Сільмарыліян
«Сільмары́ліян» (англ.: The Silmarillion, прамаўляецца sɪlməˈrɪlɨən) — зборнік Толкінавых мітатворчых прац, адрэдагаваных і выдадзеных у 1977, пасля яго смерці, сынам Крыстаферам. «Сільмарыліян» у сукупнасці з іншымі творамі Дж. Р. Р. Толкіна стварае пашыраную, хоць і няпоўную, гісторыю сусвету Эа, у якім знаходзяцца Валінор, Белерыянд, Нуменор і Серадзем’е.
Сільмарыліян | |
---|---|
The Silmarillion | |
Жанр | фэнтэзі |
Аўтар | Дж. Р. Р. Толкін |
Мова арыгінала | англійская |
Дата першай публікацыі | 1977 |
Наступны | Няскончаныя паданні[d] |
Персанажы | Саўран, Мелькар[d], Эру Ілуватар, Tuor[d] і Voronwë[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Толкін адаслаў першыя накіды «Сільмарыліяна» ў выдавецтва яшчэ пасля поспеху «Хобіта», аднак выдавец, не дачытаўшы твору, адкінуў яго. Тады пісьменнік узяўся за працу над «Доўгачаканай вечарынай» — першым раздзелам таго, што ён называў тады «новай гісторыяй пра хобітаў» і таго, што ў выніку ператварылася ва «Уладара Пярсцёнкаў»[1].
«Сільмарыліян» складаецца з пяці раздзелаў. Першы, «Айнуліндалэ», расказвае гісторыю стварэння Эа. Другая частка, «Валаквента», апісвае Валар і Маяр, звышнатуральных істот у Эа. Наступная цэнтральная частка, «Квента Сільмарыліян», змяшчае гісторыю падзей да пачатку і на працягу Першай эпохі, у тым ліку войны за сільмарылі, ад якіх і паходзіць назва кнігі. У чацвёртай частцы, «Акалабет», апісана гісторыя падзення Нуменора і яго насельнікаў у Другой эпосе. Заключная частка, «Пра Пярсцёнкі ўлады і Трэцюю эпоху» — кароткая характарыстыка абставін, якія прывялі да апісаных ва «Уладары пярсцёнкаў» падзей.
Напачатку ўсе пяць частак былі асобнымі творамі, аднак пазней Толкін выказаў жаданне апублікаваць іх разам. Яго смерць перапыніла звядзенне ў адно ўсіх легендаў, тады яго сын Крыстафер дапоўніў кнігу матэрыяламі з ранейшых бацькавых накідаў. У паасобных выпадках яму прыйшлося выдумляць абсалютна новы матэрыял, каб запоўніць прагалы і неадпаведнасці ў сюжэце[2].
Апісанне
правіць«Сільмарыліян», падобна да іншых твораў Толкіна пра Серадзем’е, павінен быў заняць месца ў гісторыі Зямлі[3]. Таму ў адпаведнасці з гэтай ідэяй «Сільмарыліян» нібыта быў перакладзены з Більбавага трохтомніка «перакладаў з эльфійскай», якія ён напісаў падчас перабывання ў Раздоле[4].
Найбольш значныя раздзелы кнігі:
- «Музыка айнур»
- «Квента Сільмарыліян» (гісторыя сільмарыляў і вайна Нольдара супраць Маргота)
- «Пра Берэна і Люціень»
- «Турын Турамбар» (знітавана з «Нарн і Чын Хурын: Гісторыяй дзяцей Хурына» з «Няскончаных казанняў» і «Дзецьмі Хурына»)
- «Пра Туора і падзенне Гондаліна»
- «Пра падарожжа Эарэндыля і Вайну гнева»
На абароце тытульнай старонкі размешчаны надпіс на тэнгвары. На агульнай мове ён азначае «Паданні з Першай эпохі, калі Маргот пасяліўся ў Серадзем’і і эльфы пайшлі на яго вайной дзеля таго, каб вярнуць сільмарылі, да якіх дададзеныя падзенне Нуменора і гісторыя Пярсцёнкаў улады і Трэцяй эпохі, у якой гэтыя паданні сканчаюцца».
