Сын вады

прыгодніцкая аповесць Янкі Маўра

Сын вады — прыгодніцкая аповесць Янкі Маўра, асноўныя падзеі якой адбываюцца на архіпелазе Вогненная Зямля. Галоўныя персанажы аповесці — індзейцы яганы (або фуіджыйцы), што жывуць у чоўнах і вядуць першабытны лад жыцця. Апроч унутраных канфліктаў, у фабулу аповесці ўплецена гісторыя выратавання маладым фуіджыйцам Мангам англійскай лэдзі, якая стала ахвярай караблекрушэння. Аповесць «Сын вады», самая паэтычная ў замежным цыкле Маўра, згодна з прызнаннем самога аўтара, была найбольш яму дарагая.

Сын вады
Сын вады
Выданне
Жанр аповесць
Аўтар Янка Маўр
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1927
Электронная версія
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

Вогнезямельцы Тайдо і Кос з жонкамі і дзецьмі (19-галовы Манг, дачка і малалетні сын у Тайдо і 14-гадовая дачка Мгу ў Коса), вядуць няхітрае жыццё прымітыўных астраўлян ХХ стагоддзя: плаваюць у чоўнах-кану з жэрдак і кары, на дне якіх раскладзены цяпельцы; харчуюцца дарамі мора; часам ажыццяўляюць вылазкі на астравы за палівам ды вялікай дзічынай — пінгвінамі, гуанака, маржамі (апошнія, дарэчы, ў паўднёвым паўшар’і не сустракаюцца — тут Маўр паўтарае геаграфічную памылку Жуля Верна). Час ад часу ў Магеланавым праліве героі аповесці бачаць гіганцкія кану белых — параходы, з якіх багатыя падарожнікі кідаюць тубыльцам усялякую экзатычную для іх ежу — хлеб, апельсіны.

Падчас палявання на маржоў адбылася сварка паміж Тайдо і Косам з аўстраўлянінам Нгара, які хацеў атрымаць упаляваны трафей — маржовую скуру. Гэтая сварка яшчэ згуляе сваю ролю. А пакуль што Кос і Тайдо знаходзяць новую стаянку, дзе ў спакойнай бухце пад вадой расце цэлы лес з водарасцей-фукусаў, багаты самай разнастайнай спажывай: крабамі, чарапашкамі, медузамі, анемонамі і іннш.. Пасядзеўшы некаторы час з бацькамі, Манг вырашыў выправіцца на ўласным кану ў падарожжа да белых людзей і з гэткім намерам паплыў на поўнач. Высадзіўшыся на невялікі востраў, юнак не заўважыў, як падступны Нгара, што вывіжоўваў яго, сцягнуў ягоны човен.

Не паспеў юнак падумаць, як зладзіць з экстрэмальнай сітуацыяй, усчалася бура, падчас якой да берага прынесла дошку з непрытомнай белай дзяўчынай. Манг выцягнуў яе з вады, адагрэў. Неўзабаве дзяўчына апрытомнела і адразу спужалася дзікуна. Але праз некаторы час зразумела, што збавіцель не збіраецца ёй сілкавацца. Наступныя тыдні пазбаўлены ўсялякіх інструментаў Манг будаваў човен і здабываў харчаванне для сваёй "Белай птушкі" (так ён ахрысціў дзяўчыну). У рэшце рэшт кану быў спушчаны на ваду і паплыў да сваіх. Калі да стаянкі заставалася ўсяго восем кіламетраў, міс Грэт (так звалі дзяўчыну) разгайдала човен і падарожнікі аказаліся на скалістай прыступцы. Тады Манг на мігі паабяцаў дзяўчыне вярнуцца, скочыў у ваду і паплыў да сваіх.

Аднак за час яго адсутнасці сем’і Тайдо і Коса выгнаў са стаянкі марскі "чорт" — жахлівы васьміног. Васьмінога спрабавалі ўлагодзіць і нават прынеслі ахвяру — андскага кондара, але гэтага "чорту" здалося мала і ён сцягнуў пад ваду малодшага брата Манга. Кану Тайдо і Коса пакінулі стаянку і яе заняў Нгара. Паміж Мангам і Нгара адбылася сутычка, падчас якой юнаку неспадзеўку дапамог гіганцкі васьміног — Нгара таксама трапіў у яго пашчу. Манг авалодаў чоўнам ворага, вярнуўся да Белай птушкі і адвёз яе да сваіх родзічаў, якіх адшукаў у пратоках архіпелага.

З’яўленне Белай птушкі выклікала ў Мангавых сваякоў боязь і рэўнасць. Яны хацелі пазбавіцца ад яе, але Манг запярэчыў, пасадзіў міс у свой човен і стаў у Магеланавым праліве ў чаканні якога-небудзь парахода. Кану белых з’явіўся на пяты дзень і падабраў міс Грэт і Манга, якому было страшна цікава — як жывуць невядомыя белыя. У знак удзячнасці англічанка ўзяла вогнезямельца ў Лондан і ўладкавала яго афіцыянтам у фанабэрысты рэстаран «Касмапаліт». Неадпаведнасць простай душы Манга капіталістычнаму атачэнню робіць яго чужаніцай у гэтым свеце. На апошняй старонцы аповесці звольнены Манг з болем узгадвае родныя — цяпер недасяжныя — пратокі, скалы, сям’ю, дзяўчыну.

  • Манг. Сын Тайдо. 19-гадовы юнак. Заручаны з Мгу. Цікаўны і адважны. Як і ягоны бацька, мае гарачы нораў. Марыць аб уласным кану. Збудаваўшы кану, стаў марыць пра далёкія землі і знаёмства з белымі людзьмі.
  • Тайдо. Бацька Манга. Мае жонку, 10-гадовую дачку і 6-гадовага сына (загінуў ў пашчы васьмінога).
  • Кос. Сябар і "сусед" Тайдо. Мае жонку і 14-гадовую дачку Мгу. Спакойны і разважлівы.
  • Нгара. Астраўлянін гадоў 25 у вопратцы з птушыных скурак. Відаць па ўсім, бессямейны. Хітры і падступны. Гіне ў пашчы васьмінога.
  • Белая Птушка. Міс Грэт. 19 гадоў. Дачка багатага англійскага капіталіста, уладальніка чылійскіх распрацовак медзі. Па буржуазных мерках, дастаткова смелая (ва ўсялякім разе, не румза). Па вяртанні на радзіму бярэцца шлюбам з афіцэрам, з якім ад’язджае ў Індыю.