Адкрыць галоўнае меню

Краязнаўчыя музеі — музеі, зборы якіх дакументуюць і папулярызуюць розныя бакі жыцця (прыродныя ўмовы, гістарычнае развіццё, эканоміку, побыт, культуру) канкрэтнага адміністрацыйнага рэгіёна альбо населенага пункта, складаюць частку яго прыроднай і культурнай спадчыны.

Спецыфіка краязнаўчых музеяў — іх комплексны характар, у іх калекцыях прадстаўлены крыніцы ўсіх відаў па розным галінам ведаў, дзейнасць краязнаўчых музеяў звязана з комплексам навуковых дысцыплін (прыродазнаўчых, гуманітарных і інш.). Гэта найбольш масавая група музеяў у музейнай сетцы Беларусі.

Правобразам краязнаўчых музеяў былі музеі мясцовага краю, якія паўставалі ў Расійскай імперыі на працягу ХІХ — пачатку ХХ стст. (Магілёўскі музей статыстычнага камітэта, 1867; музей Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, 1909; Мінскі гарадскі музей, 1912). Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі ў БССР развіццё краязнаўчых музеяў адбывалася ў шчыльнай сувязі з краязнаўчым рухам 1920-х гг. (Слуцкі краязнаўчы музей, 1923; Бабруйскі краязнаўчы музей, 1924; Полацкі краязнаўчы музей, 1926). На заходнебеларускіх землях — у кантэксце агульнапольскага руху рэгіяналізму (Пінскі рэгіянальны музей, 1926; Слонімскі рэгіянальны музей, 1929; Ваўкавыскі рэгіянальны музей, 1937). У сувязі са сваёй роллю ў культурным жыцці краю, краязнаўчыя музеі адны з першых саспыталі ідэалагічны ціск таталітарнага рэжыму, што прывяло да іх заняпаду ў 1930-я гг. Падчас нямецкай акупацыі будынкі і калекцыі былі знішчаны.

Аднаўленню сеткі краязнаўчых музеяў БССР у пасляваенны час паспрыяў шэраг заканадаўчых актаў ЦК КП(б)Б і СМ БССР («Аб паляпшэнні работы музеяў і разгортванні краязнаўства», 1947; «Палажэнне аб раённым краязнаўчым музеі», 1954 і інш.). Лібералізацыя грамадскага жыцця ў СССР у сяр. 1950-х — сяр. 1960-х гг. дазволіла актывізаваць дзейнасць краязнаўчых музеяў.

Адной з новых форм развіцця краязнаўства стала стварэнне грамадскіх музеяў. Націск у камплектаванні калекцый і планаванні экспазіцый рабіўся на матэрыялы, якія дэманстравалі поспехі сацыялістычнага будаўніцтва. У пачатку 1990-х гг. пачаўся якасна новы этап у развіцці краязнаўчых музеяў Беларусі, абумоўлены грамадскім рухам па нацыянальна-культурным адраджэнні.

ЛітаратураПравіць

  • Гужалоўскі, А. А. Музеі Беларусі (1918—1941 гг.) / А. А. Гужалоўскі. — Мінск: НАРБ, 2002. — 176 с.