Індыйскі акіян — водная прастора між Азіяй на поўначы, Афрыкай і Аравійскім паўвостравам на захадзе, Аўстраліяй, Індакітаем і Зондскімі астравамі на ўсходзе і Антарктыдай на поўдні.

Чацвёрты па памеры акіян Зямлі, пакрывае каля 20% яе воднай паверхні. Яго плошча складае 90,17 млн км²; аб'ём - 210 млн км³.

Самая паўночны пункт Індыйскага акіяна знаходзіцца прыкладна на 30° паўночнай шыраты ў Персідскім заліве. Шырыня Індыйскага акіяна складае прыблізна 10 000 км паміж паўднёвымі кропкамі Аўстраліі і Афрыкі.

Берагі Правіць

Берагавая лінія слаба расчлянёная, за выключэннем паўночнай часткі, дзе размяшчаецца большасць ускраінных мораў і буйнейшых заліваў. Да бас. Індыйскага акіяна належаць моры: Чырвонае (унутранае), Аравійскае мора, Андаманскае мора, Тыморскае мора, Арафурскае мора; буйныя залівы: Адэнскі, Персідскі заліў, Аманскі заліў, Бенгальскі заліў, Карпентарыя, Вялікі Аўстралійскі заліў. На паўночным захадзе і ўсходзе берагі карэнныя, на паўночным усходзе і захадзе пераважаюць наносныя.

Астравы Правіць

Астравоў параўнальна мала. Найбольшыя з іх мацерыковага паходжання: Мадагаскар, Сакотра, Шры-Ланка. У адкрытай частцы акіяна трапляюцца вулканічныя астравы: Кразе, Каморскія астравы, Маскарэнскія астравы, Андаманскія астравы і інш.; каралавыя: Лакадыўскія астравы, Мальдыўскія астравы, архіпелаг Чагас, Какосавыя астравы, Аміранцкія астравы, Сейшэльскія астравы, Хатман-Абральёс.

Рэльеф дна і тэктанічная будова Правіць

 
Рэльеф дна
 
Геалагічны ўзрост дна

У будове дна вылучаюцца: падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф) — 29%, мацерыковы схіл — 2%, ложа акіяна — 52%, сярэдзінна-акіянічныя хрыбты — 17% ад плошчы акіяна. У межах шэльфа змяншаецца магутнасць зямной кары мацерыковых ускраін і яна пераходзіць у акіянічную. На паўночным усходзе акіян абмежаваны складанай пераходнай зонай (актыўнай ускраінай — зонай паглынання літасферных пліт), якая ўключае Зондскую астраўную дугу і Зондскі жолаб. Шырыня шэльфаў не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, у раёне м. Ігольнага на поўдні Афрыкі, каля заходняга ўзбярэжжа п-ва Індастан і паўночна-заходняга ўзбярэжжа Аўстраліі яна пашыраецца да 300—350 км. Край шэльфа знаходзіцца на глыбіні 100—200 м. Мацерыковы схіл уяўляе сабой круты (да 10—30°) уступ, месцамі расчлянёны падводнымі далінамі рэк Інд, Ганг і інш.

У межах ложа акіяна вылучаецца Сярэдзінна-Індыйскі хрыбет, утвораны сістэмай сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў (Аўстрала-Антарктычнае падняцце, Заходне-Індыйскі хрыбет, Аравійска-Індыйскі, Афрыканска-Антарктычны, Цэнтральнаіндыйскі), якая ў раёне Адэнскага заліва і Чырвонага мора спалучаецца з унутрымацерыковымі сістэмамі рыфтаў. Агульная даўжыня сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў Індыйскага акіяна каля 20 тыс. км, шырыня 400—1000 км і больш, вышыня 2,5—4 км. Сярэдзінна-Індыйскі хрыбет падзяляе ложа акіяна на тры сегменты, у якіх размяшчаюцца глыбакаводныя катлавіны: у паўночна-ўсходнім сектары — Аманская, Аравійская, Цэнтральная, Какосавая, Заходне-Аўстралійская, Натураліста, Паўднёва-Аўстралійская; у заходнім — Самалійская, Аміранцкая, Маскарэнская, Мадагаскарская, Каморская, Мазамбікская і Агульяс.

