Сакральная ўлада

Сакральная ўлада — рэлігійныя і міфалагічныя ўяўленні аб сакральным, свяшчэнным, «боскім» паходжанні ўлады кіраўніка.

Рэлігійнае разуменне сакральнай улады ў кіраўніка з’яўляецца ў перыяд заняпаду родавага грамадства і ўзнікнення дзяржаўных утварэнняў. У гэты перыяд прыходзіць у заняпад падставовы прынцып родавай грамады — роўнасць усіх супольнікаў калектыву — і з’яўляецца неабходнасць вылучэння кіраўніка. Адным з найбольш дзейсных спосабаў узвышэння кіраўніка было абагаўленн яго ўлады ці ўяўленне аб атрыманні ім улады ад багоў. Сакралізацыя канчаткова рабіла вобраз валадара адзіным сімвалам улады ў краіне, надавала гэтай уладзе рэлігійнае значэнне.

Акрамя таго, сакральны кіраўнік станавіўся вярхоўным святаром у дзяржаве, медыятарам (пасярэднікам) у дачыненнях паміж чалавечым калектывам і багамі. Усе найбольш важныя дзяржаўныя рэлігійныя абрады выконваліся толькі з удзелам сакральнага кіраўніка. У гэтым плане ён быў гарантам дабрабыту краіны і людзей, таму шмат што залежала ад яго фізічнага і духоўнага здароўя, ад магчымасці добра выконваць абрады.

Можна вылучыць два асноўныя спосабы сакралізацыі ўлады кіраўніка. У шматлікіх культурах (Старажытны Егіпет, Кітай, Японія, цывілізацыі дакалумбавай Амерыкі  (руск.)) кіраўнік лічыўся «жывым богам». У іншых грамадствах існавала ўяўленне аб атрыманні кіраўніком ад багоў у момант каранацыі нейкай боскай, свяшчэннай сілы: «мана» ў народаў Палінезіі, «царскасць» у дзяржавах Месапатаміі ды інш. Гэтыя ўяўленні традыцыйна захоўваліся на працягу ўсяго Сярэднявечча (параўн. хрысціянскую традыцыю разумення кіраўніка як «памазанніка Божага»), а ў некаторых культурах іх рэшткі можна ўбачыць і цяпер.

Вельмі яскрава аб сакральнай уладзе сведчаць розныя міфалогіі, якія даюць нам магчымасць зразумець нутраны сэнс уяўленняў аб паходжанні ўлады кіраўніка. Міфы, прысвечаныя гэтай тэме можна падзяліць на некалькі груп:

  1. міфы аб цудоўным нараджэнні і выхаванні будучага кіраўніка;
  2. міфы аб боскай дапамозе кіраўніку заняць пасад праз спецыяльныя знакі;
  3. міфы аб звышнатуральнай дзейнасці кіраўнікоў ці іх свяшчэнных памочнікаў;
  4. міфы, дзе кіраўнікі з’яўляюцца настаўнікамі сваіх падданых у справе земляробства, жывёлагадоўлі, рамяства ды інш.

У беларускай традыцыі ўяўленні аб сакралізацыі ўлады кіраўніка добра бачныя ў летапісным і фальклорным вобразе полацкага князя Усяслава Чарадзея. Магчыма, з гэтымі ж ідэямі можна звязваць паданні пра князёў Тура, Вітаўта і славянскую форму імя полацкага князя Рагвалода.

Літаратура правіць

  • Беларуская міфалогія. Энцыклапедычны слоўнік. — Мн., Беларусь, 2004. — 591 с.
  • Иванов Вяч. Вс. Древнебалканские названия священного царя и символика царского ритуала // Палеобалканистика и античность. — М., 1989. — С. 6—13.