Сюжэт
правіцьАйнуліндалэ
правіцьПершы раздзел «Сільмарыліяна», «Айнуліндалэ» («Музыка Айнур»), выкладзены ў форме аповесці пра стварэнне сусвету. Эру («Адзіны»), інакш Ілуватар («Бацька ўсяго»), спачатку стварыў айнур, групу вечных духаў, ці дэміургаў, празваных «патомствам яго думкі». Ілуватар злучыў айнур і паказаў ім мелодыю, з якой прапанаваў скласці цудоўную музыку. Мелькор — якога Ілуватар надзяліў «найвялікшай моцай і ведамі» з усіх айнур — вылучыўся з гармоніі музыкі, каб стварыць уласны спеў. Некаторыя з айнур далучыліся да яго, а іншыя засталіся з Ілуватарам, што выклікала дысананс у музыцы. Так адбывалася тройчы, і кожны раз Эру Ілуватар паспяхова пераўзыходзіў свайго непаслухмянага падначаленага новай тэмай. Пасля гэтага Ілуватар спыніў музыку і прдаставіў айнур сваё бачанне Арды і яе жыхароў. Праз пэўны час гэты відзеж знік, і Ілуватар прапанаваў айнур увайсці ў Арду і кіраваць у новым свеце.
Мноства айнур спусціліся, набылі фізічную форму і сталі прывязаныя да гэтага свету. Вышэйшыя айнур сталі звацца валар, а ніжэйшыя — маяр. Валар пачалі рыхтаваць свет для будучых насельнікаў (эльфаў і людзей), а Мелькор, які сам хацеў валодаць Ардай, пастаянна знішчаў іх працу; так працягвалася тысячагоддзямі, пакуль гэтыя хвалі стварэння/разбурэння не сфармавалі канчатковы выгляд свету.
Валаквента
правіць«Валаквента» («Апісанне валар») дэталёва апісвае Мелькора і кожнага з 14 валар, а таксама асобных маяр. Тут таксама тлумачыцца, чаму Мелькор спакусіў шматлікіх маяр — сярод іх будуць і тыя, хто пазней стануць Саўронам ды балрагамі — на свой бок.
Квента Сільмарыліян
правіць«Квента Сыльмарыліян» («Гісторыя сільмарыляў»), якая складае большую частку кнігі — шэраг звязаных гісторый пра падзеі Першай эпохі, якія складаюць трагічную сагу пра тры брыллянты, вядомыя як сільмарылі.
Валар спрабавалі сфармаваць свет для эльфаў і людзей, аднак Мелькор пастаянна знішчаў іх здзяйсьненні. Пасля таго, як ён знішчыў дзве лампы, што асвятлялі свет, Валар перасяліліся ў Аман, мацярык на захад ад Серадзем’я, дзе заснавалі край Валінор, асветлены Двума дрэвамі, пакінуўшы Серадзем’е цемры і Мелькору. Калі засвяцілі зоркі і абудзіліся эльфы, валар пайшлі ваяваць з Мелькорам, каб уратаваць эльфаў, захапілі Мелькора і запрасілі эльфаў жыць у Амане. Мноства эльфаў перасяліліся, іншыя адмовіліся, яшчэ некаторыя спыніліся па дарозе. Сярод апошніх былі эльфы, пазней вядомыя як сіндар, на чале з эльфійскім каралём Цінгалем і маяр Меліянам. Трыма плямёнамі, якія пагадзіліся на перасяленне ў Аман, былі ваньяр, нольдар і большасць тэлеры.
