Рэзюмэ

дакумент, які змяшчае інфармацыю пра навыкі, адукацыю, вопыт і г. д. чалавека, які з'яўляецца кандыдатам на работу

Рэзюмэ (фр.: resume, лац.: curriculum vitae) — дакумент, які змяшчае інфармацыю пра навыкі, адукацыю, досвед і іншыя звесткі пра чалавека, як кандыдата на працаўладкаванне або пасаду.

Рэзюмэ павінна быць вельмі дакладным і кароткім, максімум дзве старонкі. У розных краінах структура рэзюмэ, або CV, можа адрознівацца.

Апошнім часам распаўсюдзіліся інтэрнэт-рэзюмэ, якія запаўняюць па вызначаным шаблоне на спецыялізаваных сайтах рэкрутынгавых агенцтваў. Ёсць таксама прафесійныя службы, якія прапануюць складанне «пісьменных» рэзюмэ.

Яшчэ адзін, пакуль мала распаўсюджаны, тып рэзюмэ — відэа-рэзюмэ, кароткі відэаролік, у якім кандыдат апавядае пра сябе, свае навыкі і іншае. Як і ў выпадку інтэрнэт-рэзюмэ, ёсць спецыялізаваныя сайты для іх размяшчэння, і кампаніі, якія займаюцца іх запісам і размяшчэннем.

Структура рэзюмэ правіць

Рэзюмэ звычайна складаецца з некалькіх раздзелаў, інфармацыя ў кожным з іх мусіць каротка азнаёміць патэнцыяльнага працадаўцу з усімі звесткамі пра кандыдата, патрэбнымі для яго прыёму на працу. У рэзюмэ не варта ўключаць інфармацыю, якая не мае дачынення да меркаванай працы. У рэзюмэ варта ўключаць толькі інфармацыю, якая дапаможа максімальна ахарактарызаваць кандыдата.

Рэзюмэ павінна змяшчаць:

  • кантактную інфармацыю кандыдата.
  • кароткае апісанне пасады, на якую ён прэтэндуе.
  • кароткае апісанне асноўных навыкаў.
  • апісанне досведу працы па спецыяльнасці ў зваротным храналагічным парадку (звычайна, трох апошніх месцаў працы).
  • апісанне адукацыі (дыпломы, сертыфікаты і іншае).
  • дасягненні і магчыма рэкамендацыі.

Часам у рэзюмэ ўключаюць інфармацыю пра сяброўства ў прафесійных асацыяцыях, навуковыя публікацыі і аўтарскія патэнты. Таксама ў рэзюмэ можна ўключыць інфармацыю пра захапленні, лепей калі гэта актыўныя захапленні (напрыклад, спорт, турызм, танцы), аднак падобнае апісанне мусіць быць выкладзена сцісла, і не варта ўключаць у рэзюмэ не карысную патэнцыяльнаму працадаўцу інфармацыю.

Спасылкі правіць