Лонг (Λόγγος) — старажытнагрэчаскі пісьменнік II—III ст. н.э.

Лонг
Λόγγος

Асабістыя звесткі
Дата нараджэння II стагоддзе
Месца нараджэння Лесбас (?)
Дата смерці II стагоддзе
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці Пісьменнік, паэт
Гады творчасці II стагоддзе[1]III стагоддзе[1]
Жанр Антычны раман
Мова твораў старажытнагрэчаская мова
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфічныя звесткі

правіць

Яму традыцыйна прыпісваецца аўтарства рамана «Дафніс і Хлоя». Хоць даследчыкі не ўпэўненыя ці прозвішча аўтара сапраўднае, ці псеўданім. Ёсць сцверджанне нават, што ніякае гэта не імя: проста перапісчык, падаючы першыя радкі твора: «Гісторыі пастушынай пра Дафніса і Хлою ўступ» замест слова «гісторыі (твора)» (у родным склоне па-грэчаску «логі») памылкова падвоіў «г», а тады першае слова чытаецца «лонгі» і можа разумецца як родны склон ад імя Лонга (Лонгаса) у значэнні «Лонгавага (твора)… уступ». Але большасць вучоных лічыць, што памылкі не было: на востраве Лесбасе імя Лонга пацвярджаецца дакументамі, на Эгейскіх астравах яно было нярэдкае. Грэчаскае імя звязваецца з лацінскім словам Лонгус — доўгі. Такія імёны сустракаліся ў часы рымскіх цэзараў. Нямала грэкаў насілі рымскія імёны, дый вольнаадпушчанікам розных нацыянальнасцей давалі тады лацінскія імёны.

Невядома, адкуль паходзіць пісьменнік. Магчыма, з Лесбаса — месца, дзе разгортваецца дзеянне яго рамана. Але асобныя вучоныя, спасылаючыся на апісанне марознай зімы ў творы — з'явы надзвычай рэдкай на гэтым востраве, і яшчэ сякія-такія недакладнасці, нават сумняваюцца, што аўтар бываў на Лесбасе.

Невядома дакладна, калі Лонг жыў, калі ствараў раман. Зважаючы на згадку аднаго месца з рамана ў прамове імператара Юліяна «Непрыяцель барады» мяркуецца, што «Дафніс і Хлоя» напісаны не пазней 362 года — вядомай даты самой прамовы. Ніжэйшая верагодная мяжа з'яўлення твора вызначаецца на стагоддзе пазней — сярэдзінаю III ст.

Аўтара твора характарызуе ўлюбёнасць у старажытную Грэцыю, яе краявіды, мову, літаратуру.

Творчасць

правіць

Раман «Дафніс і Хлоя» — падрабязны аналіз кахання пастуха і пастушкі, што надае твору рысы псіхалагічнага. Паводле сюжэтна-кампазіцыйнай будовы ён спалучаецца з матывамі букалічнай паэзіі. Раман напісаны рытмічнай прозай з ужываннем рыфмы, стыль адметны вытанчанасцю і багаццем прыёмаў антычнай рыторыкі.[2] У творы адкінуты далёкія блуканні і вандроўкі закаханых герояў па многіх краінах і морах, няма дэкламацый і маналогаў, абавязковых ва ўсіх ранейшых грэчаскіх раманах.[3]

Паўплываў на развіццё пастаральнага рамана перыяду Адраджэння і Асветніцтва.

На беларускую мову раман пераклаў Анатоль Клышка.

Беларускія пераклады

правіць
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою. / Пер., прадм. і камент. А. Клышка. — Мн., 1991.

Зноскі

  1. а б Czech National Authority Database Праверана 8 чэрвеня 2022.
  2. С. Малюковіч (1999)
  3. А. Клышка (1991)

Літаратура

правіць
  • Малюковіч С. Лонг // БЭ ў 18 т. Т. 9. — Мн., 1999.