У Амане Феанор, сын Фінвэ, кароль нольдар, стварыў сільмарылі, брыллянты, што свяціліся святлом Двух дрэў. Мелькор, які быш вызвалены, прыкінуўшыся раскаяным, знішчыў Два дрэвы з дапамогай Унгаліянта, забіў Фінвэ, скраў сільмарылі і збег у Серадзем’е, дзе заатакаваў эльфійскае каралеўства Дарыят. Аднак у першай з пяці бітваў Белерыянду ён быў разбіты і забарыкадаваўся ў паўночнай крэпасці Ангбанд.
Феанор з сынамі склалі клятву помсты супраць Мелькора — і супраць любога, хто адбярэ ад іх сільмарылі, нават калі гэта будуць валар. Феанор схіліў большасць нольдар да пагоні за Мелькорам, якога Феанор назваў Марготам. Сыны Феанора захапілі караблі тэлераў, забіўшы мноства эльфаў, пакінуўшы іншых нольдар здзяйсняць падарожжа пешкі. Дасягнуўшы Серадзем’я, нольдар пад даводствам Феанора напалі на Мелькора і знішчылі яго фартэцыю, аднак Феанор быў забіты балрагамі. Пасля перыяду спакою Мелькор напаў на нольдар, аднак ізноў быў разбіты і трапіў у аблогу. Прыкладна праз 400 гадоў ён прарваў аблогу і адкінуў нольдар.
Пасля знішчэння Дрэў і выкрадання сільмарыляў валар стварылі Месяц і Сонца. У гэты ж час абудзіліся людзі, некаторыя з якіх пазней прыбылі ў Белерыянд і сталі саюзнікамі эльфаў. Берэн, чалавек, які выдыў у апошняй бітве, трапіў у Дарыят, дзе закахаўся ў эльфійку Люціень, каралеўскую дачку. Кароль намагаўся перашкодзіць іх шлюбу і задаў Берэну невыканальнае, на яго думку, заданне: прынесці адзін з сільмарыляў. Аднак Берэн з Люціень выправіліся па сільмарылі разам. Саўрон, магутны служка Мелькора, перахапіў і зняволіў іх па дарозе; аднак яны збеглі, пракраліся ў Мелькораву фартэцыю і выкралі сільмарыль з яго кароны. Пасля гэтага аб’яднанага падарожжа утварылася першая повязь чалавека з эльфам, аднак Берэн неўзабаве быў смяротна паранены, і Люціень таксама памерла ад скрухі.
Нольдар, убачыўшы, што звычайны смяротны і эльфійка здолелі прабрацца ў Ангбанд, пераканаліся, што Мелькора можна перамагчы. Вялікае войска эльфаў, гномаў і людзей атакавала зноў, аднак Мелькор таемна ачарніў сэрцы мноства людзей, і эльфы атрымалі скарушальную паразу, у тым ліку і з-за здрады асобных людзей. Аднак мноства людзей усё ж засталіся адданымі эльфаў і пазней былі ўганараваныя імі.
Найбольш пашаны дасталося братам Гурыну і Гуору. Мелькор схапіў Хурына і наклаў на яго праклён, паводле якога той убачыць згасанне свайго роду. Сын Гурына, Турын Турамбар, быў пасланы ў Дарыят, пакінуўшы маць і ненароджаную сястру ў бацькавым каралеўстве (разгромленым ворагам). Турын здзейсніў шмат ганаровых учынкаў, найвялікшым з якіх стала перамога над цмокам Глаўрунгам. Нягледзячы на свой гераізм, Турын быў пад Мелькоравым праклёнам, і ён неспадзявана забіў свайго сябра Белега, ажаніўся і запладніў сваю сястру Ніэнор, якую ніколі не бачыў. Перш чым іх сын паспеў нарадзіцца, з Ніэнор спалі цмокавы чары, якія пазбавілі яе памяці, і, усведаміўшы, чыё дзіцё яна носіць у чэраве, яна забіла сябе. Даведаўшыся праўду, Турын кінуўся на свой меч.
