Раман
Раман — літаратурны жанр — вялікі эпічны, звычайна празаічны, твор, у якім шырока ахоплены істотныя жыццёвыя з’явы пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі і эпохі, паказаны шматлікія характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці, створаны разнастайныя бытавыя малюнкі[1].
Паводле іншага азначэння: жанр, у якім выкладаецца разгорнутае апісанне жыцця і развіцця асобы галоўнага героя (герояў) у крызісны (нестандартны) перыяд яго жыцця.
Уласцівасці жанру
правіцьЯму ўласціва шматлікасць галоўных і пабочных сюжэтных ліній, якія існуюць паралельна і перакрыжоўваюцца, неабмежаванасць у часе і прасторы, вялікая колькасць дзейных асоб рознага кшталту (станоўчых і адмоўных), наяўнасць пазасюжэтных элементаў (аўтарскія адступленні, устаўныя эпізоды, пейзажы, інтэр’еры, абрамленні). Раман — гэта люстра найперш прыватнага, будзённага жыцця звычайных людзей у цяперашні ці нядаўні час (за выключэннем гістарычных раманаў). Па законах мастацкай тыпізацыі ў прыватным выяўляецца агульнае, а ў будзённым, звычайным — істотнае, тое, што характэрна для пэўнай краіны, народа, урэшце — для пэўнага часу, чалавецтва ўвогуле[1].
Магчымыя варыянты выкладання сюжэту:
- ад нараджэння героя да яго смерці («Парфума» П.Зюскінда);
- ад нараджэння героя да выхаду яго жыцця з крызіснага стану («Дэвід Коперфільд» Ч. Дзікенса);
- ад уваходу галоўнага героя ў крызісны стан да развязкі («Злачынства і пакаранне» Ф. М. Дастаеўскага).
Вядома многа жанравых разнавіднасцей: сямейна-бытавы, сацыяльна-бытавы, сацыяльна-палітычны, любоўны, гістарычны, сатырычны, філасофскі, фантастычны, авантурны, дэтэктыўны, утапічны (і антыўтапічны), біяграфічны, мемуарны, раман-хроніка, раман-споведзь, раман-прытча і інш.
Гісторыя жанру і назвы
правіцьРаман сфарміраваўся толькі ў XVІ—XVІІІ стагоддзі. Асаблівага росквіту дасягнуў у XІX ст. Вядомыя пісьменнікі-раманісты розных краін: Стэндаль, Бальзак, Заля, Дзікенс, Флабер, Леў Талстой, Дастаеўскі, Гогаль, Тургенеў, Іван Ганчароў і інш.
Яго папярэднікамі былі старажытны эпас, старажытныя і сярэднявечныя апавядальныя творы («Дафніс і Хлоя» Лонга, «Залаты асёл» Апулея — І ст. да н. э.). Гэтыя творы вядомыя пад назвамі егіпецкага, антычнага, рыцарскага рамана, але іх нельга лічыць раманамі ў сучасным разуменні.[1]
Назва «раман» узнікла ў пачатку XII стагоддзя ўслед за жанрам рыцарскага рамана (старафранц. romanz ад познелац. romanice «на (народнай) раманскай мове»), у супрацьлегласць гістарыяграфіі на лацінскай мове.
Часам гавораць пра своеасаблівае «раманнае мысленне». Ёсць думка, што па здабытках рамана можна меркаваць пра ўзровень развіцця нацыянальнай літаратуры ўвогуле.
Першы ўкраінскі раман — «Чорная рада» Куліша, першыя беларускія «На ростанях» Якуба Коласа і «Сокі цаліны» Цішкі Гартнага.
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Уводзіны ў літаратуразнаўства: вучэб. дапам. У 2 ч. Ч. 1. Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка / В. П. Рагойша, М. П. Кенька, Т. А. Марозава; пад рэд. В. П. Рагойшы. — Мінск : БДУ, 2011. — 247 с. ISBN 978-985-518-375-5