Пажар у Мінску (1809)
Пажар у Мінску — буйны пажар, які адбыўся ў Мінску 14 жніўня 1809 года[1].
Пажар пачаўся ў завулках каля гандлёвай плошчы на Траецкай гары і ахапіў больш за 200 дамоў. Пажарнікам ўдалося адвесці агонь ад Траецкага моста, да якога ён прарываўся, і не даць полымю перакінуцца праз Свіслач на цэнтральную частку горада. Тым самым яны выратавалі многіх жыхароў, якія апынуліся ў вогненнай пастцы[1].
Разбурэнні
правіцьПадчас пажару выгарэла практычна ўся забудова Траецкай гары, асабліва ў яе цэнтральнай і паўночнай частках[2].
Пажар знішчыў драўляны фарны касцёл, найстарэйшую каталіцкую святыню горада, заснаваную, паводле падання, яшчэ ў 1390 г. самім Ягайлам[3], але плябанія і гаспадарчыя пабудовы захаваліся[4]. Набажэнствы з Траецкай Гары былі перанесены ў Мінскі кафедральны касцёл на Высокім рынку і ў невялікую драўляную капліцу на Залатагорскіх могілках[4].
Таксама выгарэла вялікая частка драўляных пабудоў Траецкага манастыра базыліянак, заснаванага ў 1630 годзе. Захаваныя будынкі пасля ліквідацыі уніі ў 1839 годзе былі перададзены Мінскай гарадской бальніцы[5].
Наступствы
правіцьПажар 1809 года прымусіў гарадскія ўлады кардынальна перагледзець палітыку горадабудаўніцтва ў Мінску. Быў распрацаваны праект рэгулярнай перапланіроўкі Траецкай Гары[4], старажытная планіроўка якой захоўвалася без змен да пачатку XIX стагоддзя[2]. Усе крывыя, вузкія вуліцы, завулкі і тупікі былі выпрастаны і пашыраны[1]. Да гэтага часу адносіцца прынцыпова новае праектнае рашэнне планіроўкі ўсёй левабярэжнай часткі Мінска, якое ў агульных рысах захавалася да нашых дзён[2]. Таксама было распрацавана палажэнне аб нармаванай забудове з вельмі жорсткімі патрабаваннямі да будаўніцтва дамоў. У цэнтральнай частцы Мінска, Верхнім горадзе, дазваляецца будаваць толькі мураваныя, крытыя дахоўкай дамы[1].
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г Андрей Готин. Из истории пожарно-спасательной службы столицы Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ а б в Боровой Р. 1997.
- ↑ Яроменка 2008.
- ↑ а б в Дзянісаў Уладзімір Мікалаевіч. Касцёлы г. Мінска ў XVI — пачатку XX стст. (паводле дакументаў НГАБ)
- ↑ Другая гарадская клінічная бальніца(недаступная спасылка). Мінск стары і новы. Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2011. Праверана 14 снежня 2010.
Літаратура
правіць- Боровой Р. В. Историческая топография древнего Минска. Обзор источников и современное состояние проблемы(руск.) // Гістарычна-археалагічны зборнік. — Мн.: 1997. — № 12. Архівавана з першакрыніцы 9 чэрвеня 2007.
- Яроменка А. Мінская Фара // Наша Ніва. — 2008. — № 2 (44).
Спасылкі
правіць- Андрей Готин. Из истории пожарно-спасательной службы столицы Архівавана 4 сакавіка 2016.