Свята-Іаана-Багаслоўская царква (Лабачаў Малы)

Свята-Іаана-Багаслоўская царква — колішняя царква ў в. Лабачаў Малы Бяльскага павета Польшчы.

Славутасць
Свята-Іаана-Багаслоўская царква

Гісторыя правіць

Драўляная Свята-Іаана-Багаслоўская царква была пабудавана хутчэй усяго ў XV ст. блізка ад Берасця ў Лабачове за Бугам. Праз гэта спрадвеку яна называлася не Лабачоўскай, а Забужнай Брэсцкай. Да святыні адносіліся Лабачова, Цярэспаль, вёскі Балоткава, Схуты і Агароднікі з 386 прыходскімі душамі. Некаторыя з жыхароў названых месцаў ні пад пагрозамі, ні пад прымусам, ні пад якім іншым уздзеяннем не пераходзілі ва ўніяцтва. Першапачаткова царква была праваслаўнай, таму мела іканастас з райскімі дзвярамі — часткай залачонымі, часткай фарбаванымі, з выявай чатырох евангелістаў і Тайнай вячэры. Сярод абразоў былі «Збавіцель», «Багародзіца», «Іаан Багаслоў», «Георгій Перамаганосец», «Вялікапа-кутніцы Варвара і Кацярына». Ад бацькоўскай старасветчыны да сярэдзіны XVIII ст. тут захоўваліся рукапісныя Евангелле і Службоўнік, Актоіх і Трэбнік львоўскага друку, а таксама Псалтыр. У рызніцы знаходзіліся старыя рызы і адна з іх — ружаватага колеру, затканая срэбрам. У царкве былі «чаша, дискос, лжица, ваздухи», а таксама напрастольныя крыжы, кадзільніца, харугвы і інш. Пры царкве дзейнічала брацтва, якое, не маючы ніякіх фундушаў, карысталася толькі складчынай. Святыні належалі лугі ва ўрочышчах Затока, Барачылаўка, Недагрызкі, ворная зямля каля Яноўскага тракту.

У рэвізіі 1759 г. адзначаецца, што Лабачоўская царква па векавечнасці свайго існавання ўяўляе сабой падабенства руін, зусім не прыдатных для рамонту, і пагражае небяспекай не толькі пастыру, але і прыхаджанам падчас богаслужэння. Пасля рэвізіі храм мог быць закрыты, аднак з увагі на прашэнне вернікаў быў дадзены дазвол на пабудову новай царквы не пазней як на працягу трох месяцаў 1759 г.

Літаратура правіць

  • Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны: нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз; [рэдакцыйны савет: У. У. Андрыевіч (галоўны рэдактар) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2018. — С. 40. — 511 с. — 600 экз. — ISBN 978-985-11-1055-7.