Парламенцкія выбары ў Беларусі (1938)
Выбары ў Вярхоўны Савет Беларускай ССР першага склікання адбыліся 26 чэрвеня 1938 года на тэрыторыі БССР адначасова з выбарамі народных дэпутатаў РСФСР і на Украіне. Праходзілі па аднамандатных акругах па мажарытарнай выбарчай сістэме. Усяго на 3878 выбарчых участках былі абраныя 273 дэпутаты.
26 чэрвеня 1938 | |||
---|---|---|---|
Яўка: | 99,65 % | ||
Партыя: | Сталінскі блок камуністаў і беспартыйных | ||
Месцаў атрымана: | 273 | ||
Галасоў: | 3 005 609 (99,19 %) |
Перадгісторыя
правіцьПершая канстытуцыя БССР 1937 года вызначыла выразныя адрозненні ў кампетэнцыі вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і дзяржаўнага кіраўніцтва рэспублікі. Вышэйшымі органамі дзяржаўнай улады абвяшчаліся Вярхоўны Савет БССР і Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР.
27 лютага 1938 года ЦВК БССР зацвярдзіў «Палажэнне аб выбарах у Вярхоўны Савет БССР», якое вызначала прынцыпы агульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Згодна з нормамі прадстаўніцтва Прэзідыум ЦВК БССР 21 красавіка 1938 года ўтварыў 273 выбарчыя акругі, прызначыў дату выбараў на 26 чэрвеня і вызначыў дату пачатка выбарчай кампаніі на 26 красавіка[1]. У спіс для галасавання ўключаўся толькі адзін кандыдат.
Вынікі
правіцьУ выбарах у Вярхоўны Савет БССР прынялі ўдзел 3 030 148 з 3 040 710, ці 99,65 % зарэгістраваных выбаршчыкаў. За кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных галасавала 99,9 % выбаршчыкаў, якія ўдзельнічалі ў выбарах. У склад дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання былі абраныя 273 дэпутаты: 103 працоўных (37,7 %), 103 сялян (37,7 %), 67 інтэлігентаў (24,5 %). 59 дэпутатаў былі занятыя ў сельскай гаспадарцы, 21 у прамысловасці і транспарце. 206 дэпутатаў былі членамі КП(б) Б. Сярод дэпутатаў былі 167 беларусаў, 75 рускіх, 20 яўрэяў, сем украінцаў і чатыры прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Узрост 180 дэпутатаў не перавышаў 35 год. У складзе дэпутатаў былі 67 жанчын, ці каля 25 % усяго Вярхоўнага Савета БССР[2].