Парошыстая парша бульбы

Парошыстая парша бульбы — хвароба бульбы, выкліканая слізевіком (псеўдагрыбам) віду Spongospora subterranea. Ён не мае развітога міцэлію, у вегетавальным стане ўяўляе сабой камячок пратаплазмы без абалонкі ў выглядзе амёбоіда, здольнага перасоўвацца. Будова грыба вызначае форму існавання — унутрыклеткавае паразітаванне ў клетках вышэйшых раслін. Амёбоіды могуць злівацца адзін з адным і ўтвараць плазмодый. Пры наступе неспрыяльных умоў амёбоід пакрываецца абалонкай і ператвараецца ў цысту. Ва ўмовах падвышанай вільготнасці абалонка аслізваецца, і амёбоід атрымлівае здольнасць перасоўвацца. Гэтая асаблівасць вызначае прымеркаванасць развіцця парошыстай паршы толькі да ўмоў падвышанай вільготнасці. Перасоўваючыся ў пераўвільготненай глебе, амёбоіды або плазмодыі дасягаюць каранёў, клубняў бульбы, пранікаюць у клеткі і пачынаюць паразітаваць.

Шкоднасць

правіць

Парошыстая парша з’яўляецца шырока распаўсюджаным захворваннем клубняў, якое можа прычыняць вельмі істотны ўрон, у тым ліку зніжэнне таварных якасцяў клубняў і іх лёжкасці ў перыяд захоўвання, паколькі праз язвы, выкліканыя паршой, пранікаюць узбуджальнікі розных гнілей — грыбоў і бактэрый. Акрамя таго, узбуджальнік парошыстай паршы з’яўляецца пераносчыкам небяспечнага моп-топ вірусу бульбы  (англ.).

Парошыстая парша пашкоджвае ўсе падземныя органы раслін, аднак у адрозненне ад звычайнай паршы пашкоджвае карані, што прыводзіць да заўчаснага завядання і гібелі раслін. Таму можа выклікаць істотнае зніжэнне ўраджаю.

Хвароба мацней развіваецца на пераўвільготненых і цяжкіх па грануламетрычным складзе глебах пры прахалодным надвор’і.

Сімптомы і жыццёвы цыкл узбуджальніка хваробы

правіць

Узбуджальнік парошыстай паршы інфікуе карані, сталоны і клубні бульбы праз чачавічкі, вочкі і раневыя ўчасткі. На каранях раслін з’яўляюцца галы — нарасты няправільнай формы белага колеру, якія пасля бурэюць, а на паверхні клубняў утвараюцца светлыя пустулы ў выглядзе бародавак. Пры паспяванні клубняў плямы акругляюцца, становяцца рэльефнымі, падсыхаюць, лупіна іх рэпаецца, і ўтвараюцца язвы, запоўненыя карычневай пыльнай масай, якая складаецца са спор грыба і разбураных тканак клубня. Рэшткі лупіны клубня доўгі час захоўваюцца па краях пустул і надаваюць ім зоркавую форму. На пашкоджаных парошыстай паршой клубнях падчас захоўвання нярэдка развіваюцца сухая гніль і фітафтароз.

Крыніцай інфекцыі з’яўляюцца рэшткі раслін (карані, сталоны) і клубні, у якіх захоўваюцца споры ўзбуджальніка ў спакоі. Споры з’яўляюцца ўстойлівымі ў навакольным асяродзі і могуць заставацца жыццяздольнымі да 3-4 гадоў. Пры прарастанні спор у вільготным асяроддзі ўтвараюцца спачатку зааспоры, а затым амёбоіды. Яны пранікаюць у клеткі клубня, кораня, сталоны галоўным чынам праз чачавічкі і развіваюцца ў шмат’ядравы плазмодый. Плазмодый неўзабаве распадаецца на дробныя камячкі, якія пакрываюцца шчыльнай абалонкай і ператвараюцца ў споры ў спакоі, злепленыя паміж сабой у шарападобныя цёмныя клубочкі няправільнай формы.

Меры барацьбы

правіць
  • Захаванне севазвароту. На заражаных участках вырошчванне бульбы выключаюць мінімум на 3-4 гады, а пры высокай ступені інфікавання глебы патагенам — да 7 гадоў.
  • Выкарыстанне здаровага пасадачнага матэрыялу.
  • Перадпасадачная апрацоўка насенных клубняў фунгіцыдам Максім (400 г/т).
  • Пажадана праводзіць уборку ўраджаю пры сухіх умовах надвор’я.

Крыніцы

правіць

Літаратура

правіць