Ле́легі (стар.-грэч.: Λέλεγες) — старажытны народ у Малой Азіі, Балканскім паўвостраве і астравах Эгейскага мора.

Лелегі
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Старажытная Грэцыя
Мова
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы

Лакалізацыя правіць

Большасць антычных аўтараў выкарыстоўвалі назву лелегаў пры апісанні захаду Малой Азіі, дзе тыя калісьці насялялі тэрыторыі Іоніі, Эоліі і Карыі, а таксама суседніх астравоў Эгейскага мора. Ужо ў часы Герадота лелегі зніклі, таму падрабязных апісанняў іх культуры не засталося.

У "Іліядзе" лелегі ўзгадваюцца сярод саюзнікаў траянцаў, аднак не ў асноўным спісе[1]. Гэта наводзіць на думку аб найпозняй устаўцы. Герадот атаесамляе лелегаў са старажытнымі карыйцамі і кажа, што ў даўнія часы яны насялялі астравы Эгейскага мора, падпарадкоўваліся мінойцам, замест даніны давалі ім грабцоў на караблі. Менавіта мінойцы перасялілі лелегаў у Малую Азію[2].

Страбон, які жыў значна пазней за ўзгаданых аўтараў, але карыстаўся самымі рознымі крыніцамі, пісаў, што ў старажытнасці лелегі насялялі Іонію і Эолію, адкуль былі выціснутыя элінамі-каланістамі ў Карыю, дзе працягвалі займаць значныя тэрыторыі[3]. Ва ўнутранай частцы Карыі імі было заснавана 8 гарадоў[4]. Ён жа са спасылкай на папярэднікаў фіксуе старажытных лелегаў у Балканскай Грэцыі, у прыватнасці ў Беотыі[5]. Паходжанне лелегаў для яго застаецца смутным. Страбон то тлумачыць словы Гесіёда, быццам бы яны з'яўляліся змяшэннем "рознапляменнай набрыдзі", то ўслед за Герадотам выводзіць іх з Эгейскіх астравоў.

У тэкстах хетаў узгадваецца заходні дзікі народ з падобным найменнем lulahi, які ў іх час відавочна жыў у Малой Азіі.

Культура правіць

Мова лелегаў невядомая. Частка сучасных даследчыкаў лічаць іх даіндаеўрапейскім насельніцтвам Еўропы і Азіі. Згодна антычным крыніцам, лелегі былі заснавальнікамі некалькіх рэлігійных традыцый, пазней перанятых грэкамі Малой Азіі.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Гамер, X:429
  2. Герадот, I:171
  3. Страбон, Кніга 12, I:3-4
  4. Страбон, Кніга 13, I:59
  5. Страбон, Кніга 7, VII:2