Сярэдзінныя хрыбты маюць максімальна расчлянёны рэльеф. Яны рассечаны шматлікімі трансформнымі разломамі, якія ў агаленнях даюць поўны разрэз акіянічнай кары (знізу ўверх) — ультраасноўныя пароды, габра, габра-дыябазы, базальтавыя лавы і асадачны слой. Сярэдняя магутнасць акіянічнай кары ў катлавінах 6 км.

Рэльеф ложа ўскладняецца буйнымі хрыбтамі і масівамі, частка якіх (Мадагаскарскі, частка Маскарэнскага з бднкай Сейшэльскіх а-воў і банкай Сая-дэ-Мелья, узвышша Агульяс) маюць мацерыковую кару. Паміж хрыбтамі размешчаны жолабы (Зондскі, Тыморскі, Кай).

Гісторыя фарміравання Правіць

Фарміраванне акіяна пачалося 130—150 млн. гадоў назад пасля расколу Гандваны ў выніку рухаў Афрыканскай, Антарктычнай і Інда-Аўстралійскай літасферных пліт. Тады адбылося аддзяленне Афрыкі і Дэкана ад Аўстраліі з Антарктыдай, а пазней — Аўстраліі ад Антарктыды (у палеагене, каля 50 мільёнаў гадоў таму).

 
Рух Індыйскага субкантыненту ў час фарміравання Індыйскага акіяна

Напрамак і хуткасць руху пліт мяняліся на працягу геалагічнай гісторыі. Найбольш старажытная частка Індыйскага акіяна — вялізнае меза-палеазойскае базальтавае ложа на ўсходзе і поўдні. Зондскі жолаб утварыўся ў кайназойскі перыяд.

Донныя адклады Правіць

У размеркаванні асадкаў праяўляецца залежнасць ад шыротна-кліматычнай, цыркуммацерыковай і вертыкальнай занальнасці. Уздоўж мацерыкоў па перыферыі акіяна пашыраны тэрыгенныя адклады. У пелагіялі акіяна на глыбіні менш за 4000 м намнажаюцца фарамініферавыя і какалітавыя ілы. На больш значных глыбінях у гуміднай экватарыяльнай зоне яны замяшчаюцца крамяністымі (дыятомавымі і радыялярыевымі) іламі, у арыднай — чырвонымі глыбакаводнымі глінамі. Карысныя выкапні: нафта і газ (нафтагазаносны басейн Персідскага заліва, шэльфы Паўднёва-Усходняй Азіі, Аўстраліі; узбярэжжа Бангладэш, у Андаманскім і Чырвоным моры, Адэнскім заліве, уздоўж узбярэжжа Афрыкі); россыпныя радовішчы касітэрыту, рутылу, цырконію, манацыту (на ўзбярэжжы Паўднёва-Усходняй Азіі і Аўстраліі); буйныя палі жалеза-марганцавых канкрэцый на дне катлавін (Заходне-Аўстралійская, Цэнтральная, Паўднёва-Аравійская, Кразе і інш.); вялікія паклады солі ў Чырвоным моры.

 
Трапічны цыклон ля інда-пакістанскага ўзбярэжжа, 1999

Клімат Правіць

У дадзеным рэгіёне вылучаюць чатыры выцягнутых ўздоўж паралеляў кліматычных паясы. У першым, размешчаным на поўнач ад 10° паўднёвай шыраты, пераважае мусонны клімат з частымі цыклонамі, якія перамяшчаюцца ў напрамку узбярэжжаў. Улетку тэмпература над акіянам складае +28…+32 °C, зімой паніжаецца да +18…+22 °C. Другая зона (пасатны клімат) размяшчаецца паміж 10 і 30 градусам паўднёвай шыраты. На працягу ўсяго года тут дзьмуць паўднёва-ўсходнія вятры, асабліва моцныя з чэрвеня па верасень. Сярэдняя гадавая тэмпература дасягае +25 °C. Трэцяя кліматычная зона ляжыць паміж 30 і 45 паралелямі, у субтрапічных і ўмераных шыротах. Улетку тэмпература тут дасягае 10-22 °C, а ўзімку — +6…+17 °C. Ад 45° і на поўдзень характэрныя моцныя вятры. Узімку тэмпература тут вагаецца ад −16 °C да +6 °C, а летам — ад −4 °C да +10 °C.

