Саладоўня
Саладо́ўня, саладзі́льня — гаспадарчае збудаванне, у якім прарошчвалі і сушылі зерне на солад; тып сушні. Вядома ў матэрыяльнай культуры многіх славянскіх народаў[1].
На Беларусі ў XVI—XIX стст. будавалі пераважна пры броварах, былі і асобныя саладоўні. Інвентары апісваюць саладоўні ў панскіх сядзібах і фальварках[1].
Традыцыйная саладоўня нагадвала 3-камерную хату, дзе абапал сянец размяшчаліся памяшканне для прыгатавання рошчыны (у ім знаходзіліся карыты для замочвання і прарошчвання зерня; тут была і курная печ) і озніца (тып сушні, дзе высушвалі рошчыну; звычайна дзялілася рэдкім жардзяным памостам на 2 ярусы: у першым стаяла курная печ, у 2-м на памосце клалі рошчыну; былі таксама сумешчаныя озніцы тыпу ёўні). У рошчыннае памяшканне з двара (ад калодзежа ці вадаёма) ішлі 2 латакі: па адным падавалі свежую, па другім адводзілі адпрацаваную ваду (в. Чаравацічы каля Кобрына, інв. 1597)[1].
Існавалі і 2-камерныя саладоўні з озніцамі ў сенцах (Смалявічы, інв. 1621), а таксама 2-павярховыя саладоўні з рошчынным памяшканнем у першым і озніцай у другім паверсе (сядзіба Чалевічы над Слуцкам, інв. 1644). Каралеўскі двор у Пружанах у 1597 меў саладоўню складанай 5-камернай планіроўкі (рошчынная хата, озніца, сенцы, камора, жылы пакой работніка)[1].
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г Ю. А. Якімовіч. Вільчык // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9.
Літаратура
правіць- Ю. А. Якімовіч. Вільчык // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9.