Нямецкі рынак (Гродна)

Нямецкі рынак (таксама Рыбны рынак) — гістарычная назва пляца ў гістарычным цэнтры горада Гродна, дзе раней адбываўся гандаль рыбай. Меў квадратную форму з даўжынёй бока каля 40 м[1]. Знаходзіўся ў межах яўрэйскага раёна, па суседстве са старымі яўрэйскімі могілкамі (былі знішчаны ў час і пасля Другой сусветнай вайны)[2].

Рыбны (Нямецкі) рынак. Далей бачна забудова вуліцы Вялікай Траецкай у бок яе цяперашняга пачатку.
Рыбны рынак на плане горада 1935 года

Нямецкі рынак, верагодна, існаваў у Гродне яшчэ да атрымання горадам Магдэбургскага права (1496 год), бо ў крыніцах XVI ст. ён ужо згадваецца як «старадаўні». У валочнай памеры Гродна 1560—1561 гг. адзначаецца заняпад рынку: «ніякага гандлю не бывае». У XIX і XX стст. рынкавы пляц называўся: Шпітальная плошча (1882 г.), Казіны рынак (1830-я гг. і пачатак XX ст.), Рыбны рынак (1920—1930-я гг.)[3].

Рыбны (Нямецкі) рынак у Гродне ў міжваенныя гады

У 1928 годзе гарадская Рада разглядала пытанне пераносу рынка, бо ў гэтым месцы планавалася будова моста праз даліну Гараднічанкі ў кірунку Каложы і Завяршчызны. Праект гэтага моста быў прапанаваны яшчэ ў часы Расійскай імперыі. Рынак прапаноўвалі перанесці крыху далей на тагачасную вуліцу Вызвалення (з 1931 года - вуліца Пераца[4], сучасная частка вуліцы Вялікай Траецкай) і размясціць побач з так званым Мясным рынкам. Аднак мост тады не пабудавалі, бо 136 гандляроў і мясцовых жыхароў падпісалі мемарыял супраць пераносу рынка. У выніку на рынку пабудавалі новыя навесы і добраўпарадкавалі яго тэрыторыю[5].

Сёння на месцы былога рынку знаходзіцца заасфальтаваная аўтамабільная паркоўка. Некаторыя экскурсаводы ўключаюць наведванне Нямецкага (Рыбнага) рынка ў свае турыстычныя маршруты па Гродне[6].

«Мая сям’я жыла ў яўрэйскай зоне. Раён ад Віленскай вуліцы да пажарнай каланчы. Тут практычна ў кожным доме ў яўрэяў былі свае пякарні і крамы. Быў там і рыбны рынак, дзе можна было знайсці любую рыбу. Памятаю, у адмысловых карытах плавалі добрыя шчупакi. Рыбу лавілі каля Старога замка, пасля яўрэі яе забіралі і везлі на рынак. Аднойчы ў нас нават была марская асятрына ў Нёмане. Да нас яна трапляла з Балтыкi, таму што не было тады ніякіх дамбаў, як цяпер», — узгадваў Нямецкі рынак гродзенскі старажыл Анатоль Міхайлавіч Песняк[7].

Зноскі правіць

  1. Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швед В. і інш. Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 80-81. — 339 с. — ISBN 978-83-61617-85-3.
  2. На Траецкай каля стаянкі знайшлі яўрэйскія мацэвы. Там былі вялікія могілкі . Hrodna.life (11 студзеня 2024). Праверана 11 студзеня 2024.
  3. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 136—137. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  4. Józef Jodkowski. Nazwy placów i ulic grodzieńskich. Dawne i dzisiejsze w oświetleniu Józefa Jodkowskiego. — Grodno, 1932.
  5. Андрэй Чарнякевіч. “Гвалтоўная эстэтызацыя”: Архітэктурна-планіровачныя змены ў міжваенным Гродна 1919 – 1939(нявызн.). harodnia.com. Праверана 11 студзеня 2024.
  6. Дуб Быкава. Якія нестандартныя месцы паказваюць гродзенскія экскурсаводы? . Hrodna.life (11 студзеня 2024). Праверана 11 студзеня 2024.
  7. Лавіў нямецкіх шпіёнаў і не толькі. Сталы гродзенец успамінае міжваенны Гродна . Hrodna.life (11 студзеня 2024). Праверана 11 студзеня 2024.