Хлебнае дрэва (Artocarpus altilis) — двухдольная расліна сямейства тутавыя.
Дасягае 20 — 26 м у вышыню. Кара шэрая, гладкая. Лісце пакрыта тонкім пухам. У залежнасці ад кліматычных умоў можа быць вечназялёным або лістападным. Кветкі дробныя, зелянявыя. Мужчынскія кветкі сабраныя ў падоўжаныя суквецці. Апыляюцца кажанамі. Пасля апылення жаночыя суквецці паступова зрастаюцца ў вялікае суплодзе. Суплодзі растуць па аднаму або гронкамі на вяршынях ветак. Дыяметр суплодзя — да 30 см, вага да 3 — 4 кг. Саспелае суплодзе мае колер бульбы ці свежага хлеба. Унутры ўтрымоўвае кудзелістую крухмалістую масу крэмавага колеру. Адрозніваюць сарты, якія ўтрымоўваюць унутры насенне і не ўтрымоўваюць яго. Пры спрыяльных кліматычных умовах прыносіць ураджай да 150 кг суплодзяў на працягу 9 месяцаў у год.
Галоўным чынам выкарыстоўваецца мякаць суплодзяў, якая пры выпяканні ператвараецца ў саладкаваты «хлеб». У Палінезіі мякаць нарыхтоўвалі і квасілі ў ямінах. Няспелыя суплодзі па смаку нагадваюць агуркі і таксама шырока ўжываюцца ў кулінарыі. Смажанае і варанае насенне ўжываюць у якасці самастойнай ежы або прыправы.
Драўніна з-за хуткага росту друзлая. Выкарыстоўваецца ў якасці паліва.
Зноскі
- ↑ Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
- ↑ Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».