Лесбас
Ле́сбас (грэч. Λέσβος) — грэчаскі востраў у паўночна-ўсходняй частцы Эгейскага мора. Плошча — 1636 км². Насельніцтва (2011 г.) — 85 330 чалавек.
Лесбас | |
---|---|
грэч. Λέσβος | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 1 636 км² |
Насельніцтва | 85 330 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 52,16 чал./км² |
Размяшчэнне | |
39°10′00″ пн. ш. 26°20′00″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Эгейскае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Галоўны горад вострава — Мітылена.
Лесбас вядомы з антычных часоў як важны культурны цэнтр паміж кантынентальнай Грэцыяй і Малой Азіяй. Тут нарадзіліся такія славутыя асобы, як Пітак, адзін з сямі мудрацоў, паэты Алкей і Сапфо, гісторык Геланік, праваслаўны падзвіжнік Сімеон Мітыленскі, знакаміты асманскі карсар Хайрадзін Барбароса.
Геаграфія
правіцьЛесбас — трэці па велічыні востраў Грэцыі і восьмы па велічыні ў Міжземным моры пасля Сіцыліі, Сардзініі, Кіпра, Корсікі, Крыта, Маёркі і Эўбеі. Ён месціцца ў 9 км ад заходніх берагоў Малой Азіі, у 229 км на паўночны ўсход ад Афін. Працягласць берагавой лініі — 320 км[1].
Геалагічная гісторыя Лесбаса пачалася ў палеазоі. На фарміраванне сушы значнае ўздзеянне аказала вулканічная дзейнасць у міяцэнавы перыяд. Яе сведчаннем з’яўляюцца кальдэры на поўначы і захадзе вострава. Частыя землятрусы садзейнічалі падняццю значнай часткі паверхні. У нашы дні горныя масівы вылучаюцца на поўначы, захадзе і паўднёвым усходзе. Найвышэйшы пункт — гара Алімп (967 м) на поўдні вострава. Другім наступствам землятрусаў сталі расколы берагавой лініі і ўтварэнне вузкіх заліваў Келоніс і Мітыліні на поўдні. На Лесбасе існуюць 4 геатэрмальныя зоны, агульнай плошчай 47 км²[2]. Вялікіх рэк няма, але на поўначы горныя ручаі ствараюць некалькі вадаспадаў.
Клімат міжземнаморскі з мяккай зімой і спякотным засушлівым летам. Узімку дзённая тэмпература трымаецца каля 12 °C — 13 °C. Улетку яна можа дасягаць 38 °C — 40 °C. Паветра асцюжаюць толькі вятры мелтэмі, што дзьмуць з паўночнага захаду[3]. Штогадовая колькасць ападкаў — 670 мм.
Прырода
правіцьФлора Лесбаса налічвае каля 1400—1500 таксонаў раслін. Ужо ў антычнасці востраў быў знакаміты хваёвымі лясамі. У нашы дні яны захоўваюцца пераважна на поўдні і паўднёвым захадзе. На поўдні таксама маецца каштанавы лес, які займае 8 000 га[4]. На ўсходзе вострава пераважаюць пашы. На паўднёвым усходзе — маслінавыя гаі. Распаўсюджаныя дрэвы і хмызнякі: дуб, мірт, алеандр, рададэндран жоўты, лаўр, сунічнае дрэва і інш. Багаты шэраг араматычных раслін: лаванда, мята, базілік, чабор, мацярдушка. Знойдзены эндэмічны від каменніка.
На паўночным захадзе Лесбаса знаходзіцца акамянелы лес, у якім дзякуючы вулканічнай дзейнасці закансерваваны расліны 20-мільённай даўніны[5]. У тую пару пераважаў субтрапічны клімат. Захаваліся рэшткі пальм, секвой, карычных дрэў, таполяў.
Дзякуючы блізкасці да Малой Азіі жывёльны свет надзвычай разнастайны ў параўнанні з іншымі грэчаскімі астравамі. Сустракаюцца выдры, тхары, дзікі, вавёркі, жабы, паўзуны, у тым ліку чарапахі. Шмат розных птушак[4].
