП Літвы і Беларусі. Адбылася ў 2-й палове сакавіка 1907 г. Дэлегаты з рашаючым голасам ад Віленскай, Мінскай, Дзвінскай, Бабруйскай, Барысаўскай, Віцебскай, Ковенскай, Смаленскай арганізацый РСДРП, з дарадчым — ад ЦК РСДРП, камітэта Абласнога саюза РСДРП Літвы і Беларусі, ЦК Бунда. Месца правядзення канферэнцыі і склад дэлегатаў невядомы. Парадак дня:

  • справаздача арганізацый РСДРП Паўночна-Заходняга краю аб выбарчай кампаніі ў 2-ю Дзяржаўную думу і яе выніках;
  • аб аб’яднанні РСДРП з Бундам;
  • аб аб’яднанні прафсаюзаў;
  • нацыянальнае пытанне:
  • аб ваеннай арганізацыі.

Канферэнцыя прааналізавала недахопы, выяўленыя ў ходзе выбарчай кампаніі: недастатковую арганізаванасць дзейнасці сацыял-дэмакратаў, надакладнае размеркаванне сваіх сіл, няпоўны ахоп насельніцтва агітацыяй і прапагандай, слабае прыцягненне да супрацоўніцтва спачуваючых сацыял-дэмакратам прпадстаўнікоў дэмакратычнай інтэлігенцыі, вядзенне выбарчай барацьбы галоўным чынам па лініі нацыянальнага, а не класавага паддзелу. Адзначалася, што арганізацыі РСДРП не здолелі выступіць як партыйнае цэлае, а асобныя з іх праігнаравалі дэрыктывы агульнарасійскай партыйнай канферэнцыі, захапіліся супрацоўніцтвам з рэвалюцыйна-дэмакратычнай буржуазіяй, паступіўшыся сваёй самастойнай лініяй на першай стадыі выбарчай барацьбы. За гэтымі ацэнкамі выразна адчуваецца бальшавіцкі ўплыў. Аднак у вызначэнні далейшай тактыкі, рэзалюцыя замацавала меншавіцкі падыход — не замена Думы Устаноўчым сходам праз узброеннай паўстанне, а аб’яднанне працоўных вакол сацыял-дэмакратычнай фракцыі для націску на Думу. Прынята рэзалюцыя па праекце ўмоў аб’яднання з Бундам, рэкамендаваных IV з’ездам РСДРП. З іх выключна палажэнне пра неабходнасць узгаднення дзейнасці аб’яднанага гар. камітэта з агульнапартыйнымі рашэннямі, што адпавядала пункту гледжання бундаўцаў. Пытанне пра аб’яднанне прафсаюзаў перанесена на V з’езд РСДРП. Нацыянальнае пытанне канферэнцыя рэкамендавала будучаму з’езду зняць з парадку дня з прычыны яго «неаформленасці ў шырокіх партыйных колах». Выбрала абласны камітэт.

Літаратура правіць

  • Кароль, А. Другая канферэнцыя Абласнога саюза РСДРП Літвы і Беларусі / Аляксей Кароль // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. – С. 278 — 279. — ISBN 985-11-0041-2.