Нуменар
Ну́менар (квэнья: Númenor — «Зямля Захаду»), поўная форма Нуменорэ (квэнья: Númenórë), таксама Вестэрнэс (англ.: Westernesse) — у легендарыуме Толкіна вялізарны востраў, размешчаны пасярод Вялікага мора на захад ад кантынента Серадзем’е, найвялікшая дзяржава людзей Арды за ўсю гісторыю іх расы. У канцы Другой эпохі, з прычыны адкрытага паўстання людзей-нуменорцаў супраць Валар і адрачэння іх ад Эру Ілуватара, востраў быў катастрафічным чынам затоплены, што пацягнула за сабой гібель большай часткі нуменорцаў і змену фізічных законаў свету. Нешматлікім ацалелым нуменорцам з ліку Верных, якія шанавалі Эру і Валар, удалося выратавацца і дабрацца да Серадзем’я пад правадырствам Элендзіля , які заснаваў так званыя каралеўствы ў выгнанні — Арнар на поўначы і Гондар на поўдні.
Легенда пра Нуменор была створана, верагодна, у канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў. Адной з крыніц натхнення паслужыў начны кашмар, які пераследваў Толкіна яшчэ з ранняга дзяцінства і які ён пазней называў сваім «сіндромам Атлантыды»: «велізарная хваля ўздымаецца да неба і няўхільна насоўваецца, накрываючы сабой дрэвы і зялёныя палі, імкнучыся паглынуць яго і ўсё вакол»[1]. Аўтар хацеў паказаць Нуменор як алюзію на легендарную Атлантыду[2].
Няскончанае паданне «Алдарыён і Эрэндзіс» адбываецца ў Нуменоры падчас яго росквіту, а «Акалабет» коратка выкладае гісторыю існавання і падзення Нуменора. Усе іншыя працы Толкіна, якія тычацца Нуменора, з’яўляюцца або кароткімі нататкамі, або няскончанымі чарнавікамі, да прыкладу, дадаткі «Уладар Пярсцёнкаў» і некалькі гісторый, апублікаваных у «Няскончаных паданнях » і серыі «Гісторыя Серадзем’я ».
Першапачаткова задуманая як частка аповеду аб падарожжы ў часе, гісторыя падзення Нуменора некаторы час разглядалася Толкінам як заключэнне «Сільмарыліяна» і «апошняя гісторыя» пра Старажытныя дні[3]. Аднак пазней, са з’яўленнем «Уладара пярсцёнкаў», гэтая гісторыя стала выступаць сувязным звяном паміж двума творамі і стала адной з найгалоўных частак легендарыума Толкіна.
Зноскі
- ↑ Карпентер, Х. «Джон Р. Р. Толкин. Биография». Изд-во ЭКСМО-Пресс, 2002. ISBN 5-04-008886-8. Перевод — А. Хромовой под ред. Лихачёвой С. Б.
- ↑ Письма Дж. Р. Р. Толкина, письма 154, 156, 227
- ↑ The History of Middle-Earth, Vol. V, The Lost Road and Other Writings, «The early history of the legend», pp. 7-10.