Гідралагічны рэжым Правіць

Паверхневыя цячэнні абумоўлены атмасфернай цыркуляцыяй. На поўначы пераважаюць мусонныя цячэнні, летам арыенціраваныя на ўсход, ммою — на захад. Каля афрыканскіх берагоў пераменнае Самалійскае цячэнне цёплае зімою і халоднае летам. Міжпасатнае супрацьцячэнне выразнае паміж 3° і 8° пд.ш, зімою. Пастаяннае Паўднёвае Пасатнае цячэнне з адгалінаваннямі цёплых Мадагаскарскага цячэння, Мазамбікскага цячэння і цячэння мыса Ігольнага. Кругазварот у Паўднёвым паўшар'і заканчваюць халодныя цячэнне Заходніх вятроў і Заходне-Аўстралійскае цячэнне. Глыбінныя цячэнні ад Антарктыды і субтрапічных шырот пранікаюць на поўнач да п-ва Самалі. У падпаверхневых слаях экватарыяльных шырот з захаду на ўсход супрацьцячэнне Тарэева, звязанае з буйнамаштабнай сістэмай глыбіннага ўсходняга пераносу. Пераважныя тэмпературы вады на паверхні вышэй за 20°С, на крайнім поўдні — ніжэй за 0°С. Салёнасць ад 32 да 36,5‰, найбольшая — у Чырвоным моры (41‰) і Персідскім заліве (37—39‰). Шчыльнасць вады найбольшая (1027 кг/м³) у антарктычных шыротах, найменшая (1018 кг/м³) у паўночна-ўсходняй частцы акіяна і ў Бенгальскім заліве прылівы паўсутачныя і няправільныя паўсутачныя (5—11,9 м у Камбейскім заліве, 0,5—1,6 м у адкрытым акіяне). Ільды ўтвараюцца ў антарктычных шыротах і выносяцца ветрам і цячэннямі да 55° пд.ш. ў жніўні і да 65—68° пд.ш. ў лютым. Айсбергі асабліва шматлікія паміж 40 і 80° у.д.

 
Самка дзюгоня з дзіцянём

Флора і фауна Правіць

Флора і фаўна гэтага рэгіёну надзвычай багатыя. Раслінны свет прадстаўлены бурымі, чырвонымі і зялёнымі водарасцямі. Тыповымі прадстаўнікамі заапланктону з'яўляюцца весланогія рачкі, сіфанафоры і крыланогія малюскі. Акіянскія вады засяляюць малюскі, кальмары, крабы і лангусты. Рыбы прадстаўлены губанамі, шчаціназубымі, святлівымі анчоўсамі, рыбамі-папугаямі, рыбамі-хірургамі, лятучымі рыбамі і атрутнымі крылаткамі. Характэрнымі насельнікамі акіянаў з'яўляюцца наўтылусы, ігласкурыя, каралы Fungia, Seratopia, Sinularia і кісцяпёрыя рыбы. Незвычайная і прыгожая велізарная харонія. Да эндэмікаў адносяцца марскія змеі і дзюгонь - млекакормячых атрада сірэн.

Большая частка вод Індыйскага акіяна ляжыць у трапічным і ўмераным паясах. У цёплых водах жывуць шматлікія каралы, якія, нараўне з іншымі арганізмамі - такімі, напрыклад, як чырвоныя водарасці - будуюць каралавыя астравы. У каралавых рыфах існуюць разнастайныя жывёлы: губкі, малюскі, крабы, ігласкурыя і рыбы. У трапічных мангравых зарасніках жывуць ракападобныя, малюскі і медузы (дыяметр апошніх часам перавышае 1 м).

Дзяржавы ўзбярэжжа Індыйскага акіяна Правіць

У Індыйскім акіяне размешчаны астраўныя дзяржавы Мадагаскар (чацвёрты па плошчы востраў у свеце), Каморскія астравы, Сейшэльскія астравы, Мальдывы, Маўрыкій, Шры-Ланка. Акіян абмывае на ўсходзе такія дзяржавы: Аўстралія, Інданезія, на паўночным усходзе: Малайзія, Тайланд, М’янма, на поўначы: Бангладэш, Індыя, Пакістан, на захадзе: Аман, Самалі, Кенія, Танзанія, Мазамбік, ПАР.

Эканамічнае значэнне Правіць

Рыбны промысел Правіць

Значэнне Індыйскага акіяна для сусветнай рыбалоўнай здабычы невялікае: уловы тут складаюць толькі 5% ад агульнага аб'ёму. Галоўныя прамысловыя рыбы тутэйшых вод — тунец, сардзіна, хамса, некалькі відаў акул, баракуды і скаты; ловяць тут таксама крэветак, амараў і лангустаў.

