Палітыка кавы з малаком

Палітыка кавы з малаком (парт.: Política do café com leite) — тэрмін, якім пазначаюць дамінаванне ў бразільскай палітыцы ў часы Старой рэспублікі (1889—1930) алігархіі найбуйнейшых і найбагацейшых штатаў Сан-Паўлу (цэнтр вытворчасці кавы) і Мінас-Жэрайс (цэнтр малочнай прамысловасці).

На працягу перыяду старой рэспублікі сістэма патранажу, якая вызначала бразільскую палітыку (асабліва ў сельскай мясцовасці), давала магчымасць аграрным алігархам з багатых штатаў мець перавагу ў дзяржаўных структурах. Палітыка кавы з малаком фактычна азначала, што губернатары двух галоўных штатаў чаргаваліся на пасадзе прэзідэнта рэспублікі.

Гэта палітыка цалкам грунтавалася на алігархічнай сістэме, вядомай як каранелізм (парт.: coronelismo) або «ўлада палкоўнікаў», пры якой уся ўлада сканцэнтравана ў руках аднаго алігарха, вядомага як «палкоўнік» (парт.: coronel), які размяркоўваў прывілеі ў адказ на лаяльнасць.

Тым часам, у прадстаўнікоў іншых штатаў такая структура размеркавання дзяржаўнай улады выклікала незадаволенасць. Страшная засуха 1877 года на паўночным усходзе краіны і эканамічны спад у выніку адмены рабства ў 1880-х гадах прывялі да значнай працоўнай міграцыі вызваленых рабоў і іншых сялян з паўночнага ўсходу на паўднёвы ўсход, паскорыўшы распад цукровай алігархіі Поўначы. Паступова з ростам значэння кавы на паўднёвым усходзе Сан-Паўлу пачаў адыгрываць ролю цэнтральнага штата ва ўладзе Старой рэспублікі.

З іншага боку, рост гандлю і прамысловасці ў Сан-Паўлу падрывалі перавагу кававых алігархаў у палітыцы самога штата. У час кіравання Жэтуліу Варгаса, якое суправаджалася ўзмацненнем сярэдняга класа і аграрнай алігархіі перыферыйных штатаў, у Бразіліі сфарміравалася больш цэнтралізаваная дзяржаўная структура, паступова выцясняючы палітыку каранелізму. Зрэшты, спадчына палітыкі кавы з малаком яшчэ доўгі час праяўляла сябе. Бразільская палітыка вядомая сваёй надзвычай кланавай, алігархічнай і персаналістычнай структурай, а Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс застаюцца вядучымі штатамі краіны.