Пцічанскае падняцце
Пцічанскае падняцце (ад назвы вёскі Пціч у Петрыкаўскім раёне) — тэктанічная структура ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці, у межах Петрыкаўскага пахаванага выступу Прыпяцкага прагіну. Выяўлена ў 1959 годзе па паверхні верхнефаменскай саляноснай тоўшчы электраразведкай, а па падсалявых і міжсалявых дэвонскіх адкладах — у 1975 годзе сейсмічнымі даследаваннямі.
Па паверхні фундамента і падсалявых адкладах Пцічанскае падняцце — манаклінальны блок з уздыманнем гарызонтаў пад вуглом 10º на паўднёвы захад да разрыўнога парушэння амплітудай да 800 м. Мінімальныя адзнакі паверхні фундамента ў галаўной частцы блока -3400 м, падсалявых адкладаў -3100 м. Па паверхні міжсалявых адкладаў Пцічанскае падняцце — антыклінальная складка субшыротнага распасцірання памерам 4×1,5 км з мінімальнай адзнакай у скляпенні -2800 м і амплітудай 100 м. Па паверхні верхняй саляноснай тоўшчы падняцце ўяўляе сабою антыкліналь субшыротнага распасцірання памерам 14×3 км з мінімальнай адзнакай у скляпенні -400 м і амплітудай 200 м. Прасочваецца па надсалявых адкладах, затухае ўверх па разрэзе.
Літаратура
правіць- Пцічанскае падняцце // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.