Новае Жыцьцё (Аўстралія)
«Новае Жыцьцё» — часопіс беларускай дыяспары ў Аўстраліі, выдаваўся на беларускай мове ў 1950 — 1960 гады.
«Новае Жыцьцё» | |
---|---|
Тып | часопіс |
Выдавец | Уладзімір Клуніцкі |
Краіна | |
Заснавана | 1950 |
Спыненне публікацый | 1960 |
Палітычная прыналежнасць | Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі, Беларускае аб’яднанне ў Новым Паўднёвым Уэльсе (прыхільнікі Рады БНР) і Беларуская цэнтральная рада |
Мова | беларуская |
Гісторыя
правіцьУ 1950 годзе Уладзімір Клуніцкі наладзіў выданне часопіса як бюлетэня Беларускага аб’яднання ў Аўстраліі. Пасля выхаду 7 нумара і падзелу арганізацыі ён ператварыўся ў два асобныя выданні.
Інфармацыйны бюлетэнь прыхільнікаў Рады БНР у 1951 годзе рэдагаваў Аляксандр Смаль, а пазней Міхась Лужынскі разам з Уладзімірам Бакуновічам. Калі апошні выехаў у 1953 годзе ў Бельгію, часопіс заняпаў.
Сярод аўтараў інфармацыйнага бюлетэня БЦР-аўскага Беларускага аб’яднання ў Аўстраліі, што ад лістапада 1951 года выходзіў таксама як працяг папярэдніх сямі нумароў, былі Сцяпан Шнэк, Сяргей Розмысл, Адам Жураўлевіч. На старонках «Новага Жыцьця» змяшчаліся артыкулы агульнага характару на гістарычныя ці рэлігійныя тэмы, каментары да матэрыялаў у іншых эміграцыйных выданнях, навіны з жыцця беларусаў у ЗША, Вялікабрытаніі, Канадзе, а найбольш навіны Аўстраліі і дзейнасці нацыянальных арганізацый. Сярод матэрыялаў часопіса рэгулярныя нарысы аб геаграфіі асобных штатаў краіны.
Выданне друкавалася з перапынкамі і ў розных месцах. Апошні нумар часопіса выйшаў у 1960 годзе.
Літаратура
правіць- Гардзіенка, Н. Беларусы ў Аўстраліі: да гісторыі дыяспары / Натальля Гардзіенка; Прадмова І.Сурвіллы. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004. — 468 с., [4] арк. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны, Кніга 3).