Палоній (лац.: Polonium), Po — радыеактыўны хімічны элемент VI групы перыядычнай сістэмы; атамны нумар 84, атамная маса 208,9824. Вядома 27 ізатопаў з масавымі лікамі 192—218. Найбольш доўгажывучы штучны 209Po (T1/2 — перыяд паўраспаду 102 гады). Ізатопы з масавымі лікамі 210—218 уваходзяць у прыродныя радыеактыўныя рады; найбольш устойлівы з іх 210Po (T1/2 138,3 сут; α-выпрамяняльнік). Вылучаны з уранавай смаляной руды П. Кюры і М. Складоўскай-Кюры ў 1898 г.; назва ад лац. Polonia — Польшча.

Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 254 °C, tкіп 949 °С, шчыльнасць 9136 кг/м3 (вылічаная). У паветры акісляецца. Узаемадзейнічае з растворамі кіслот. З вадародам утварае лятучы гідрыд PoH2. Атрымліваюць 210Po апрамяненнем металічнага вісмуту нейтронамі, а таксама з адходаў перапрацоўкі уранавых руд. Выкарыстоўваюць для вырабу крыніц электрычнай энергіі на спадарожніках і ў пераносных прыстасаваннях, у сумесі з берыліем для атрымання лабараторных крыніц нейтронаў.

Прыродныя крыніцы правіць

Рэдкі элемент. Прыродны палоній звычайна выдзяляюць з прадуктаў распаду радону.

Штучна атрымліваюць у ядзерных рэактарах.

Прымяненне правіць

Электраэнергетычныя палоніевыя ўстаноўкі (для касмічных спадарожнікаў і г.д.), у сумесі з берыліем палоній — крыніца нейтронаў.