Першы афінскі марскі саюз

Дэласкі саюз (таксама Дэлаская сімахія, Першы афінскі марскі саюз) — саюз, які вылучыўся з агульнага саюза дзяржаў Элады супраць персаў пасля таго, як спартанцы, які некалькі разоў безпаспяхова спрабавалі пасля бітвы пры Платэях захаваць за сабой марскую гегемонію, канчаткова саступілі яе афінянам (477 г. да н.э.). У стварэнні і пашырэнні афінскага марскога саюза адыгралі значную ролю Арыстыд і Кіман.

Першы афінскі марскі саюз у 431 да н.э.

Мэтай саюза была пастаўлена вайна супраць персаў, каб вызваліць яшчэ падуладных ім грэкаў і адпомсціць за паход на Эладу. Афіняне выбіралі штогод дзесяць элінатаміяў для кіравання саюзнай казной, якая знаходзілася на Дэласе, у свяцілішчы Апалона. Саюз уяўляў сабой сімахію на вечныя часы. Ён развіваў гандаль і забяспечваў бяспеку камунікацый, таму яго падтрымлівалі купецтва і рамеснікі. Асноўная мэта была дасягнута ў выніку заключэння Каліева міру меркавана каля 449 г., з гэтага моманту выразней выявілася імкненне Афін ператварыць саюз у свой пратэктарат[1]. Афіняне кіравалі справамі саюза пры садзейнічанні прадстаўнікоў іншых саюзных дзяржаў, але лёгка маглі аказваць на іх ціск, складаючы сабе большасць галасоў з прадстаўнікоў дробных гарадоў (усе саюзныя дзяржавы мелі роўнае права голасу). Спачатку вырашана было, што дзяржавы могуць служыць справе саюза, рыхтуючы караблі ці ўносячы грошы; але неўзабаве сталі аддаваць перавагу грашовым унёскам (форас) для дасягнення большай аднастайнасці ў рыштунку караблёў і экіпажа. Раскладка гэтых унёскаў была даручана Арыстыду. Толькі буйныя дзяржавы, як Самас, Хіяс, Лесбас, магчыма, Фазас і Наксас, былі прызнаны самастойнымі падатковымі адзінкамі. Астатнія гарады былі падзелены на тры акругі: Астраўную, Іанійскую і Гелеспонцкую; пазней дадаліся яшчэ дзве: Фракійская і Карыйская.

У 454 г. саюз аб'ядноўваў 208 добраахвотных і вымушаных членаў. Агульная сума даніны складала 460 талентаў у год, аднак ў 425—424 г. Клеон павялічыў яе да 1460 талентаў. З цягам часу саюзнікі ўсё ахвотней згаджаліся ўносіць грошы замест пастаўкі суднаў. Гэта павялічвала ўладу афінян у саюзе, якія цяпер ужо сілай вымагалі грошы ад неакуратных платнікаў і, скараючы тых, хто адпаў, ператваралі іх у падданых; упершыню гэты падыход яны прадэманстравалі на наксасцах (469 г. да н.э.).

Скарыстаўшыся слыхам пра з'яўленне персідскага флоту каля Архіпелага, афіняне ў 454 г. перанеслі саюзную казну з Дэласа ў Афіны. Да гэтага часу ўсе гарады, акрамя Самаса, Хіяса і Лесбаса, былі даннікамі Афін; сінедрыён саюзнікаў быў, відаць, ліквідаваны, і саюз ператварыўся ў афінскую марскую дзяржаву. У казну багіні Афіны стала ісці 1/60 усёй даніны. Афіняне сталі ўмешвацца ва ўнутраныя справы саюзных гарадоў, трымаць у іх гарнізоны, патрабаваць саюзнікаў на суд па важнейшых справах і па апеляцыях у Афіны і да т.п. Нягледзячы на строгія меры афінян, адно за іншым пачаліся адпадзенні гарадоў ад саюза. Самым яскравым прыкладам можа служыць гісторыя адпадзення в-ва Самаса ў 440 г. Афіняне спрабавалі ўзнагародзіць сябе за адпадзенні новымі сумамі даніны. У пачатку пелапанескай вайны (427) яны жорстка пакаралі за адпадзенне мітыленцаў і паслалі ў іх зямлю сваіх клерухаў. У 426 г. яны паказалі сябе, падобна Пісістрату, «валадарамі мора», ачысціўшы Дэлас ад трупаў і забараніўшы нараджацца і паміраць на свяшчэнным востраве. Пасля сіцылійскай катастрофы пачаліся масавыя адпадзенні саюзнікаў, і да канца вайны саюз спыніў сваё існаванне.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Словарь античности. Пер. с немецкого. М., Прогресс, 1989

Спасылкі

правіць
Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).