Мальдывы (мальд.: ދިވެހިރާއްޖެ, Dhivehi Raa’je), афіцыйная назва Мальдыўская Рэспу́бліка (мальд.: ދިވެހިރާއްޖޭގެ ޖުމުހޫރިއްޔާ [divehi raːɟɟeːge ɟumhuːrijjaː])  — дзяржава ў Паўднёвай Азіі, на Мальдыўскіх астравах у паўночна-заходняй частцы Індыйскага акіяна. Размяшчаецца на 26 каралавых атолах. Гэта самая маленкая краіна Азіі і па плошчы (298 км2) і па колькасці насельніцтва (каля 400 тыс. чал. (2018)). Самая "нізкая" і найбольш уразлівая да глабальнага пацяплення дзяржава свету. Сталіца — Мале на аднайменным востраве.

Мальдыўская Рэспубліка
мальд.: ދިވެހިރާއްޖޭގެ ޖުމުހޫރިއްޔާ
Dhivehi Raajjeyge Jumhooriyyaa
Герб Мальдываў‎
Сцяг Мальдываў‎ Герб Мальдываў‎
Гімн: «Qaumii salaam»
Дата незалежнасці 26 ліпеня 1965 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйная мова Дывехі
Сталіца Мале
Найбуйнейшы горад Мале
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Віцэ-прэзідэнт
Абдула Ямін
Абдула Джыхад
Дзярж. рэлігія Іслам (суніцкага толку)
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
186-я ў свеце
298 км²
>99%
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
Шчыльнасць

392 709 [1] чал. (176-я)
1 328 чал./км²
ВУП
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$7,396 млрд [2]  (162-ы)
$20,227 (69 месца)
Валюта Руфія
Інтэрнэт-дамен .mv
Код ISO (Alpha-2) MV
Код ISO (Alpha-3) MDV
Код МАК MDV
Тэлефонны код +960
Часавыя паясы +5

Жыхары Мальдваў — гэта галоўным чынам дывехі. Дзяржаўная рэлігія — іслам.

Краіна, што развіваецца, найбольш высакадаходная дзяржава рэгіёну. Аснову эканомікі па-ранейшаму складаюць рыбалоўства і перапрацоўка рыбы, хуткімі тэмпамі развіваецца турызм.

Мальдывы стаяць ля вытокаў рэгіянальнай арганізацыі СААРК (паўднёваазіяцкае супрацоўніцтва), з'яўляюцца сябрам Руху недалучэння, Ісламскага супрацоўніцтва. Да 2016 уваходзілі ў Садружнасць нацый, аднак выйшлі са складу арганізацыі у знак пратэсту супраць абвінавачванняў ў карупцыі і парушэннях правоў чалавека[4].

Этымалогія правіць

Існуюць дзве версіі паходжання назвы, паводле якіх у перакладзе з зусім няроднасных моваў тапонім "Мальдывы" азначае прыблізна адно і тое ж:

  • ад тамільскіх словаў maalai (гірлянда) і theevu (астравы) — гірлянда астравоў;
  • ад сінгальскага Maala Divaina — каралі астравоў.

Геаграфічнае становішча правіць

Мальдывы займаюць мерыдыянальна выцягнуты каралавы архіпелаг Мальдыўскія астравы на вяршынях падводнага хрыбта ў паўночнай частцы Індыйскага акіяна на паўднёвым захадзе ад паўвострава Індастан. Ланцужок з 26 атолаў прасціраецца з поўначы на поўдзень на 960 км ад атола Іхавандзіполу да атола Аду Сіці. Два паралельныя ланцугі атолаў уключаюць каля 1200 дробных каралавых астравоў. Частка іх абкружана бар'ернымі рыфамі.

Прырода правіць

 
Адзін з 1200 каралавых астравоў

Мальдыўскія астравы сфармаваліся на вяршынях сярэдняй часткі падводнага Чагас-Лакадыўскага хрыбта. Разам з Лакадыўскімі астравамі і архіпелагам Чагас на поўначы і поўдні адпаведна, Мальдывы ўтвараюць агульны экарэгіён. Астравы каралавага паходжання, таму выключна нізінныя і роўныя: сярэдняя вышыня краіны — 1,5 метры над узроўнем мора, найбольшая — усяго 2,4 метры (на атоле Аду). Гэтыя лічбы робяць Мальдывы самай нізкай краінай свету, а таксама найбольш уразлівай да падняцця ўзроўню Сусветнага акіяну (у сувязі з чым у 2009 урад паабяцаў за дзесяцігоддзе ператварыць Мальдывы ў "безвугляродную" краіну, абапіраючыся на сонечную і ветравую энергетыку).