Для захавання прыроды вострава быў створаны геапарк, які ўваходзіць у сетку геапаркаў ЮНЕСКА[6].
Гісторыя
правіцьПершыя насельнікі з’явіліся на Лесбасе ўжо ў ніжнім палеаліце[7]. У канцы неаліта на ім склалася цывілізаванае грамадства земляробаў. На ўсходзе вострава каля мястэчка Фермі археолагамі было выяўлена гарадское паселішча, якое ўзнікла ў 3 тысячагоддзі да н. э. і праіснавала да канца бронзавага века[8]. Ізатопны аналіз знойдзеных металічных вырабаў паказаў, што мясцовыя жыхары атрымоўвалі медзь пераважна з Траады і Кікладскіх астравоў[9].
У сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э. сфарміравалася культура чырвонай лесбійскай керамікі, якую першаадкрывальнікі атаяснялі з уплывам мінойцаў[10]. Хецкія архівы сведчаць, што з гэтага часу Лесбас знаходзіўся пад кантролем мікенцаў, хаця ў XIII ст. да н. э. заваёваўся анаталійцамі[11]. Мясцовая культура да архаічнага перыяда была ў большасці анаталійская, чым грэчаская. У старажытнагрэчаскай міфалогіі першым валадаром Лесбаса лічыўся Макар з Родаса. Асноўныя паселішчы атрымалі назвы ад імёнаў яго дачок. Гамер называў жыхароў Лесбаса пеласгамі. Востраў і землі ў Малой Азіі насупраць, населеныя лелегамі, рабаваліся Ахілам[12]. Рабыні з Лесбаса ўзгадваліся ў мікенскіх лінейных таблетках.
Каля 900 г. да н. э. Лесбас быў заваяваны эалійцамі[13]. Згодна Страбону, іх узначальваў Грас, праўнук легендарнага валадара Агамемнана[14]. Адсюль эалійцы рассяляліся па заходняму ўзбярэжжу Малой Азіі. Мітылена, найбуйнейшы поліс Лесбаса, з’яўлялася важным палітычным, гандлёвым і рэлігійным цэнтрам Эалійскага саюза. Яе росквіт адбыўся ў пачатку VI ст. да н. э. дзякуючы рэформам Пітака[15]. Лесбійскія храмы Апалона і Артэміды прыцягвалі шматлікіх пілігрымаў.
У 527 г. да н. э. Лесбас быў далучаны да дзяржавы Ахеменідаў. У 479 г. да н. э. быў вызвалены і трапіў пад уплыў Афін. Спроба мітыленцаў выйсці з Афінскага саюза прывяла да ваеннай сутычкі 428 — 427 гг. да н. э. з афінскім флотам[16]. Мітылена была ўзята ў аблогу. Пасля перамогі афінян 1000 паўстанцаў былі пакараны смерцю. Землі вострава, акрамя валоданняў Мітымны, былі падзелены на 3000 валоданняў і размеркаваны паміж пераможцамі. З 392 г. да н. э. да 88 г. да н. э. Лесбас напераменку захопліваўся спартанцамі, афінянамі, персамі, македонцамі, пакуль не трапіў у склад валоданняў Рыма. У 62 г. да н. э. Гней Пампей узнавіў статус Мітылены як свабоднага горада[17].
У антычнасці Лесбас славіўся прыгожымі жанчынамі. Слова «лесбіянка» значыла прыгажуню[18]. Пазней лесбіянства стала атаесамляцца з творчасцю лесбійскай паэткі Сапфо, якая апісвала прыгажосць жанчын[19]. Лесбас — радзіма іншых выдатных пісьменнікаў Старажытнай Грэцыі, Алкея і Геланіка. У 346 — 343 гг. да н. э. на ім жыў Арыстоцель[20]. На востраве разгортваюцца падзеі рамана «Дафніс і Хлоя».
