Словаўтваральная мадэль

Словаўтваральная мадэль – канкрэтная схема пабудовы вытворнага слова з улікам яго фармальнага відазмянення.

Словаўтваральная мадэль улічвае канкрэтныя асаблівасці ўтварэння пэўнага слова ці групы слоў у межах аднаго словаўтваральнага тыпу. Гэтыя асаблівасці маюць пераважна марфаналагічны характар, значыць датычацца фармальнага (фанемнага) складу вытворных слоў, і толькі зрэдку закранаюць марфолага-структурны бок. Так у межах таго ці іншага словаўтваральнага тыпу пры ўтварэнні адных слоў адбываецца чаргаванне фанемаў на граніцы марфемаў, а ў другіх такога чаргавання няма, у адных выпадках выкарыстоўваюцца інтэрфіксы, а ў другіх не, адбываецца ўсячэнне ўтваральных асноў, або не адбываецца і г.д.

Вытворныя словы з такімі марфаналагічнымі адрозненнямі і складаюць унутры пэўнага словаўтваральнага тыпу асобныя словаўтваральныя мадэлі. Гэтыя мадэлі даюць магчымасць паўней выявіць асаблівасці словаўтварэння таго ці іншага лексіка-семантычнага разраду, устанавіць канкрэтную формулу пабудовы вытворных.

Такім чынам, словаўтваральны тып можа аб'ядноўваць словы, утвораныя паводле розных мадэляў.

У лінгвістычнай літаратуры паняцце словаўтваральнай мадэлі трактуецца неадназначна. Часта яго змешваюць з паняццем словаўтваральнага тыпу.

Глядзі таксама правіць

Літаратура правіць

  • Беларуская граматыка: У 2 ч. — Мінск: Навука і тэхніка. — Ч. 1. Фаналогія Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск, 1985.
  • Шакун Л. М. Словаўтварэнне. Мінск: Вышэйшая школа, 1978.