Канстытуцыйны блок (Балгарыя)

Канстытуцыйны блок (балг.: Конституционен блок) - палітычны саюз, які ажыццяўляў сваю дзейнасць у Балгарыі ў пачатку 1920-х гадоў. Быў сфарміраваны апазіцыйнымі палітычнымі аб'яднаннямі супраць кіруючай партыі Балгарскага земляробчага народнага саюза (скарочана - БЗНС)[1].

Гісторыя правіць

Палітычнае аб'яднанне было сфарміравана 6 ліпеня 1922 года і складалася з прадстаўнікоў Аб'яднанай народнай прагрэсіўнай партыі, Дэмакратычнай партыі і Радыкальнай дэмакратычнай партыі[2][3]. Апроч гэтага Канстытуцыйны блок лічыўся саюзным партыі Народнага саюза[4]. Аб'яднанне таксама неўзабаве пачало друкаваць уласную газету пад назвай «Слово».

Канстытуцыйны блок атрымаў 17 месцаў у парламенце Балгарыі па выніках красавіцкіх выбараў 1923 года[5] (тады ж ён быў прадстаўлены сумесным спісам з Балгарскай рабочай сацыял-дэмакратычнай партыяй (шырокіх сацыялістаў), ніводны з членаў якой не змог заваяваць дэпутацкае крэсла)[6].

Неўзабаве пасля гэтага найбольш паважаныя лідары партыі былі арыштаваны і пазбаўлены свабоды па абвінавачванні ў адказнасці за паражэнне краіны ва Другой Балканскай вайне і Першай сусветнай вайне. Пасля абедзвюх войнаў каралеўства было пазбаўлена шэрагу тэрыторый, у тым ліку і стратэгічнага выхаду да Эгейскага мора (паводле Нёіскага дагавора), а таксама абавязвалася скараціць колькасць арміі да 20 000 чалавек. У выніку члены Канстытуцыйнага блока, якія засталіся на свабодзе, 9 чэрвеня 1923 года здзейснілі дзяржаўны пераварот, які зрынуў урад БЗНС[7]. У жніўні таго ж года большасць лідараў аб'яднання ўступілі ў нядаўна сфарміраваную партыю «Дэмакратычны саюз», пасля чаго Канстытуцыйны блок быў распушчаны.

Зноскі

  1. Frederick B Chary (2011) The History of Bulgaria, ABC-CLIO, p188
  2. Raymond Detrez (2006) Historical Dictionary of Bulgaria Scarecrow Press, p122
  3. Velichko Georgiev People's Alliance 1921–1923
  4. RJ Crampton (2007) Bulgaria, Oxford University Press, p231
  5. Nohlen, D & Stöver, P (2010) Elections in Europe: A data handbook, p385 ISBN 978-3-8329-5609-7
  6. Nohlen & Stöver, p379
  7. Detrez, pxxx