Пасля падзелу Рымскай імперыі Лесбас стаў часткай Візантыі. У раннюю хрысціянскую пару на ім было пабудавана 57 базілік. У перыяд іконаборства ўславіўся мясцовы манах Сімеон Мітыленскі[21]. У 769 г. на востраў нападалі славяне. У 821 г., 881 г., 1055 г. — мусульмане. У 1128 г. — венецыянцы[22]. Падчас чацвёртага крыжовага пахода дастаўся Бадуэну дэ Эно, але пасля 1224 г. трапіў пад кантроль Нікейскай імперыі. 17 чэрвеня 1355 г. імператар Іаан VI Кантакузін прызначыў архонтам Лесбаса генуэзкага пірата Франчэска Гатылусіа. Ён загінуў у 1384 г. падчас землятруса, але сям’я Гатылусіа кіравала востравам да сярэдзіны XV ст.[23] У склад аўтаномнай дзяржавы Гатылусіа таксама ўваходзілі астравы Лемнас, Тасас і частка малаазіяцкага прыбярэжжа на поўнач ад сучаснага Ізміра. Варожасць паміж чальцамі сям’і прывяла да ўмяшання з боку Асманскай імперыі. У 1462 г. Мехмед II узяў у аблогу крэпасць у Мітылене і пасля бамбаванняў з вялікіх гармат вымусіў апошняга архонта Нікола здацца ў палон.
У перыяд асманскага панавання востраў разглядаўся як важны ваенна-марскі фарпост. Былі ўмацаваны старыя і пабудаваны новыя крэпасці. Адначасова адбывалася ісламізацыяй мясцовага насельніцтва, асабліва ў прыбярэжных раёнах. На Лесбасе нарадзіўся вядомы карсар Хайрадзін Барбароса[24]. Аднак пасля Руска-турэцкай вайны 1787—1791 гг. востраў страціў ваеннае значэнне. Асноўным заняткам мясцовых жыхароў стала вытворчасць алею. У 1817—1821 гг. грэчаскія паўстанцы імкнуліся далучыць Лесбас да Грэцыі[25], аднак гэта прывяло да зваротных рэпрэсій супраць хрысціян. Вынішчэнне маслінавых дрэў і землятрус 1867 г. прывялі да міграцыі астравіцян у Малую Азію.
8 лістапада 1912 г. Лесбас быў заняты грэчаскім ваенным флотам. У 1914 г. афіцыйна далучаны да Грэцыі. У 1923—1924 гг. турэцкае насельніцтва было выслана з вострава. Сюды перасяляліся грэкі з Анатоліі. У 1941—1944 гг. востраў быў акупаваны нацысцкімі войскамі. З 2015 г. адбываецца масавае перасяленне бежанцаў з Блізкага Усходу. У верасні 2018 г. у лагеры для бежанцаў Морыя знаходзілася 8 500 чалавек[26].
Эканоміка
правіцьЭканоміка Лесбаса заснавана пераважна на эксплуатацыі мясцовых рэсурсаў. Аддаленасць ад метраполіі і астраўны характар з’яўляюцца фактарамі, што стрымліваюць развіццё. Валавы прадукт на душу насельніцтва складае 69,1 % ад грэчаскага[27].
Сельская гаспадарка — традыцыйны занятак. Важнае гаспадарчае значэнне маюць вытворчасць маслін, вінаграду, кармавых і збожжавых культур, жывёлагадоўля. У 2010 г. маслінавыя гаі займалі 184 180 га, сады — 1315,6 га, пасадкі вінаграду — 7786,5 га, бульбы (ураджай атрымоўваюць 3 разы на год) — 532,6 га, сачавіцы — 10,5 га, пшаніцы — 4832,18 га. Колькасць свойскай жывёлы ў 2010 г.: 370 410 авечак, 45 935 коз, 17 702 — кароў[28]. Аліўкавы алей з’яўляецца галоўным камерцыйным прадуктам для вывазу ў іншыя рэгіёны Грэцыі і замяжу. Многія сялянскія сядзібы арыентаваны на арганічную сельскую гаспадарку. Прамысловасць шчыльна злучана з перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі і абслугоўваннем[29]. Прыбярэжныя воды Лесбаса вядомы ўловамі сардзін, вугроў, кальмараў. Аднак развіццю рыбалоўства перашкаджае блізкасць дзяржаўнай мяжы з Турцыяй[30].
