МАЗ-516

грузавы аўтамабіль

МАЗ-516 — савецкі буйнатанажны грузавы аўтамабіль, які выпускаўся на Мінскім аўтамабільным заводзе. Створаны на базе МАЗ-500 як мадыфікацыя з пад’ёмнай трэцяй воссю (колавая формула — 6х2). Выпускаўся невялікімі партыямі ў 1969—1980 гады.

МАЗ-516
Вытворца МАЗ
Месца вытворчасці Мінск, БССР
Гады выпуску 1969—1980
Храналогія
МАЗ-6301

Гісторыя правіць

Ідэя стварэння гэтай мадыфікацыі ўзнікла пасля паездкі галоўнага канструктара МАЗ М. С. Высоцкага ў Фінляндыю. У гэтай краіне дзейнічала абмежаванне восевых нагрузак (8 т), якому МАЗ-500 не адпавядаў. Каб павысіць эфектыўнасць выкарыстання машын, грузавік абсталявалі трэцяй невядучай воссю, якую падчас руху паражняком можна было б падняць з дапамогай пнеўмагідраўлічнага прывада. Такая машына атрымала абазначэнне МАЗ-516 і стала першай трохвосевай мадыфікацыяй у сямействе МАЗ-500[1].

Выпуск пачалі ў 1969 годзе[2]. Выпушчана 65 асобнікаў МАЗ-516[1]. У чэрвені 1973 года былі выраблены першыя машыны мадэрнізаванай версіі МАЗ-516Б, якая адрознівалася больш магутным рухавіком і большай на 1,5 тоны грузападымальнасцю[3]. Было выпушчана 1111 машын МАЗ-516Б[1].

Канструкцыя правіць

Па большай частцы вузлоў МАЗ-516 уніфікаваны з базавай мадэллю сямейства — МАЗ-500. Асноўныя адрозненні — даўжэйшыя рама і грузавая платформа, іншая задняя падвеска і дадатковая вось з гідраўлічным прывадам падымання. Гэтая вось узята ад паўпрычэпа МАЗ-5232В[2]. Яна прадстаўляе сабой бэльку з трубы з прываранымі рысорнымі пляцоўкамі і тармазнымі супартамі. Для вывешвання служыць гідраўлічная прылада з прывадам ад помпы гідраўзмацняльніка рулявога кіравання і механічным захватам, які фіксуе вось у вывешаным становішчы. Кіраванне механізмам ажыццяўляецца з дапамогай пнеўмакрана, які размешчаны ў кабіне на шчытку прыбораў. Каб апусціць вось, ручка крана паварочваецца налева. Калі трэба падняць вось — направа.

Таксама МАЗ-516 мае дадатковы паліўны бак.

Тэхнічныя характарыстыкі правіць

МАЗ-516[4] МАЗ-516Б[5]
Грузападымальнасць, кг 14000 14500
Маса без нагрузкі, кг 8800 9050
Размеркаванне падрыхтаванай масы па восях, кг на пярэднюю вось 3600 3850
на заднюю цялежку 5200
Дапушчальная маса аўтамабіля, кг 23525 23700
Размеркаванне поўнай масы па восях, кг на пярэднюю вось 5525 5700
на заднюю цялежку 18000
Кабіна трохмесная, суцэльнаметалічная
Кузаў металічная платформа з драўлянай падлогай
Рухавік ЯМЗ-236, дызельны, чатырохтактны, шасціцыліндравы, V-падобны ЯМЗ-238, дызельны, чатырохтактны, васьміцыліндравы, V-падобны
Аб’ём, л 11,15 14,86
Магутнасць 180 к.с. пры 2100 аб/хв 240 к.с. пры 2100 аб/хв
Максімальны круцільны момант 666,8 Нм пры 1500 аб/хв 882,6 Нм пры 1500 аб/хв
Каробка перадач механічная, 5-ступеньчатая
Перадатачныя лікі I – 6,17; II – 3,40; III – 1,79; IV – 1,00; V – 0,73; задні ход – 6,43 I – 5,26; II – 2,90; III – 1,52; IV – 1,00; V – 0,65; задні ход – 5,48
Галоўная перадача цэнтральная, адзінарная, з планетарнымі рэдуктарамі ў колах. Перадатачны лік: 7,24
Счапленне двухдыскавае, сухое
Тармазы нажны барабанны, на ўсе колы, з пнеўматычным прывадам
ручны барабанны, размешчаны на фланцы вядучай шасцярні вядучага моста, з механічным прывадам
Рулявы механізм тыпу «шруба-гайка», з гідраўзмацняльнікам
Падвеска пярэдняя на дзвюх падоўжных паўэлептычных рысорах, з гідраўлічнымі тэлескапічнымі амартызатарамі двухбаковага дзеяння
задняя балансірная, на чатырох падоўжных паўэлептычных рысорах
Шыны 11,00-20
Максімальная хуткасць, км/г 85
Запас паліва два бакі 200 л і 100 л 350 л
Расход паліва, л/100 км 30

Крыніцы правіць

  1. а б в Канунников, Шелепенков 2018, с. 425.
  2. а б А. Шаповалов, И. Демидович Растёт семейство МАЗов(руск.) // За рулём : часопіс. — 1969. — № 8. — С. 2—3.
  3. Грузовики с маркой "МАЗ"(руск.) // За рулём : часопіс. — 1973. — № 11. — С. 19—20.
  4. Автомобиль МАЗ-516 (6х2) // Краткий автомобильный справочник НИИАТ (руск.). — 6-е изд. — М.: Транспорт, 1972. — С. 133—136. — 512 с.
  5. Автомобили МАЗ-500А (4х2) и МАЗ-516Б (6х2) // Краткий автомобильный справочник НИИАТ (руск.). — 9-е изд. — М.: Транспорт, 1982. — С. 154—157. — 464 с.

Літаратура правіць

  • А. Шаповалов, И. Демидович МАЗ-516 и гидравлика(руск.) // За рулём : часопіс. — 1969. — № 11. — С. 17.
  • С. Канунников, М. Шелепенков. Отечественные грузовые автомобили 1900—2000 гг.. — М.: За рулём, 2018. — 768 с.

Спасылкі правіць