Радноцкі дагавор

У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Радноцкі дагавор 1656, Радноцкі трактат — пакт, заключаны 6 снежня 1656 пад час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў і Паўночнай вайны 1655—1660 гадоў у г. Раднот у Трансільваніі паміж Швецыяй і Трансільваніяй (ускосна ўлічваліся інтарэсы іх саюзнікаў па антыкаталіцкай лізе — Брандэнбург-Прускім курфюрствам і запарожскім казацтвам Б. Хмяльніцкага, кальвінісцкай партыі Радзівілаў у ВКЛ), які зафіксаваў умовы меркаванага будучага падзелу Рэчы Паспалітай.

Радноцкі дагавор
Дата падпісання 6 снежня 1656

Дагавор меў выразна антыкаталіцкую ідэалагічную накіраванасць і прадугледжваў поўнае знікненне Рэчы Паспалітай з палітычнай карты Еўропы. Паводле дагавора, які быў рэакцыяй на Віленскае перамір’е 1656 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай і Венскі трактат паміж Польшчай і імперыяй Габсбургаў (1 снежня 1656). Меркавалася, што тытул польскага караля разам з Малой Польшачй, большай часткай Мазоўша, Валынню, Галічынай, Падоллем дастанецца трансільванскаму князю Дзьёрдзю II Ракацы. Падзел Падляшша паміж хаўруснікамі выклікаў спрэчкі, але вырашэнне іх адклалі на больш позні час. Астатняя частка Польскага каралеўства (за выключэннем некаторых заходне-польскіх зямель, на якія прэтэндаваў стрыечны брат Б. Радзівіла брандэнбургскі курфюстр Фрыдрых Вільгельм) павінна была адысці да шведскага караля Карла X Густава разам з Курляндыяй.

Паводле дагавора ад ВКЛ да Швецыі адыходзілі Жамойць, Браслаўскі, Упіцкі, Вількамірскі і Ковенскі паветы, Інфлянты, а таксама часткі Полацкага ваяводства і Віцебскага павета (уздоўж Зах. Дзвіны), важныя для гандлю шведскай Рыгі. Трансільванія атрымлівала Берасцейскае ваяводства. Радноцкі дагавор прадугледжваў стварэнне асобнага незалежнага спадчыннага княства для Радзівіла (у той час знаходзіўся у прускім Караляўцы), куды павінна было ўвайсці разам са спадчынным Слуцкім княствам Радзівілаў усё Новагародскае ваяводства і іншыя ўладанні Радзівілаў (у т.л. Сялец, Старое Сяло і Венграў). Статус цэнтральнай і паўднёва-ўсходняй часткі ВКЛ, якія былі заняты войскамі Расійскай дзяржавы і Б.Хмяльніцкага, у пакце не ўзгадняўся.

Прадстаўнік Радзівіла Ян Мажэнскі апратэстоўваў такія ўмовы падзелу, апелюючы да Кейданскай уніі 1655, і патрабаваў, каб у склад меркаванага дзяржаўнага ўтварэння Радзівіла ўвайшлі апрача Новагародчыны таксама Падляшша і Берасцейшчына. Насуперак умовам дагавора шведы сепаратна часткова згадзіліся з гэтымі патрабаваннямі, хаця і не збіраліся іх выконваць. Рэалізуючы дагавор, 16 мая 1657 шведска-трансільванска-казацкае войска на чале са шведскім каралём Карлам X Густавам, князем Трансільваніі Дзьёрдзем II Ракацы і наказным казацкім гетманам Антонам Ждановічам прымусіла моцную залогу Берасця да капітуляцыі. У аперацыі брала ўдзел брыгада Радзівіла на чале з палкоўнікам Эберхардам Путкамерам. У Берасці бакі ратыфікавалі Радноцкі дагавор, і як вынік горад быў перададзены Швецыяй Трансільваніі, У горадзе быў пакінуты венгерскі гарнізон на чале з губернатарам Андрашам Гаўдзі. Гэты крок выклікаў рэзкія пратэсты Радзівіла. Ён 4 ліпеня 1657 паслаў Карлу X Густаву ліст з просьбай загадаць Гаўдзі перадаць горад і наваколле прыхільнікам Радзівіла, а таксама накіраваць яго брыгаду і дапаможныя шведскія атрады да Слуцка (прыватнага горада Радзівілаў), каб дапамагчы авалодаць усім Новагародскім ваяводствам. Перадачай Берасця Трансільваніі быў незадаволены таксама гетман Хмяльніцкі, які разлічваў на тэрытарыяльныя набыткі на захадзе Украіны і паўднёвым захадзе Беларусі. У выніку 24 мая 1657 паводле загаду Хмяльніцкага Ждановіч прыняў пад пратэкцыю Украіны значную частку Берасцейшчыны (Пінскі павет).

Змяненне знешнепалітычных абставін (паражэнне Трансільваніі ад Рэчы Паспалітай, напад Даніі на Швецыю, смерць Б. Хмяльніцкага і інш.) прывяло да таго, што дагавор так і не быў цалкам рэалізаваны, а створаны ім хаўрус распаўся.

Літаратура

правіць
  • Невядомыя эпізоды «невядомай вайны». Ваенныя дзеянні Швецыі супраць ВКЛ у 1656—1657 гг. вачыма Эрыка Дальберга // Спадчына № 3, 1999.