Клімат субэкватарыяльны мусонны. Сярэдняя тэмпература ўвесь год 24-28°С. Ападкаў каля 2500 мм у год, яскрава выражанага сухога сезона няма. Рэк і ручаёў няма. Порысты вапняковы грунт не затрымлівае ваду, таму адзначаецца яе недахоп. Раслінны свет вельмі бедны, на каралавых выспачках растуць гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва. Жывёльны свет: фруктовыя кажаны, чарапахі; у прыбярэжных водах — чарапахі, малюскі, кітовыя акулы.

Гісторыя правіць

Першымі жыхарамі астравоў былі цёмнаскурыя дравіды. У V-VII стагоддзях Мальдывы паступова засяляюцца арабамі і персамі. У ХII стагоддзі на архіпелаг прыйшоў іслам, што паспрыла кансальдацыі атолаў у Мальдыўскі султанат. Новая дзяржава ўсталявала цесныя сувязі з Індыяй, арабскім светам, Афрыкай. У ХVI стагоддзі ў Індыйскі акіян пацягнуліся партугальскія і галандскія караблі, аднак першыя спробы каланізацыі былі беспаспяховымі і Мальдывы яшчэ доўгі час заставаліся незалежнымі.

У ХІХ стагоддзі ўся Паўднёвая Азія трапляе ў сферу брытанскіх інтарэсаў і ў 1887 астравы становяцца брытанскім пратэктаратам. У 1965 годзе Мальдывы становяцца незалежнай дзяржавай, яшчэ праз тры гады — прэзідэнцкай рэспублікай. Апошнія дэкады ХХ стагоддзя адзначаны палітычнай нестабільнасцю, спробамі дэмакратычных рэформаў; у пачатку ХХІ ст да праблемаў дзяржавы дадаецца пагроза затаплення тэрыторыі ў выніку змянення клімату.

Дзяржаўны лад і палітыка правіць

Мальдывы — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу грамадзян (меджлісу), які складаецца з 48 членаў (40 выбіраюцца на ўсеагульных выбарах і 8 назначаюцца прэзідэнтам). Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца з дапамогай кабінета міністраў, які падсправаздачны меджлісу.

Адміністрацыйны падзел правіць

Мальдыўская Рэспубліка – унітарная дзяржава. Падзяляецца на 8 рэгіёнаў, рэгіёны падзяляюцца на 19 атолаў і асаблівыя адміністрацыйныя адзінкі – сталіцу Мале і г. Аду.

Беларуска-мальдыўскія адносіны правіць

Дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў снежні 1993.

Насельніцтва правіць

 
Панарама Мале

Перапіс 20 верасня 2014 года зафіксаваў на Мальдывах 402 071 жыхароў, у тым ліку 338 434 грамадзян і 63 637 неграмадзян. Міграцыйны адток насельніцтва (-13 чалавек на 1000) перавышае станоўчы натуральны прырост (12 на 1000)[5].

Афіцыйная мова — дывехі, індаарыйскіх мова, блізкая да сінгальскай, з запазычаннямі з арабскай і англійскай моваў. Пісьменнасць заснавана на араба-персідскай графіцы. Частка насельніцтва валодае арабскай і англійскай мовамі. Рэлігія — іслам, на кожным населеным востраве ёсць мячэць.

Шчыльнасць насельніцтва — 1300 чал/кв.км — адна з найвышэйшых у свеце. Адзіны вялікі горад і порт — Мале.

Эканоміка правіць

 
Мальдыўскі човен

Сусветны банк адносіць Мальдывы да эканомік з прыбыткам вышэйшым за сярэдні (upper middle income). Большасці мальдыўцам працу дае акіян: аснову эканомікі дагэтуль складаюць рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Імкліва развіваецца турысцкі сектар (каля 28 % ВУП). Турысты ахвотна набываюць туземныя рамесныя вырабы. Папулярныя і ракушкі кауры.

У сельскай гаспадарцы пераважаюць шматгадовыя пладовыя культуры: какосавая пальма і хлебнае дрэва.

Асноўныя транспартныя сродкі — парусныя і маторныя лодкі. Большая частка перавозак ажыццяўляецца гідрасамалётамі і катэрамі. Кожны востраў можна перасекчы пехатою менш чым за 2 гадзіны.

Нацыянальная кухня правіць

У складзе любой мальдыўскай стравы вы абавязкова знойдзеце або рыс, або какосавыя арэхі, або рыбу.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Мальдывы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.10: Малайзія — Мугараджы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 43-44. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0169-9 (Т. 10).