Залатагорскія могілкі

Залатаго́рскія мо́гілкі — знішчаныя могілкі ў Залатагорскім прадмесці Мінска. Захаваліся асобныя магілы, што месцяцца на тэрыторыі касцёла Святога Роха.

могілкі
Залатагорскія могілкі
Магілы за касцёлам Святога Роха, 1918 г.
Магілы за касцёлам Святога Роха, 1918 г.
53°54′38,80″ пн. ш. 27°34′48,60″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Дата заснавання 1790
Статус ахоўная зона
Стан знішчаныя
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
Залатагорскія могілкі на малюнку Ч. Манюшкі, 1849. Бачныя касцёл і капліца Св. Роха (справа)
 
План могілак у 1861 годзе

Могілкі ўтвораныя ў 1790 годзе[1]. У 1796 годзе на тэрыторыі могілак з’явілася драўляная капліца ў гонар Усіх Святых. У 1842 годзе пасля пажару капліца была адрамантаваная і пераробленая ў касцёл. У 1850 годзе было прызнана, што немэтазгодна падтрымліваць рамонтамі драўляны касцёл, лепш пабудаваць мураваны. Будаўніцтва мураванага касцёла было скончанае 1 лістапада 1864 года.

Могілкі мелі статус «сумесных»: тут у першую чаргу хавалі парафіян Траецкага касцёла, але таксама і ўніяцкіх цэркваў. З канца XVIII стагоддзя на ўсіх гарадскіх планах могілкі пазначаліся як «мінскія каталіцкія». У першай палове XIX ст. з’явілася назва Залатая Горка. Пасля 1839 года, у выніку ліквідацыі Уніі, могілкі сталі цалкам каталіцкімі[2].

 
Тэрыторыя могілак у 2019 годзе

У 1840-х гадах тэрыторыя могілак значна пашыраецца. У той час у Менску ў 1848 і 1853 гадах здараліся цяжкія эпідэміі халеры. Людзей, што паміралі ад халеры, хавалі на гэтак званых «халерных могілках». Дзеля гэтага быў адведзены адмысловы пляц, які быў аддзелены ад асноўных пахаванняў агароджай і санітарнай зонай[2].

Пасля закрыцця

правіць

У 1893 годзе могілкі закрытыя, падзахоўванне да блізкіх сваякоў дазвалялася ў выключных выпадках. У часе Першай сусветнай вайны тут хавалі ахвяр нямецкіх бамбаванняў Мінска. У 1915—1916 гадах тут хавалі вайскоўцаў родам з Мінска, якія паміралі ад ран у тылавых шпіталях. Тычылася гэта толькі афіцэрскага складу[2].

На могілках пахаваныя святары, прадстаўнікі каталіцкага духавенства, манахі менскіх кляштараў. Тут пахаваны Дамінік Манюшка, дзядзька Станіслава Манюшкі, які памёр у эпідэмію халеры[2].

Пасля 1920 года, за савецкім часам, могілкі цалкам закрытыя. У Другую сусветную вайну на могілках здзяйсняліся пахаванні. Пасля Другой сусветнай вайны паўзверх халернага сектара могілак былі пабудаваныя жылыя дамы (№ 7, 9 па вуліцы Чырваназоркавай, часткова шпіталь па Чырваназоркавай № 4[3])[2]. У 1973 годзе збудаваны Палац мастацтва, у выніку чаго была знішчаная частка пахаванняў, якія былі на гэтай тэрыторыі[2].

Вяртанне надмагілляў і добраўпарадкаванне

правіць

У 2017 годзе валанцёрамі на прыкасцёльную тэрыторыю былі вернутыя 12 надмагільных пліт знішчаных могілак, дагэтуль яны былі скінутыя ў лесе на ўездзе ў вёску Прылукі[4]. У 2017 годзе закрытая тэрыторыя могілак плошчай 2 га, якая дагэтуль належала Міністэрству сувязі, была перададзеная касцёлу Святога Роха для добраўпарадкавання. У 2018 годзе на перададзенай тэрыторыі была адкрытая частка дэндрапарку. У далейшым плануецца стварэнне алеі з мемарыялам, аптэкарскі парк, пляц ружоўніка, парк з біблійнымі раслінамі[5].

Галерэя

правіць

Зноскі

  1. Районы, кварталы: история минской Золотой горки (руск.). realt.onliner.by (13 студзеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2016. Праверана 4 кастрычніка 2016.
  2. а б в г д е Чым інвэстараў вабяць нябожчыкі? Гісторыкі папярэджваюць пра небясьпеку для сталічных Залатагорскіх могілак. svaboda.org (21 верасня 2016). Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2016. Праверана 4 кастрычніка 2016.
  3. Могілкі на сучасным плане горада
  4. Ілья Лапато. У Мінск вернуты помнікі з разбураных у пасляваенны час могілак на Залатой Горцы (20 верасня 2017). Архівавана з першакрыніцы 29 верасня 2017. Праверана 29 верасня 2017.
  5. «Вопрос не только времени, но и финансов». В Минске благоустраивают новый парк на Золотой Горке (руск.)(недаступная спасылка). tut.by (16 жніўня 2018). Архівавана з першакрыніцы 11 верасня 2018. Праверана 31 кастрычнікка 2018.

Спасылкі

правіць