Лёс Гўоравага сына Туора быў звязаны з лёсам нольдарынскага каралеўства Гандалін. Ён ажаніўся з эльфійкай Ідрыль, дачкой Тургана, уладара Гандаліна (другая повязь эльфа з чалавекам). Калі Гандалін паў, здраджаны Меглінам, Тўор уратаваў ад знішчэння мноства ягоных насельнікаў. У выніку ўсе эльфійскія каралеўствы ў Белерыяндзе былі знішчаныя, і ўцекачы схаваліся ў створанай Туорам завані ля мора. Сын Тўора і Ідрыль, паўэльф Эарэндыль, быў заручаны з Эльвінг, якая сама была паўэльфійкай, дачкой Бэрэна і Люціень. Эльвінг прынесла Эарэндылю сільмарыль сваіх бацькоў, і з дапамогай яго святла Эарэндыль перасёк мора да Амана і запытаў дапамогі ў валар. Валары адгукнуліся, напалі і захапілі Мелькора, цалкам знішчылі яго каралеўства Ангбанд і затапілі большасьць Белерыянда. Выгнаннем Мелькора з Арды сканчаецца Першая эпоха Серадзем’я.
Эарэндыль і Эльвінг мелі двох дзяцей: Элранда і Эльраса. Як нашчадкі бессмяротнай эльфійкі і смяротнага чалавека, яны атрымалі магчымасць абраць, да якой расы будуць належаць: Элранд абраў эльфаў, а яго брат людзей. Эльрас стаў першым каралём Нуменора і ў якасці ўзнагароды за выбар чалавецтва атрымаў магчымасць дажыць да 500 гадоў.
Акалабэт
правіцьАкалабэт («The Downfallen») складаецца прыкладна з 30 старонак і апавядае пра ўзвышэнне і заняпад астраўнога каралеўства Нуменор, населенага дунатанамі. Пасля перамогі над Мелькорам Валар надалі востраў тром родам людзей, якія дапамаглі эльфам у вайне з ім. З ласкі валар дунаданы атрымалі мудрасць і моц, а таксама большую працягласць жыцця, чым якая-кольвек іншая раса, наблізіўшыся да вышэйшых эльфаў Амана. І насамрэч Нуменор ляжаў бліжэй да Амана, чым да Серадзем’я. Аднак іх моц заключалася ў задавальненні і прызнанні факта смяротнасці. Падзенне Нуменора ў значнай ступені адбылося з-за ўплыву разбэшчанага мая Саўрона (галоўнага Мелькоравага паслужніка), які ўзвялічыўся падчас Другой эпохі і вырашыў заваяваць Серадзем’е.
Нуменорцы вырушылі на Саўрона, які, пераканаўшыся, што не зможа адолець іх сілай, дазволіў паланіць сябе. У Нуменоры ён неўзабаве зачараваў караля, Ар-Фаразона, падбухторыўшы яго дамагацца бесьсмяротнасці, якой пазбавілі яго валар, пасеяўшы такім чынам зерне зайздрайсці ў сэрцах нуменорцаў, якія паступова настроіліся супраць эльфаў Захаду і валар. Такім чынам, усе веды і магутнасць Нуменора былі павернутыя на пошукі шляхоў уратавання ад смерці; аднак гэта толькі паслабіла іх і паскорыла паступовы працэс змяншэння працягласці жыцця ў бок усіх астатніх людзей. Саўрон параіў пайсці на валар вайной і адваяваць у іх бессмяротнасць, і пакланіцца яго гаспадару Мелькору, які, паводле яго слоў, зможа выканаць іх жаданне. Ар-Фаразон сабраў найвялікшае войска і флот, якія кольвек меў Нуменор, і выправіўся да Амана. Валар і эльфы Амана, ушчуваныя смуткам з прычыны чалавечай здрады, паклікалі на дапамогу Ілуватара. Калі Ар-Фаразон высадзіўся, Ілуватар знішчыў яго флот і затапіў Нуменор у пакаранне за паўстанне супраць праведнага кіравання валар. У вялікай хвалі загінулі і ўсе дунаданцы, акрамя тых, якія сплылі на ўсход. Пасля патаплення Нуменора форма Зямлі была змененая з плоскай на сферычную.
