Музей Алаізы Пашкевіч (Астрына)

музей

Музей А. С. Пашкевіч (Цёткі) — музей, прысвечаны Алаізе Пашкевіч, які знаходзіцца ў г.п. Астрына Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Адзіны музей Цёткі ў Беларусі[1]. Музей размешчаны ў памяшканні Астрынскай сярэдняй школы імя А. С. Пашкевіч (Цёткі).

Музей А. С. Пашкевіч (Цёткі)
Профіль комплексны
Заснаваны 1982
Месцазнаходжанне 231536, Гродзенская вобласць, Шчучынскі раён, г.п. Астрына, вул. Гродзенская, 58
Памеры фонду 881
Выставачная плошча 127,4
Дырэктар Ала Сямёнаўна Балобан
Адкрыты згодна з заяўкамі на экскурсію з 9.00 да 18.00

Гісторыя правіць

У 1976 годзе быў арганізаваны літаратурна-краязнаўчы гурток пад кіраўніцтвам настаўніцы Галіны Багумілаўны Пугач, які ставіў сваёй мэтай збор матэрыялаў для музея А. С. Пашкевіч[2].

15 снежня 1982 года адбылося адкрыццё музея А. С. Пашкевіч (Цёткі) (загад № 49-а ад 8 верасня 1982 года).

З 1996 года кіраўнік музея — Балобан Ала Сямёнаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

У 2006 годзе экспазіцыйна-выставачная плошча музея павялічылася, былі створаны новыя экспазіцыі.

У 1990 годзе музею было прысвоена званне “Выдатны школьны музей”.

У 2017 годзе музей А.С.Пашкевіч (Цёткі) заваяваў першае месца на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу літаратурных музеяў, які праходзіў у рамках акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся»[3].

У 2020 годзе музею быў прысвоены статус “народны”.

Экспазіцыя правіць

Экспазіцыйна-выставачная плошча — 127.4 кв.м., фондасховішча – 12 кв.м. Колькасць экспанатаў усяго – 881, у т.л. асноўнага фонду – 606, дапаможнага – 275. [4] У музеі чатыры залы.

Экспазіцыі першай залы прысвечаны жыццю і творчасці таленавітай беларускай паэтэсы, асветніцы і актыўнага дзеяча на ніве беларускай культуры пачатку ХХ ст. Каштоўныя экспанаты распавядаюць пра сям’ю Пашкевічаў, дзяцінства і юнацтва Алаізы, яе рэвалюцыйную і асветніцкую дзейнасць, вучобу і творчасць у Пецярбургу, Львове, Кракаве, Вільні і Мінску. Прадстаўлена мноства фотаздымкаў паэтэсы, яе родных і сяброў, выдатных дзеячаў культуры, якія аказалі ўплыў на станаўленне яе грамадзянскай пазіцыі і літаратурную творчасць. Экспанаты апошняй экспазіцыі расказваюць пра ўшанаванне памяці Цёткі.

Экспазіцыі «Шчучыншчына літаратурная» і «Гродзеншчына літаратурная» другой залы музея «Гучыць яе ліра нанова» знаёмяць наведвальнікаў з пісьменнікамі, выхадцамі з Прынёманскага краю, якія ідуць паэтычнай сцяжынкай, пратаптанай іх славутай зямлячкай. На стэндах размешчаны матэрыялы пра пісьменнікаў Шчучыншчыны, кнігі з аўтографамі аўтараў.

Экспанаты трэцяй, этнаграфічнай залы ствараюць атмасферу таго часу, калі жыла А.С. Пашкевіч. Тут сабраны разнастайныя прылады працы і прадметы побыту сялян канца ХІХ — пачатку ХХ ст.

У чацвёртай зале - экспазіцыя «Тут родзіцца думка за думкай…”. Цікавыя матэрыялы расказваюць пра гісторыю развіцця адукацыі ў Астрыне.

Зноскі

Спасылкі правіць