Пасалуроз[1] — хранічнае інвазійнае захворванне трусоў і зайцоў з групы нематадозаў, якое выклікаецца нематодамі віду пасалурус невыразны (Passalurus ambiguus) з сямейства аксіўрыды (Oxyuridae)[1]. Рэгістрыруецца ва ўсіх краінах свету[1].

Марфалогія ўзбуджальніка

правіць

Гельмінт мае верацёнападобную форму цела, завостраную на канцах. Самцы даўжынёй 3,80-5 мм, самкі — да 12 мм. Характэрная прыкмета — кольцападобныя ўтварэнні на хваставым канцы самак. Яйцы асіметрычныя, 0,095-0,115×0,043-0,056 мм, на адным з палюсоў — невялікі выступ[2].

Жыццёвы цыкл узбуджальніка

правіць

Шлях заражэння аліментарны, заражэнне адбываецца на працягу ўсяго года. Найбольш успрымальныя да інвазіі трусы узростам 3-7 месяцаў. Інвазіўныя яйцы ўтрымліваюць лічынку з хваставым канцом, загнутым у выглядзе складзенага складанага нажа. Развіццё да палавой сталасці у тоўстых кішках працягваецца 18-26 сутак ад пачатку заражэння. Працягласць жыцця гельмінта — да 106 дзён[2].

Сімптомы захворвання

правіць

Пры моцнай інвазіі ў трусоў назіраюць бледнасць слізістых абалонак, нязначнае павышэнне тэмпературы цела, знясіленне, панос, часам сверб у вобласці вонкавых палавых органаў. Скура вакол ануса забруджаная, азызлая, гіперэмаваная, мае расчосы, поўсць злепленая[1]. Маладняк адстае ў росце і развіцці[2].

Дыягностыка

правіць

Выяўленне яец у крэсле па метаду Фюлеборна і ў саскобе з перыанальных зморшчын; знаходжанне паразітаў на паверхні фекаліяў. Пасмяротны дыягназ: выяўленне чарвякоў ў тоўстых кішках пры ўскрыцці.

Лячэнне

правіць

Эфектыўныя солі піперазіну (адыпінат, фасфат, сульфат) і фенатыязін. Солі піперазіну прызначаюць дарослым трусам аднаразова па 1,0 г (на 1 кг масы цела), маладняку двое сутак запар па 0,75 г (на 1 кг масы цела), фенатыязін — двое сутак запар па 1,0-1,5 г (на 1 кг масы цела). Прэпараты даюць з кормам індывідуальна або групавым метадам пасля 18-24-гадзіннай галоднай дыеты[2].

Прафілактыка

правіць

Забеспячэнне жывёл паўнавартаснымі кармамі, штодзённая ачыстка клетак ад гною, абясшкоджванне яго высокай тэмпературай, дэзінфекцыя клетак і інвентара. Трусоў, якія паступаюць у гаспадарку, абследуюць. З мэтай прафілактычнай дэгельмінтызацыі трусянятам пасля адлучэння ад маці даюць штодня групавым спосабам на працягу 43-50 дзён піперазіну адыпінат у дозе 0,1-0,15 г/кг[2].

Крыніцы

правіць
  1. а б в г Р. Г. Башыраў. Пасалуроз // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — С. 128. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
  2. а б в г д Абуладзе, К. И. (ред.) (1975). Паразитология и инвазионные болезни сельскохозяйственных животных. Учебник. М.: Колос.

Літаратура

правіць
  • Болезни кроликов. — 2 изд. — М., 1974
  • Демидов Н. В., Потемнина В. А. Справочник по терапии и профилактике гельминтозов животных. — М., 1980