Магілёўскае паўстанне (1618)

Магілёўскае паўстанне 1618 — выступленне гараджан Магілёва супраць прымусовага ўвядзення царкоўнай уніі.

Яго прычынамі сталі дзеянні полацкага уніяцкага архіепіскапа І. Кунцэвіча, які ў кастрычніку 1618 г. накіраваўся ў Магілёў з намерам закрыць там праваслаўныя царквы і гвалтоўна навязаць жыхарам унію.

Магістрат Магілёва заявіў, што горад не будзе падпарадкоўвацца уніяцкай мітраполіі. Даведаўшыся пра набліжэнне Кунцэвіча, жыхары зачынілі перад ім вароты, устанавілі на гарадскім вале гарматы, пагражаючы ўжыць зброю, калі архіепіскап паспрабуе пранікнуць у Магілёў. Тады Кунцэвіч паехаў у Варшаву, каб паведаміць пра гэтае здарэнне каралю Жыгімонту III Ваза, і дамогся выдання каралеўскага універсала, паводле якога 20 удзельнікаў выступлення (Л. Ісаеў, М. Пуцята, К. Шаўнін, Я. Шульха і інш.) былі прыгавораны да пакарання смерцю, на жыхароў горада накладзены штраф.

Літаратура правіць

  • Магілёўскае паўстанне 1618 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: у 2 т. / рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; [мастак З. Э. Герасімовіч]. Т. 2: К — Я. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2007. — 788 с. — С. 245. — ISBN 978-985-11-0394-8.
  • Магілёўскае паўстанне 1618 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — 590 с. — С. 14. — ISBN 985-11-0141-9.