Сарумскі абрад (Салсберыйскі абрад, англ.: Salisbury = лац.: Sarum) — варыяцыя рымскага абраду, якая шырока выкарыстоўвалася ў хрысціянскай літургіі, уключаючы імшу і літургію гадзін. Заснаваў абрад Святы Осмунд, біскуп Солсберы, у XI стагоддзі[1]. Першапачаткова сарумскі абрад з’яўляўся мясцовым і выкарыстоўваўся толькі ў Салсберыйскім саборы і дыяцэзіі Солсберы. Ён стаў шырока выкарыстоўвацца па ўсім поўдні Англіі, Уэльса, Ірландыі і — пазней — Шатландыі аж да кіравання Крывавай Мэры[2].

Салсберыйскі сабор

Нягледзячы на тое, што ў XVI стагоддзі служэнне паводле сарумскага абраду спынілася, ён моцна паўплываў на форму англіканскай літургіі.

Гісторыя

правіць

У 1078 годзе кароль Вільгельм Заваёўнік прызначыў святога Осмунда, нармандскага арыстакрата, на катэдру горада Солсберы, які па-лацінску зваўся «Sarum». У якасці біскупа Солсберы Осмунд ініцыяваў шэраг зменаў у захаваным кельта-англасаксонскім абрадзе і перапрацаваў мясцовую адаптацыю рымскага абраду, паяднаўшы родную яму нармандскую традыцыю з англасаксонскай.

Рэвізія, учыненая Осмундам, прывяла да стварэння новага імшала і малітоўнікаў, якія сталі выкарыстоўвацца ў большасці парафій Англіі, паўднёвых раёнах Уэльса і Усходняй Ірландыі.

Некаторыя дыяцэзіі стварылі свае імшалы, натхнёныя сарумскім абрадам, аднак са сваімі ўласнымі малітвамі і цырымоніямі. Некаторыя з іх былі такімі адрознымі, што іх сталі ідэнтыфікаваць як асобныя абрады, напрыклад, херэфордскі, ёркскі, бангорскі, абердынскі. Іншыя імшалы, якія выкарыстоўваліся ў Лінкальнскім саборы або Вэстмінстэрскім абацтве, мелі больш відавочнае паходжанне з сарумскага абраду і адрозніваліся ад яго толькі дэталямі.

Гісторыкі-літургісты мяркуюць, што сарумскі абрад аказаў відавочны ўплыў на выкарыстанне рымскага абраду за межамі Англіі, менавіта на нідароскі абрад і брагскі абрад у Партугаліі.

Калі па волі Генрыха VIII Царква Англіі аддзялілася ад Рымска-каталіцкай царквы ў 1530-х гадах, яна захавала сарумскі абрад з паступовымі мадыфікацыямі. Пры Эдуардзе VI рэфарматарскі ціск па пытаннях публічнай літургіі прывёў да замены сарумскага абраду наступнымі версіямі Кнігі агульных малітваў (1549 і 1552 гады). Крывавая Мэры аднавіла сарумскі абрад у 1553 годзе і імкнулася распаўсюдзіць яго па ўсёй Англіі, але ён быў канчаткова адменены пры Елізавеце I у 1559 годзе.

Адраджэнне

правіць

Шматлікія цырыманіяльныя практыкі, якія асацыяваліся з сарумскім абрадам, былі адноўленыя ў англіканскай супольнасці ў XIX і XX стагоддзях у выніку Оксфардскага руху ў Англіканскай царкве. Некаторыя англа-католікі імкнуліся знайсці традыцыйную форму літургіі, якая была б характэрна англійскай, а не рымскай. Яны звярнуліся да Ornaments Rubric 1559 года, паводле якога англійскія цэрквы павінны быць абсталяваныя так, як гэта было на пачатку праўлення Эдуарда VI. Аднак у цяперашні час у Англіканскай царкве няма адзінага меркавання наконт дэталяў літургіі паводле сарумскага абраду.

Зноскі

правіць
  1. Bergh, Frederick Thomas. «Sarum Rite.» // The Catholic Encyclopedia. Vol. 13. New York: Robert Appleton Company, 1912.
  2. Photostats of Bologna, Biblioteca Universitaria 2565, Sarum Missal(недаступная спасылка). Bodley.ox.ac.uk (1 верасня 2009). Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2012. Праверана 2 красавіка 2010.

Спасылкі

правіць