Праз слабое развіццё параўнальна вузкай паласы шэльфа, амаль поўную адсутнасць шырокіх эпікантынентальных мораў Індыйскаму акіяну ўласцівая невысокая рыбапрадукцыйнасць (у сярэднім 35 - 40 кг/км²). У найбольш прадуктыўных прыбярэжных водах паўночна-заходняй частки акіяна (Адэнскі і Бенгальскі залівы), прыбярэжных водах Сейшэльскіх астравоў і Мадагаскара, акваторыі між паўднёвым узбярэжжам вострава Ява і заходнім узбярэжжам Аўстраліі прадукцыйнасць дасягае 250 - 350 кг/км². Агульныя ўловы рыбы ў Індыйскім акіяне выраслі ў 1992 - 2001 гг. на 20 % і перавысілі 8,7 млн т (каля 8 - 9% ад сусветных). У 1990 - х гг. адзначалася перавага вылаву ва ўсходняй частцы (55 %), інтэнсіўнае развіццё аквакультуры (Індыя - 2,2 млн т, Бангладэш - 0,7 млн т) і здабычы нерыбных аб'ектаў (лангусты, крабы, крыль, малюскі) пры нязначным развіцці здабычы водарасцей. Асноўную здабычу вядуць прыбярэжныя азіяцкія краіны, на долю якіх прыпадае 70 % ўловаў. У групу краін-лідараў уваходзяць Індыя (2,7 млн т), Інданезія і М’янма (па 1 млн т), Тайланд (0,8 млн т), Пакістан (0,4 млн т). Уловы каля 300 тыс. т маюць Бангладэш, Іран, а звыш 100 тыс. т - Емен, Аман, Мальдыўская Рэспубліка, Мадагаскар, Аўстралія. Патэнцыйныя біялагічныя рэсурсы Індыйскага акіяна ацэньваюцца ў 10 - 14 млн т рыбы і морапрадуктаў.

Транспартныя шляхі Правіць

Па аб’ёме марскіх перавозак Індыйскі акіян саступае Атлантычнаму і Ціхаму, канцэнтруючы каля 1/5 сусветнага грузаабароту партоў і 1/3 грузаабароту наліўных грузаў (у асноўным нафты). Большая частка грузаабароту прыпадае на буйныя парты з грузаабаротам звыш 30-50 млн т. Галоўную ролю сярод іх адыгрываюць спецыялізаваныя нафтавыя парты Персідскага заліва (Рас-Танура, Харк, Міна-эль-Ахмадзі і інш.) Парты Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі носяць універсальны гандлёвы характар ​​(Мумбаі, Калькута, Чэнаі, Карачы), некаторыя парты Індыі спецыялізуюцца на апраўцы гарнаруднай сыравіны (Мармаган, Вішакхапатнам, Парадып). На аўстралійскім ўзбярэжжы істотнае месца займаюць не толькі сыравінныя (Дарвін, Порт-Хэдленд, Дампір), але і ўніверсальныя (Перт, Бонберы, Фрымантл) парты. Невысокі ўзровень эканамічнага развіцця большасці краін усходнеафрыканскай прыморскай зоны вызначае невысокі ўзровень развіцця партовай гаспадаркі. Вялікім аб’ёмам грузаабароту вылучаюцца толькі парты ПАР (Дурбан, Рычардс-Бэй, Порт-Элізабет) і асобныя вузлавыя парты (Мапуту, Мамбаса, Дар-эс-Салам, Порт-Судан).

Найбольшая канцэнтрацыя магістральных акіянічных шляхоў назіраецца ў зоне Суэцкі канал — Малакскі праліў — паўднёвы захад Аўстраліі — поўдзень Афрыкі. Характэрнай асаблівасцю большасці маршрутаў з’яўляецца іх транзітны характар ​​(у парты Атлантычнага і Ціхага акіянаў) і вялікая інтэнсіўнасць у паўночнай часткі Індыйскага акіяна.

