Супраціўленне ў Беластоцкім гета

Супраціўленне ў Беластоцкім гета — дзейнасць яўрэяў Беластоцкага гета па пасіўнаму або актыўнаму супрацьдзеянню планам і дзеянням нацыстаў у перыяд Халакоста. Актыўнае супраціўленне завяршылася паўстаннем, якое адбылося 16 жніўня 1943 года. Лічыцца, што гэта было другое па велічыні, пасля паўстання ў Варшаўскім гета, яўрэйскае паўстанне супраць нацыстаў[1].

Беластоцкае гета

Беластоцкае гета правіць

Немцы занялі Беласток 27 чэрвеня 1941 года і заставаліся ў ім да 27 ліпеня 1944 года. Але горад быў акружаны ўжо 22 чэрвеня 1941 года. Таму толькі нязначнай колькасці яўрэяў, не больш за 200—300 чалавек удалося эвакуявацца з Беластока. 26 ліпеня 1941 года ў горадзе было створана гета, у якім заключана ад 40 да 60 тысяч яўрэяў з горада і наваколля.

Рух супраціўлення ў гета правіць

Першыя парасткі руху супраціву ў Беластоцкім гета былі створаны ў лістападзе 1941 года на нарадзе камуністаў, левых сіяністаў і бундаўцаў ў падвале бальніцы гета. Была прынята праграма работы, створаны Антыфашысцкі камітэт Беластока. Але ў снежні гестапа, атрымаўшы інфармацыю з невядомай крыніцы, арыштавала і расстраляла чацвярых падпольшчыкаў. У пачатку 1942 года ў гета з’яўляюцца яшчэ некалькі груп супраціву.

У адрозненне ад многіх іншых паўстаньняў, у Беластоку сілы супраціву падтрымліваў кіраўнік юдэнрата Эфраім Бараш.

У канцы 1942 года падпольшчыкі рабілі спробы стварэння ў раёне Беластока партызанскіх атрадаў. Сітуацыя ў лясах тут была складаней, чым на астатняй тэрыторыі БССР, бо ў раёне Беластока, у адрозненне ад іншых месцаў, барацьбу з яўрэйскімі партызанамі вяла таксама і Армія Краёва, асноўны памочнік яўрэйскага партызанскага руху ў іншых месцах. Першая група партызан, у складзе васьмі чалавек, сышла з гета 7 студзеня 1943 года. Праз некалькі дзён да іх далучылася і другая група з 9 чалавек на чале з М. Слапаком. У лютым камандзір групы і сямёра партызан загінулі ў баі з немцамі, а астатнія былі вымушаныя вярнуцца ў гета.

Першыя узброеныя сутыкненні ў гета былі падчас акцыі дэпартацыі 5—12 лютага 1943 года. «Блок А» распачаў спробу абароны насельніцтва і арганізацыі адпору, атакаваўшы салдат і будынкаў на тэрыторыі гета, якія належалі немцам. «Блок У» у лютаўскіх баях удзелу не прыняў. У ходзе баёў было забіта каля 30 нямецкіх салдат і ўкраінскіх паліцэйскіх.

Гэтая спроба ўзброенага супраціўлення прынесла вялікія страты. Загінулі ад 800 да 2 тысяч чалавек, а 10 тысяч былі вывезены з Фабрычнага (Палескага) вакзалу ў Трэблінку. Пасля лютаўскіх баёў падпольшчыкі пачалі разумець што падзел сіл супраціўлення на два блокі ідзе насуперак з інтарэсамі справы.

У пачатку жніўня 1943 года немцы прынялі рашэнне аб канчатковай ліквідацыі Беластоцкага гета. У жніўні 1943 года ў гета засталося толькі каля 30 тысяч яўрэяў.

У ноч з 15 на 16 жніўня гета было акружана трыма кольцамі нямецкіх войскаў, якія складаліся з падраздзяленняў нямецкай жандармерыі, трох спецыяльных паліцэйскіх батальёнаў, два з якіх былі украінскімі, частак СС і падраздзяленняў вермахта. Войскам былі нададзены палявая артылерыя, танкі, браневікі і самалёты. У ноч на 16 жніўня нямецкія войскі занялі фабрыкі гета, раніцай 16 жніўня ў гета былі вывешаны аб’явы, у якіх насельніцтву загадвалі сабрацца ў згаданых месцах, нібыта для перасялення ў Люблін.

У паўстанні ў Беластоцкім гета ўдзельнічала ўсяго каля 300 чалавек. З-за таго, што ўзбраенне паўстанцаў было бедным, яго магло хапіць толькі для такой колькасці байцоў.

Лёс беластоцкіх яўрэяў пасля паўстання правіць

Каля 150 паўстанцаў здолелі прарвацца за межы гета, у Кнышанскую Пушчу, дзе яны стварылі партызанскі атрад «Кадзіма» (Наперад). Гэты атрад і іншыя яўрэйскія групы і атрады ў красавіку 1944 года ўліліся ў савецкую партызанскую брыгаду імя К. Каліноўскага.

Пасля падаўлення паўстання ацалелыя яўрэі былі высланы ў Трэблінку (10 транспартаў), Асвенцым (2 транспарты), 12 тысяч дзяцей былі высланы ў лагер у Тэрэзіне (Чэхія), дзе ўтрымліваліся 6 тыдняў, пакуль ішлі перамовы аб абмене яўрэйскіх дзяцей на немцаў, паланёных англічанамі. Пасля правалу перамоваў 5 кастрычніка 1943 года 1196 дзяцей і 53 суправаджаючых перавезены ў Асвенцым, дзе праз 2 дні знішчаныя ў газавай камеры.

Тыя габрэі, што засталіся ў Беластоку, у колькасці 1—2 тысячы чалавек былі пераселены ў «малое гета», а затым, 8 верасня 1943 года частка перакладзеная ў працоўны лагер у Панятову (Любліншчына), а астатнія ў Белжац, Асвенцым і Майданэк. Частка з пераведзеных ў Панятову загінула падчас акцыі «Ernfest» 3 лістапада 1943 года, калі немцы знішчылі каля 42 тысяч яўрэяў.

У цэлым, толькі каля двухсот яўрэяў Беластока выжылі ў лагерах, і яшчэ некалькі дзясяткаў — хаваючыся ў горадзе па-за межамі гета. Таксама выратаваліся 60 яўрэяў, якія далучыліся да партызанаў. Беласток быў вызвалены Чырвонай Арміяй у жніўні 1944 года.

Пасля вызвалення БССР Чырвонай арміяй невялікая частка яўрэйскага насельніцтва (каля 1085) вярнулася ў Беласток. У 1950—60-я гады практычна ўсе яўрэі Беластока рэпатрыяваўся ў Ізраіль ці выехалі ў ЗША, Швецыю і іншыя краіны. У пачатку 2000-х гадоў у Беластоку жыло ўсяго некалькі яўрэяў.

Зноскі