Турызм — важная галіна, з якой звязана сфера абслугоўвання. У 2015 г. Лесбас наведалі 75 613 турысты[31]. Акрамя аматараў мясцовых пляжаў і гістарычных мясцін, Лесбас папулярны сярод прыхільнікаў экалагічных і рэлігійных вандровак. Значнае зніжэнне колькасці турыстаў адбылося пасля 2015 г. у сувязі з наплывам бежанцаў з Блізкага Усходу.
Зноскі
- ↑ Information about the geography of Lesvos, Greece
- ↑ CORRELATION OF TECTONICS, SEISMICITY AND GEOTHERMICS OF LESBOS ISLAND USING REMOTE SENSING DATA AND GEOGRAPHICAL INFORMATION SYSTEMS
- ↑ Climate — Lesbos
- ↑ а б Flora and Fauna Архівавана 27 красавіка 2019.
- ↑ The Petrified Forest of Lesvos
- ↑ Lesvos island UNESCO Global Geopark Архівавана 27 красавіка 2019.
- ↑ Alan H Simmons, Stone Age Sailors: Paleolithic Seafaring in the Mediterranean
- ↑ The Aegean Islands in the Bronze Age-Habitation
- ↑ THE ORIGIN of METAL OBJECTS FROM the EARLY BRONZE AGE SITE of THERMI ON the ISLAND of LESBOS
- ↑ Lamb, W. Excavations at Thermi in Lesbos. — P. 65-66
- ↑ Textual and Archaeological Evidence for Late Bronze Age Lesbos, Mycenaean Hegemony, and the Name of a Great King of the Achaeans
- ↑ Страбон. Кніга XIII, I:7
- ↑ Encyclopedia of the Ancient Greek World. — P. 190
- ↑ Aeolian Colonization
- ↑ Pittacus of Mytilene
- ↑ Siege of Mytilene, 428—427 BC
- ↑ V. I. ANASTASIADIS, THEOPHANES AND MYTILENE’S FREEDOM RECONSIDERED
- ↑ Poet Sappho, the Isle of Lesbos, and sex tourism in the ancient world
- ↑ Sappho of Lesbos
- ↑ ARISTOTLE ON LESBOS 346-343BC
- ↑ Преподобный Симео́н Митиленский, Новый Столпник
- ↑ History and Culture of Lesvos (Lesbos) island, Greece
- ↑ Гл. Wright, Ch. The Gattilusio Lordships and the Aegean World 1355—1462
- ↑ Hayreddin Barbarossa
- ↑ History & Mythology of Lesvos
- ↑ Lesbos refugee camp at centre of Greek misuse of EU funds row
- ↑ Οικονομία του Νομού(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 лістапада 2018. Праверана 26 лютага 2019.
- ↑ LIFE ανάμεσα στα ελαιόδεντρα
- ↑ Οικονομικά αποτελέσματα βιομηχανιών του νομού Λέσβου, 2015 Архівавана 23 чэрвеня 2017.
- ↑ Σε κίνδυνο η αλιεία στην Λέσβο
- ↑ Ανακάμπτει μετά την προσφυγική κρίση ο τουρισμός στη Λέσβο
Літаратура
правіць- Encyclopedia of the Ancient Greek World. / David Sacks, Oswyn Murray, Lisa R. Brody. — New York: Facts on Fire, 2005. ISBN 0-8160-5722-2
- Lamb, W. Excavations at Thermi in Lesbos. / Winifred Lamb. — New York: Cambridge University Press, 1936. ISBN 978-1-107-43310-6
- Wright, Ch. The Gattilusio Lordships and the Aegean World 1355—1462. / Christopher Wright. — Leiden, Boston: BRILL, 2004 ISBN 978-90-04-26481-6
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Фота і Відэа
- Афіцыйны сайт
- Даследаванне Лесбаса
- Гісторыя і міфалогія