Асноўнай грузанапружанай лініяй з’яўляецца паўднёваафрыканскі напрамак (з партоў краін Персідскага заліву ўздоўж афрыканскага ўзбярэжжа і часткова Суэцкі канал), дзе дамінуюць перавозкі сырой нафты супертанкерамі у парты Еўропы і Паўночнай Амерыкі. На паўночнаіндыйскім кірунку да нафтавых грузаў з краін Персідскага заліва дадаюцца сыравінныя і сельскагаспадарчыя грузы з Індыі, Тайланда, Інданезіі, што накіроўваюцца ў Японію і «новыя індустрыяльныя краіны» Усходняй Азіі (Рэспубліка Карэя, Тайвань, Філіпіны і інш.) На аўстралійскім напрамку вылучаецца паток блізкаўсходняй нафты, сельскагаспадарчай сыравіны з Паўднёвай Азіі ў Аўстралію, а збожжа і прамысловых тавараў — у зваротным кірунку. Са спецыялізаваных партоў заходняга ўзбярэжжа Аўстраліі расце паток жалезаруднай і іншай сыравіны ў Японію. На афрыкана-азіяцкім напрамку (у асноўным з партоў ПАР) праз пралівы Паўднёва-Усходняй Азіі транспартуюцца буйныя патокі транзітных грузаў (жалезная руда, каменны вугаль, збожжа) у Японію, а ў сустрэчных перавозках дамінуюць прамысловыя вырабы японскага экспарту.

Найважнейшымі транспартнымі шляхамі Індыйскага акіяна з’яўляюцца маршруты з Персідскага заліва ў Еўропу і Паўночную Амерыку, а таксама з Адэнскага заліва ў Індыю, Інданезію, Аўстралію, Японію і Кітай.

Эканоміка-геаграфічныя правінцыі Правіць

Навукоўцамі выдзяляюцца чатыры эканоміка-геаграфічныя правінцыі Індыйскага акіяна: Паўночна-Заходняя, Паўночна-Усходняя, Заходняя, Усходняя.

Паўночна-Заходняя правінцыя Правіць

  • Займае шырокую акваторыю паміж востравам Шры-Ланка, Мальдыўскімі і Сейшэльскімі астравамі, Афрыкай і берагамі Пярэдняй Азіі
  • Найбуйнейшыя ў свеце нафтагазавыя рэсурсамі шэльфу і ўзбярэжжа
  • Раён інтэнсіўных марскіх перавозак, з развітым рыбным промыслам, звязаных з наяўнасцю высокапрадуктыўных зон акіяна, з развітай партовай гаспадаркай і канцэнтрацыяй вялізнага дэмаграфічнага патэнцыялу (Індыя, Пакістан, Егіпет, Іран і інш.)
  • У краінах Персідскага заліва аснову эканомікі складае нафтаздабыча і экспарт паліўных рэсурсаў марскім транспартам. Ідзе фарміраванне прыморскіх комплексаў, звязаных з развіццём нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, металургіі, суднабудавання. Важнай галіной з'яўляецца апрасненне марской вады (Саудаўская Аравія, Кувейт, Катар), развіты марскі промысел рыбы ў паўночна-ўсходняй частцы Аравійскага мора і водах Адэнскага заліва
  • Найбольшую ролю ў рэгіёне адыгрывае Саудаўская Аравія, якая займае выгоднае становішча ў сярэдняй частцы Аравійскага паўвострава, выходзіць да ўзбярэжжа Персідскага заліва і Чырвонага мора. Галоўны прыморскі эканамічны раён фарміруецца на ўзбярэжжа Персідскага заліва, дзе развітыя нафтаздабыўная, нафтаперапрацоўчая і нафтахімічная галіны, прамысловасць будаўнічых матэрыялаў і металургія. Паводле ацэнак , каля 45 % нафтавых запасаў раёна Персідскага заліва прыпадае на Саудаўскую Аравію. У заліве вылучаюцца найбуйнейшыя ў свеце падводныя радовішчы (Сафанія, Маніфа, Марджан, Зулуф, Абу-Сафа і кантынентальна-марское Бэры), даволі значныя разведаныя запасы прыроднага газу. Больш за 1/3 здабычы нафты даюць марскія промыслы. Асноўныя прамыслова-партовыя цэнтры сканцэнтраваны на ўзбярэжжа Персідскага заліва (Дамам, Эль-Джубайль, Рас-Танура, Рас-Хафджы), Чырвонага мора (Джыда, Янбу) і ў раёнах буйных нафтавых радовішчаў
  • На Сярэднім Усходзе імкліва развіваецца эканоміка Ірана. Іранская частка шэльфу Персідскага заліву вядомаяч буйнейшымі запасамі прыроднага газу (удвая большымі за ўсе краіны Персідскага заліву ўзятыя). Важнейшыя парты і вытворчыя цэнтры прыбярэжжа - Абадан і Харк
  • Трэцім цэнтрам эканамічнага развіцця правінцыі з'яўляюцца прыбярэжныя індыйскія штаты. Тут сканцэнтравана да 3/5 усяго насельніцтва Індыі, горназдабыўная прамысловасць баксітаў, жалеза-марганцавых руд, з мора здабываюцць манацыты і ільменіты. Тут жа сканцэнтравана марская нафтагазаздабыча Індыі і яе найбуйнейшыя парты, сярод якіх Мумбаі, Качы, Мангалуру
  • Да ўзбярэжжа Бенгальскага заліву выходзяць дзве найважнейшыя правінцыі Пакістана - Сінд і Белуджыстан, дзе месцяцца палова насельніцтва і вырабляецца 60% прамысловай прадукцыі краіны. Далейшае развіццё звязана з будаўніцтвам глыбокаводнага порта ў Гвадары
  • З іншых зон правінцыі расце значэнне прыбярэжнай зоны Чырвонага мора і Суэцкага заліва ў эканоміцы Егіпта. Тут здабываецца нафта (больш за 4/5 - на шэльфе), фасфарыты, марганцавая руда, сера, развіваецца нафтаперапрацоўка (Суэц, Рас-Гарыб), турызм
  • Правінцыя найбольш развітая ў эканамічным плане з усіх правінцый Індыйскага акіяна

