Слуцкая ратуша — колішняя ратуша ў горадзе Слуцку Мінскай вобласці.

Ратуша
Слуцкая ратуша
Слуцкая ратуша (1650)
Слуцкая ратуша (1650)
Краіна  Беларусь
Горад Слуцк
Стан Не існуе

Гісторыя

правіць

Першая ратуша

правіць

Першы раз Слуцк атрымаў Магдэбургскага права ў 1441 годзе пры князі Аляксандры Уладзіміравічы. На пачатку XVI стагоддзя ў сувязі з разбурэннямі, выкліканымі нападамі на горад крымскіх татар, яно было скасавана. Якой была і ў якім месцы размяшчалася ратуша невядома.

Другая ратуша

правіць

У 1652 годзе, калі гаспадаром Слуцкага княства быў Багуслаў Радзівіл, Магдэбургскае права было адноўлена. У хуткім часе была пабудавана ратуша. Стаяла яна ў Старым горадзе непадалёку ад гандлёвай плошчы на правым баку вуліцы Віленскай.

Будынак ратушы быў драўляны, прамавугольны ў плане, трохпавярховы, пакрыты высокім двухсхільным дахам. Да сярэдзіны павёрнутага да вуліцы падоўжнага фасада рызалітам прымыкала трох'ярусная вежа. Два яе ніжнія ярусы – чацверыкі, трэці, на ўзроўні трэцяга паверха, – васьмярык, завершаны шлемападобным купалам з вежачкай-альтанкай. Сцены ніжніх паверхаў будынка былі рубленымі, трэці меў фахверкавыя (каркасныя) канструкцыі. Яруснасць будынка падкрэслівалі рытмічныя гарызанталі праходзячых па перыметры міжпавярховых паяскоў-стрэшкаў. Адметная рыса слуцкай ратушы – вялікая колькасць памяшканняў, у якіх размяшчаліся канцылярыя, архіў, казна, важніца, склады, зала пасяджэнняў магістрата, суда і іншыя.

У архітэктуры пабудовы спалучаліся рысы традыцыйнага народнага драўлянага дойлідства і стылю барока. А прысутнасць фахверка гаворыць і аб выкарыстанні заходнееўрапейскай будаўнічай традыцыі.

Зыходзячы з малюнкаў радзівілаўскага архіва, можна ацаніць архітэктурна-мастацкія асаблівасці будынка, у першую чаргу галоўнага фасада. Ніжні паверх праразаўся сіметрычна размешчанымі адносна вежы прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Другі ўяўляў суцэльную, без аконных праёмаў, сцяну, своеасаблівым акцэнтам якой былі тры аконныя праёмы вежы, сярэдні з якіх быў большым і ўяўляў, верагодна, выхад на балкон. Дэкаратыўная насычанасць трэцяга паверха рашалася рытмам аконных праёмаў і геаметрычнай арнаментыкай фахверкавых канструкцый. Кантрастным вобразна-пластычным акцэнтам фасада з'яўлялася вертыкаль размешчанай пасярэдзіне вежы з уваходным праёмам у ніжнім ярусе, пластыка якой уверсе ўскладнялася, а завяршаючым акордам з'яўляўся фігурны ярусны купал. На фоне неба аб'ёмна-прасторавае рашэнне будынка падкрэслівалі сцяжкі-флюгеры, якія вянчалі вежу і вільчакі бакавых фасадаў. Лаканічнасць архітэктурна-мастацкага рашэння, граматнае і выразнае спалучэнне ўсіх вобразна-пластычных элементаў ставіць будынак слуцкай ратушы ў шэраг значнейшах помнікаў драўлянага дойлідства ў гісторыі горада.

Да якога часу стаяў будынак ратушы, невядома. Магчыма, што не стала яго з-за пажару, які ўчыніўся 29 кастрычніка 1669 года. Цяперашняе месца, дзе некалі стаяла ратуша, прыкладна адпавядае месцу, дзе знаходзіцца школа № 5[1].

Зноскі

  1. Ігар Ціткоўскі.. Слуцкая ратуша. Наследие Слуцкого края (29 снежня 2016).

Спасылкі

правіць
  • Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985.
  • Глебов И. Город Слуцк. Исторический очерк. Вильна. 1904. С. 19.
  • Тройчанский архив. Сб. Минская старина. Вып. № 4, Мн., 1913, № 125.