Парыжскі дагавор (1229)

Парыжскі дагавор 1229 года (фр.: traité de Paris de 1229), вядомы таксама як Дагавор у Мо (фр.: traité de Meaux) — мірны дагавор, заключаны ў горадзе Мо, на паўночны ўсход ад Парыжа, 12 красавіка 1229 года паміж графам Тулузскім Раймундам VII  (руск.) і каралём Францыі Людовікам IX, які скончыў Альбігойскі крыжовы паход.

Раймунд VII  (руск.) (справа) у прысутнасці караля Людовіка IX (злева) каецца перад царквой у асобе кардынала Рамена Банавентура  (руск.) (у цэнтры). Мініяцюра другой паловы XIII стагоддзя.

Па ўмовах дагавора Раймунд VII зноў прызнаваў сябе васалам караля Людовіка IX, губляў палову тэрыторый, перш за ўсё ўсе землі віконтаў Транкавеляў; Бакер і Каркасон станавіліся французскімі сенешальствамі. Яму таксама больш не належалі маркізат Праванс, гэта значыць зямлі цяперашніх дэпартаментаў Францыі Гар, Эро, Дром, Ваклюз і Од. За ім заставаліся Ажэн, Руэрг, частка Альбі і частка Керсі. Акрамя гэтага, ён абавязваўся выдаць сваю адзіную дачку Жанну  (руск.) (якой тады было дзевяць гадоў) за брата караля Альфонса дэ Пуацье, які і павінен быў успадкаваць усе яго землі; у выпадку, калі шлюб будзе бяздзетным, усе ўладанні адыходзілі французскай кароне. Гэта азначала канец самастойнага графства Тулуза. Раймунд таксама абавязваўся пераследваць на сваіх землях ератыкоў, выплаціць буйныя сумы шэрагу абацтваў, знесці ўмацаванні ў многіх гарадах і фінансаваць Тулузскі ўніверсітэт (заснаваны для ўзмацнення барацьбы з ерассю). На яго землях уводзілася інквізіцыя.

Паколькі Раймунд першапачаткова быў адлучаны ад царквы ў 1225 годзе, то падпісанню дагавора папярэднічала зневажальная сцэна пакаяння перад царквой, якую ён здзейсніў у Саборы Парыжскай Божай Маці, пасля чаго яго вярнулі ва ўлонне царквы.

Зноскі