Саўм (араб. الصوم‎) —— мусульманскі пост, адзін з пяці слупоў ісламу. Пост з’яўляецца агульнай практыкай для ўсіх рэлігій, гэта духоўная традыцыя папярэднічае ісламу: «Вам прадпісаны пост, падобна на тое, як ён быў прадпісаны вашым папярэднікам» (Каран, 2:183). Ён уключае тры складнікі — духоўны, фізіялагічны і сацыяльны.

Пост у мусульман мае два асноўных ракурсы. Па-першае, адмаўляючыся ад сваіх прыродных патрэб — ежы, пітва, полавай цягі, веруючы праяўляе валоданне сабой, волю і скіроўвае ўсю сваю энергетыку ў самаго сябе, да сэрца, шукаючы максімальнага набліжэння да Бога, імкнучыся адчуць Яго подых. Па-другое, веруючы робіцца бліжэй да беднякоў, бяспраўных і незаўважных, чым адпаведна набліжаецца і да Ўсявышняга.

Для мусульман самым значным пастом з’яўляецца пост у месяц рамадан. Гэты пост заключаецца ў поўнай адмове ад ежы, пітва і сэксуальных адносін у светлы час дня напрацягу 29 ці 30 дзён і робіцца абавязкам з узросту полавага выспявання. Ён пачынаецца прыкладна за гадзіну або паўтары да світання і сканчаецца з заходам сонца. Мусульмане выкарыстоўваюць лунны календар, дзе год складае 355 ці 356 дзён, таму за кожны сонечны год пачатак посту ссоўваецца на 10-12 дзён. У залежнасці ад пары года і шыраты пост можа доўжыцца ад дзевяці да дваццаці гадзін.