Пры пагібелі Нуменора загінула таксама і фізічнае аблічча Саўрона, аднак яго дух мая вярнуўся ў Серадзем’е, хоць і няздольны болей прымаць прыгожы выгляд, як дагэтуль. Адданыя валар нуменорцы таксама былі ўратаваныя і выплылі да берагоў Серадзем’я, дзе заснавалі каралеўствы Арнар на поўначы і Гондар на поўдні. Іх правадыром быў Элендыль і два яго сыны, Ісільдур і Анарыян, які збярог насенне з нуменорскага белага дрэва, продка гондарскага. Элендыль быў абвешчаны найвышэйшым каралём абодвух каралеўстваў, аднак перадаў кіраванне над Гондарам сваім сынам. Моц абодвух каралеўстваў-выгнаннікаў была мізернай у параўнанні з былой моцай Нуменора, «аднак дзікім людзям Серадзем’я яна ўсё ж падавалася вялізнай».
Пад канец згадана, што затоплены Нуменор пачалі называць «Аталантэ». З гэтага шматлікія чытачы зрабілі выснову, што Нуменор — гэта Атлантыда; аднак гэтая наўпроставая сувязь была абвергнутая самім Толкінам, які сцвярджаў, што гэта натуральнае слова з мовы квенья.
Пра Пярсцёнкі ўлады і Трэцюю эпоху
правіцьЗаключны раздзел кнігі, які складаецца прыкладна з 20 старонак, апісвае падзеі, якія адбываліся ў Серадзем’і ў Другую і Трэцюю эпохі. У Другую эпоху Саўрон з’явіўся ў Серадзем’і, а эльфы на чале з Келебрымбарам выкавалі Пярсцёнкі ўлады. Саўрон сакрэтна выканаў яшчэ адзін для сябе, які мог кіраваць усімі астатнімі, з-за чаго разгарэлася вайна паміж людам Серадзем’я і Саўронам, якая вылілася ў Вайну апошняга саюза. Аб’яднанае войска эльфаў і рэшты нуменорцаў разбіла Саўрона, чым завяршаецца Другая эпоха Серадзем’я.
Трэцяя эпоха пачынаецца пераходам Саўронавага пярсцёнка да Ісільдура, які неўзабаве трапіў у засаду і быў забіты оркамі. Пярсцёнак згубіўся недзе ў водах Андуйна. Урэшце гэта частка падводзіць да падзей, якія адбываліся ва «Уладары Пярсцёнкаў», у прыватнасці, заняпад Гондара, паўстанне Саўрона, Белы савет, здраду Сарумана і канчатковае знішчэнне Пярсцёнка і самога Саўрона.
Зноскі
- ↑ J.R.R. Tolkien. The Lays of Beleriand / Christopher Tolkien. — Ballantine. — С. 433–4. — ISBN 0-345-38818-6.
- ↑ Raphaëlle Rérolle.. My father's "eviscerated" work -- son of Hobbit scribe J.R.R. Tolkien finally speaks out (англ.)(недаступная спасылка). Le Monde. Архівавана з першакрыніцы 10 лютага 2013. Праверана 28 снежня 2013.
- ↑ The Letters of J. R. R. Tolkien / Carpenter, Humphrey. — Boston: Houghton Mifflin, 1981. — ISBN 0-395-31555-7.
- ↑ Tolkien, J. R. R. Foreword // The Book of Lost Tales 1 / Christopher Tolkien. — Boston: Houghton Mifflin, 1984. — ISBN 0-395-35439-0.
Спасылкі
правіцьСільмарыліян на Вікісховішчы |
- Tolkien Online Архівавана 27 верасня 2013.
- Храналогія «Сільмарыліяна» Архівавана 9 снежня 2012.