Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса і Святога Іасафата (Занявічы)
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса і Святога Іасафата — мураваны каталіцкі храм у вёсцы Занявічы Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці. Размяшчаецца на могілках за 1 км на ўсход ад вёскі Занявічы (Літвінкі). Помнік архітэктуры неакласіцызму.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса і Святога Іасафата | |
---|---|
53°27′51″ пн. ш. 24°02′50″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Занявічы |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія |
Гродзенская дыяцэзія Бераставіцкі дэканат |
Першае згадванне | 1908 |
Будаўніцтва | 1917 |
Гісторыя
правіцьПабудаваны i асвечаны ў 1917 г. з цэглы паводле праекта, распрацаванага ў 1908 г.
Першым пробашчам заснаванай у 1917 г. занявіцкай парафіі стаў кс. Юзаф Бяляўскі. У 1918—1924 гг. пробашчам быў кс. Эдмунд Хлявінскі, затым кс. Антоній Аўдыцкі (1924—1932 гг.), а з 1932 па 1939 г. — кс. Нікадзім Пахалко, які на пачатку вайны выехаў у Літву. Праз два месяцы ў парафію прыехаў кс. Юзаф Мацяеўскі.
У савецкія часы святыня дзейнічала, але ў перыяд з 1944 па 1954 г. у ёй не было святара. Кс. пробашч Юзаф Мацяеўскі быў вязнем савецкіх лагераў, але потым вярнуўся ў парафію і працягваў душпастырскую паслугу да сваёй смерці ў 1984 г.
Рэстаўрыраваны ў 1989 г. Грунтоўны рамонт святыні быў праведзены ў 1993 г. У 1990 і 1999 гадах айцы рэдэмптарысты ўсталявалі перад касцёлам місійныя крыжы[1].
Архітэктура
правіцьКвадратны ў плане аб’ём пад двухсхільным дахам на галоўным фасадзе аформлены магутным чатырохкалонным порцікам утрыраванага тасканскага ордэра з высокім і масіўным антаблементам і трохвугольным франтонам над ім. Бакавыя фасады і алтарная сцяна рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і блендамі, дэкарыраванымі ліштвамі, ніжнімі панэлямі, апяразаны цягамі і прафіляваным карнізам. У дэкоры выкарыстаны вуглавая рустоўка, простага профілю карніз і цягі. У апсідзе, перакрытай плоскай столлю залы, адасоблена сакрысція[2].
Зноскі
- ↑ Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і св. Язафата Мучаніка ў Заневічах
- ↑ ЗАНЯВІЧСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАГА СЭРЦА ІСУСА І СВЯТОГА ЮЗАФА(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 кастрычніка 2019. Праверана 17 кастрычніка 2019.
Літаратура
правіць- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін.