Землі багемскай кароны

Землі Багемскай Кароны (чэшск.: Země Koruny české, ням.: Böhmische Kronländer, лац.: Corona regni Bohemiae) або Землі кароны святога Вацлава (чэшск.: Země Koruny svatováclavské) — тэрыторыі, якія былі звязаныя феадальнымі адносінамі і падпарадкоўваліся кіраўнікам Багеміі. Яны не з’яўляліся персанальнай уніяй ці канфедэрацыяй, акрамя агульнага кіраўніка ў іх не было ніякіх асобных дзяржаўных інстытутаў.

Землі Багемскай Кароны ў 1635 годзе

Паняцце «Багемскай Кароны» было ўведзена каралём Карэлам I 7 красавіка 1348 года, і пазначала землі, якія дасталіся яму ад бацькі — Яна Люксембургскага: Чэхію, Маравію, Сілезію, Эгерланд, Верхнюю Лужыцу і шэраг ленаў у нямецкіх землях. У 1370 годзе Карэл далучыў да іх Верхні Пфальц і Ніжнюю Лужыцу. У адпаведнасці з імператарскім указам, у будучыні Землі Багемскай Кароны павінны былі заставацца адзіным цэлым, нават калі Люксембургскі дом загасне.

З XVI стагоддзі Землі Багемскай Кароны перайшлі да Габсбургаў, і сталі часткай іх спадчынных земляў.

У 1742 годзе імператрыца Марыя-Тэрэзія па выніках Першай Сілезкай вайны была вымушана перадаць Сілезію Прусіі.

У 1918 годзе, пасля распаду Аўстра-Венгрыі Польшча забрала Тэшынскую вобласць; астатнія былыя землі Багемскай кароны, якія заставаліся да таго моманту ў Аўстра-Венгрыі, увайшлі ў састаў новаўтворанай Чэхаславакіі.