Конныя мяшчане — група ваенна–служылых мяшчан у ВКЛ у 16-17 ст. Нашчадкі былых баяр, якія перасяліліся ў горад, але захавалі свае маёнткі і абавязак выконваць ваенную земскую службу ў феадальным апалчэнні свайго павета.

У 16 ст., як асобная сацыяльная група існавалі віцебскія конныя мяшчане (каля 100 сем'яў). Яны падзяляліся на дзве групы: жыхары Віцебска, або яго прадмесця; жыхары віцебскага ваяводства што калісьці выселіліся з горада. У прывілеі Віцебску на магдэбургскае права (1597) жыхары Віцебска былі ўравнаваны ў правах з іншымі мяшчанамі. Віцебскія конныя мяшчане, якія жылі ў маёнтках і сёлах, атрымалі ад вялікага князя Жыгімонта III Вазы прывілей (24 сакавіка 1626), паводле якога захавалі свае маёнткі, але былі пераведзены пад юрысдыкцыю ваяводы з-пад юрыздыкцыі гродскага і земскага судоў Віцебскага павета. Гэта невялікая група займала прамежкавае становішча паміж сялянства і шляхтай, частка ўвайшла ў разрад дробнай шляхты. Аналагічная невялікая сацыяльная група была ў Слуцку ў 1-ай пал. 17 ст. паводле статута Слуцка, выдадзенага Крыштофам Радзівілам (5 мая 1621), усе купцы горада і багатыя мяшчане, што жылі ў дамах на Рыначнай плошчы, цэхмістры і сотнікі гарадскога апалчэння павінны былі складаць конны атрад апалчэння. Частка з іх таксама з'яўлялася нашчадкамі баяр, што пасяліліся ў горадзе. Гэта група знікла да сяр. 17 ст.