Паўночна-Усходняя правінцыя Правіць

  • У асноўным гэта акваторыі Бенгальскага заліву і Андаманскага мора
  • Першая з галін развіцця правінцыі - марскі транспарт. Зона інтэнсіўнага развіцця марскіх транзітных перавозак, марскога рыбалоўства (біяпрадукцыйнсць правінцыі 200 кг/км²)
  • Характэрнай асаблівасцю з'яўляецца прыморская канцэнтрацыя насельніцтва (дэльта Ганга - 500-1500 чал./км²). Сюды ж цягацеюць усходнія эканамічныя раёны Індыі. Буйнейшы порт - Чэнаі
  • Другім па значнасць артыкулам экспарту з'яўляецца прадукцыя сельскай гаспадаркі (асабліва - у Бангладэш і М'янме
  • М'янма мае значныя запасы волава, вальфраму, жалеза; шэльф утрымлівае запасы манацыту
  • Тайланд вядомы буйнымі запаамі волава, нафты і бурага вугалю. Буйнейшы порт і курортны цэнтр - Пхукет (вываз лесу, каўчуку, рыбы)

Заходняя правінцыя Правіць

Усходняя правінцыя Правіць

  • Самая буйная правінцыя па памерах: ад Мальдыўскага хрыбту да Аўстраліі
  • Найменш развітая ў эканамічным плане
  • Велізарныя жалеза-марганцавыя канкрэцыі
  • Забяспечвае марскія камунікацыі ў Японію і ЗША
  • Грузанапружанасць ліній - 300 млн т нафты і 80 млн т жалезнай руды ў год
  • У прыморскіх раёнах Аўстраліі - агромністыя запасы жалеза, марганцу, баксітаў, нафты і газу. Распрацоўка дадзенай гарнаруднай сыравіны і вываз яе марскім транспартам дала імпульс для інтэнсіўнага развіцця марской гаспадаркі: на Індыйскі акіян завязаны 20 буйных аўстралійскіх партоў, якія галоўным чынам спецыялізуюцца на масавых навалвчных грузах: напрыклад, Дампір, Порт-Херберт, Уолкат - на жалезнай рудзе, Дарвін - на медзі і баксітах
  • Усходнеафрыканскія краіны правінцыі адрозніваюцца аграрнай эканомікай з асобнымі галінамі горназдабыўной індустрыі і слабым развіццём галін марской гаспадаркі. Пры гэтым у партовых цэнтрах - значная канцэнтрацыя прамысловай вытворчасці і знешнегандлёвага абароту. Так, у буйных партах Мазамбіка - Мапуту і Бейра - засяроджана амаль 3/5 апрацоўчай прамысловасці, галоўны порт і эканамічны цэнтр Танзаніі - Дар-эс-Салам - канцэнтруе 2/5 занятых у прамысловасці, галоўны порт Кеніі Мамбаса - другі пасля Найробі прамысловы цэнтр краіны

Літаратура Правіць