Кергеленскае плато

Кергеленскае плато — падводнае плато вулканічнага паходжання, размешчанае ў паўднёвай частцы Індыйскага акіяна і часткова ў Паўднёвым акіяне, адно з найбуйнейшых падводных плато планеты. Знаходзіцца прыкладна ў 3 тыс. км да паўднёвага захаду ад Аўстраліі, выцягнута больш чым на 2,2 тыс. км з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Глыбіні складаюць ад 1 да 4 тыс. метраў[1].

Размяшчэнне плато — пунктам адзначаны астравы Кергелен
Тапаграфічная карта плато. Чырвоная вобласць у ніжняй частцы — Антарктыда

Плато было ўтворана гарачым пунктам пасля разлома Гандваны каля 120 млн гадоў назад у выніку серыі магутных магматычных вывяржэнняў, якія доўжыліся 25 млн гадоў[2]. Вынікі геалагічных даследаванняў паказалі, што на працягу перыяду да 40 млн гадоў плато знаходзілася на паверхні ці на вельмі невялікай глыбіні. Фрагменты драўніны і вугалю, знойдзеныя ў асадках верхняга мелу, сведчаць пра тое, што плато магло быць пакрыта лесам[1][3]. Асадкавыя пароды плато падобныя з аўстралійскімі і індыйскімі ўзорамі, што гаворыць пра тое, што яны некалі былі адзіныя.

У наш час вяршыні вулканаў, якія ўзвышаюцца над паверхняй акіяна, утвараюць астравы Кергелен, востраў Херд і астравы Мак-Доналд. Апошнія два знаходзяцца на хрыбце Біг-Бен, дзе вулканічная актыўнасць час ад часу аднаўляецца.

Зноскі

  1. а б Kerguelen Plateau (англ.). Geoscience Australia. Архівавана з першакрыніцы 30 красавіка 2013. Праверана 13 верасня 2010.
  2. Возраст Кергеленского плато. VIVOS VOCO: Новости науки в журнале "Природа" - № 4 (23 красавіка 2003). Архівавана з першакрыніцы 7 мая 2003. Праверана 13 верасня 2010.
  3. Mohr, Barbara A.R.; Veronika Wähnert, and David Lazarus «Mid-Cretaceous paleobotany and palynology of the central Kerguelen Plateau, southern Indian Ocean (ODP Leg 183, Site 1138)». In Frey, F.A., Coffin, M.F., Wallace, P.J., and Quilty, P.G. (Eds.), Proc. ODP, Sci. Results, 183 Sept 2002.

Спасылкі правіць