Спартыўная карта
Спартыўная карта — спецыяльная буйнамаштабная схема мясцовасці, прызначаная для выкарыстання ў спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні.
Для спартыўных карт звычайна ўжываюцца маштабы 1:5000, 1:7500, 1:10 000 і 1:15 000 з вышынёй сячэння рэльефу 5 м. На мясцовасці з невялікім перападам вышынь на схілах можна выкарыстоўваць вышыню сячэння рэльефу 2,5 м.
На спартыўнай карце адсутнічаюць каардынатная сетка, лініі сапраўднага мерыдыяна, скланенне, кропкі геадэзічных прывязак і дзейнічае адмысловая сістэма дакладнасці па планавых, вуглавых і вышынных вымярэннях ў адпаведнасці з патрабаваннямі Міжнароднай федэрацыі арыентавання (ІОФ), а спецыяльны змест складаюць паказ праходнасці мясцовасці і індывідуальных асаблівасцяў адлюстроўваемых аб'ектаў.
На карту, якая выдаецца ўдзельніку спаборніцтваў, наносяць чырвоным (дапускаецца пурпуровым, фіялетавым) колерам элементы дыстанцыі, адпаведныя кожнаму віду арыентавання.