Кратар (пасудзіна)

Кратар (стар.-грэч.: κρατήρ — «сасуд для змешвання віна») — старажытнагрэчаская пасудзіна з металу ці гліны (радзей — з мармуру ці іншых камянёў) для змешвання віна з вадой. Характэрнымі рысамі кратара з’яўляюцца шырокае тулава з шырокай нізкай ножкай і шырокай гарлавінай і дзве ручкі па баках.

Барэады ратуюць Фінея ад гарпій, чырвонафігурны кратар з калонападобнымі ручкамі.

Кратары выкарыстоўваліся пад час сімпосіумаў (традыцыйнае для Старажытнай Грэцыі сумеснае піццё віна, якое суправаджалася размовамі на розныя тэмы і выступленнем музыкаў). Праз іх вялікую вагу кратары размяшчалі нерухома ў цэнтры залі, пасля чаго слугі пры дапамозе кіяфаў (чашаў з высокай петлепадобнай ручкай) разлівалі змяшанае з вадой віно па кіліках, з якіх пілі госці. У кратары маглі змяшчаць дадатковы сасуд — псіктар, які напаўняўся ільдом і служыў для ахалоджвання віна.

У больш раннія эпохі (каля VIII ст. да н.э.) кратары выкарыстоўваліся ў якасці надмагілляў. Адметнай рысай формы падобных кратараў (г. зв. «дыпілёнскія кратары», якія атрымалі сваю назву па назве старажытных могілак побач з Дыпілёнскай брамай у Афінах) была высокая ножка, якой, як правіла, не было ў позніх тыпаў.

Тыпы правіць

У залежнасці ад месца размяшчэння і формы ручак, а таксама ад формы тулава, кратары падзяляюцца на чатыры асноўныя тыпы:

Звонападобны кратар — сасуд, тулава якога мае форму, блізкую да формы яйка, і разам з шырокім горлам нагадвае перакулены звон. Ручкі — адносна невялічкія, размешчаны ўверсе ў гарызантальнай праекцыі і практычна перпендыкулярна плоскасці тулава з маленькім уклонам уверх.

Кратар з калонападобнымі ручкамі — мае, як правіла, блізкую да шару форму тулава, якая нагадвае іншы старажытнагрэчаскі сасуд — стамнас. Але кратар, у адрозненне ад стамнаса, мае больш шырокае горла, а яго ручкі злучаюцца з венчыкам. Пры гэтым ручкі простыя па форме і амаль вертыкальныя, што надае ім падабенства з калонамі, адкуль і паходзіць назва гэтага тыпу.

Чашалісцікавы кратар — найбольш аб’ёмны тып кратара, ніжняя частка тулава якога нагадвае чашалісцікі кветкі. У цэлым тулава мае форму перакуленага ўсечанага цыліндра, з крыху ўвагнутымі ўнутр сценкамі. Дзве адносна вялікія петлепадобныя ручкі мацуюцца да ніжняй часткі тулава гарызантальна з тым ці іншым ухілам уверх. Як лічыцца, дзякуючы сваёй форме чашалісцікавыя кратары найчасцей спалучаліся з выкарыстаннем псіктараў.

Волютны кратар — па сваёй форме набліжаецца да амфары, але адрозніваецца ад яе значна больш шырокім горлам. Ручкі размешчаны аналагічна ручкам амфары, але ў верхняй сваёй частцы маюць дэкаратыўныя элементы ў форме волютаў (спіралепадобных завіткоў), якія на свой поўны дыяметр выступаюць па-над горлам. На саміх волютах маглі іншым разам змяшчацца выявы твараў міфалагічных істот.

Матэрыялы правіць

Матэрыялам для вырабу падаўляючай большасці кратараў і іх фрагментаў, дайшоўшых да нас, была гліна. Металічныя (з бронзы ці срэбра) абразцы куды больш рэдкія, што можа часткова тлумачыцца тым, што металічныя сасуды маглі ў далейшым пайсці ў пераплаўку. Амаль усе металічныя кратары, якія дайшлі да нас ад ранніх часоў (эпоха архаікі), належаць да волютнага тыпу. У далейшым пачалі з’яўляцца металічныя кратары чашалісцікавага тыпу.

З эпохі элінізма пачынаюць з’яўляцца кратары з мармуру (як правіла, звонападобнага ці чашалісцікавага тыпу), якія выкарыстоўваюцца ў якасці дэкаратыўных элементаў у садах. У рымскую эпоху гэтая традыцыя набыла шырокі распаўсюд. Гэтая традыцыя зноў вяртаецца ў эпохі барока і неакласіцызма.

Да рымскай эпохі належаць знаходкі адносна невялічкіх кратараў з шкла.

Вядомыя кратары правіць

Спасылкі правіць