Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (Макараўцы)

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа — драўляны каталіцкі храм у аграгарадку Макараўцы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці. Размяшчаецца ў цэнтры паселішча, на могілках, побач з былой сядзібай Хрусціцкага. З 2011 года касцёл мае статус помніка архітэктуры 3 катэгорыі.

Каталіцкі храм
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа
53°19′37,30″ пн. ш. 23°49′11,20″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Аграгарадок Макараўцы
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Бераставіцкі дэканат
Першае згадванне 1793
Будаўніцтва 17931795 гады

ГісторыяПравіць

У 1767 годзе, калі маёнтак Уснарж належаў Ганне Вашчынскай, тут была пабудавана капліца.

Парафія заснавана ў 1795 годзе. Дазвол на пабудову ва Уснаржы касцёла 28 мая 1793 года падпісаў віленскі біскуп Ігнацы Масальскі. Касцёл быў асвечаны 23 чэрвеня 1795 года кс. канонікам Юзафам Свяржынскім. Побач пастаўлена мураваная званіца.

У пачатаку ХХ стагоддзя Уснарж атрымаў статус самастойнай парафіі.

У 1950 годзе пробашч касцёла кс. Алаізій Тамковіч быў арыштаваны, а плябанію ўлады прыстасавалі пад ашчадную касу і жыллё для школьных настаўнікаў. Касцёл дзейнічаў увесь час, нават тады, калі тут не было свайго пробашча (прыязджаў ксёндз з Адэльска).

У 1989—1991 гадах касцёл быў адноўлены дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча кс. Венантыя Вількаша, потым — кс. Яраслава Грынашкевіча.

Пад плябанію цяпер выкары­стоўваецца дом былой парафіянкі, якая пасля сваёй смерці завяшчала будынак для гэтай мэты. Ён стаіць насупраць плябаніі, якую ў 2001—2002 гадах вярнулі парафіі; сёння тут знаходзяцца класы для катэхетычных заняткаў.

У 2006—2008 гадах касцёл і парафіяльныя будынкі былі газіфікаваны. У 2009—2011 гадах адбыўся ўнутраны рамонт святыні з заменай дзвярэй і вокнаў. У 2010 годзе быў грунтоўна адрамантаваны арган[1].

АрхітэктураПравіць

Архітэктура помніка вырашана ў традыцыях народнага дойлідства. Два рознавялікія ашаляваныя зрубы (асноўны аб’ём і апсіда) накрыты агульным дахам з трохвугольнымі застрэшкамі над стыкамі аб’ёмаў. Маленькія сакрысціі з самастойным пакрыццём. Фасады дэкарыраваны падкарнізнай і падваконнай разной аркатурай, фігурнай рамай і крыжом на фоне шалёўкі франтона «ў елку». Бакавыя фасады расчлянёны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі і вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі ў прасценках.

У інтэр’еры бэлькі з укосінамі пад плоскай столлю візуальна чляняць прастору храма на апсіду, галоўны і бакавыя нефы, нартэкс, галерэю хораў над ім. Пластыка-дэкаратыўным акцэнтам інтэр’ера з’яўляюцца тры драўляныя алтары, выкананыя ў стылі барока. У глыбіні апсіды на высокім подыуме пастаўлена барочная карынфская каланада, якая разам з вязкамі пілястраў нясе крапаваны антаблемент з пуцці. Па баках алтара стукавыя паліхромныя скульптуры святых Пятра і Паўла. Вынесеныя ў залу бакавыя меншыя алтары падобнай мастацка-стылёвай трактоўкі. За ажурнай балюстрадай хораў арган[2].

Зноскі

ЛітаратураПравіць

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін.

СпасылкіПравіць